Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЦВК зарэгістравала ўсе восем ініцыятыўных групаў (абноўлены)


Уладзімер Глод, Менск 27 сьнежня на пасяджэньні Цэнтральнай выбарчай камісіі былі зарэгістраваныя ўсе восем ініцыятыўных групаў патэнцыйных кандыдатаў у прэзыдэнты. Пры гэтым група Зянона Пазьняка, якая, паводле афіцыйнай інфармацыі Цэнтравыбаркаму, перадала неабходныя дакумэнты самая першая, атрымала апошні — восьмы нумар. Гэта здарылася таму, што заяўку Зянона Пазьняка, якую ЦВК назвала спрэчнай, разглядалі апошняй.

Рэгістрацыя ініцыятыўных групаў Сяргея Гайдукевіча, Аляксандра Лукашэнкі, Валерыя Фралова, Аляксандра Вайтовіча і Аляксандра Казуліна адбылася вельмі хутка, без усялякіх пытаньняў.

Першая затрымка здарылася пры разглядзе заяўкі групы Аляксандра Мілінкевіча. Прадстаўніца ЦВК Надзея Кісялёва адзначыла, што ў камісіі ёсьць зьвесткі, што ён ужо фактычна пачаў сваю перадвыбарную кампанію. Паводле спадарыні Кісялёвай, у некаторых гарадах распаўсюджваюцца матэрыялы ад імя Аляксандра Мілінкевіча, якія “ўтрымліваюць элемэнты перадвыбарчай кампаніі”. Аднак гэтыя абставіны не перашкодзілі ўсім сябрам ЦВК прагаласаваць за рэгістрацыю групы. А заўвага пакуль ніяк не адаб’ецца на стаўленьні камісіі да прэтэндэнта, сказала, адказваючы на маё пытаньне, Лідзія Ярмошына:

(Ярмошына: ) “Лічыце, што гэта прэвэнтыўны захад, які скіраваны на тое, каб група прытрымлівалася закону”.

У кіраўніка ініцыятыўнай групы экс-дэпутата Сяргея Скрабца спадара Галаганюка сябры ЦВК пыталіся, ці будзе група падчас збору подпісаў казаць выбарцам пра тое, што спадар Скрабец арыштаваны. Атрымаўшы станоўчы адказ, ЦВК аднагалосна зарэгістравала і гэтую групу. Аднак працягваць сваю выбарчую кампанію былому парлямэнтару прыйдзецца з-за кратаў, патлумачыла старшыня Цэнтравыбаркаму:

(Ярмошына: ) “Ён не атрымае ніякага імунітэту. Выбарчы кодэкс ня ўмешваецца ў крымінальныя справы. Тым ня менш, у выпадку абраньня Скрабца прэзыдэнтам могуць узьнікнуць пытаньні”.

Сур’ёзную дыскусію выклікала рэгістрацыя ініцыятыўнай групы Зянона Пазьняка. Яе кіраўнік Сяргей Папкоў казаў пра тое, што Пазьняк па-ранейшаму застаецца грамадзянінам Беларусі, кіруе афіцыйна зарэгістраванай палітычнай партыяй, што ён дагэтуль мае менскую прапіску і ніколі не казаў пра адмову ад беларускай грамадзянства.

(Папкоў: ) “За гэтыя гады ўлады не зрабілі ніводнага кроку. Справа ў тым, што да гэтага часу пракуратурай прыпынена адкрытая бяз дай прычыны крымінальная справа супраць Пазьняка за артыкулы, якія надрукаваныя ў газэтах “Свабода” і “Пагоня”.

Але некаторыя сябры ЦВК, у тым ліку старшыня камісіі Лідзія Ярмошына, казалі пра тое, што Пазьняк ужо дзевяць гадоў жыве за мяжой Беларусі і фактычна “страціў сувязь з краінай”. Тым ня менш, непасрэдна перад галасаваньнем Ярмошына ў сваёй прамове сказала, што зь яе гледзішча абодва падыходы да рэгістрацыі Пазьняка маюць права на існаваньне. Яна згадала нямецкага канцлера Бісмарка, які казаў, што ў палітыцы самае галоўнае — быць пасьлядоўным. Паводле Ярмошынай, паколькі ў 2001 годзе Канстытуцыйны суд даў тлумачэньне, што Пазьняк мае права балятавацца, дык і цяпер трэба быць пасьлядоўнымі. Як вынік, сямёра сябраў ЦВК прагаласавалі за рэгістрацыю ініцыятыўнай групы Зянона Пазьняка, чацьвёра — супраць, у тым ліку і Лідзія Ярмошына.

Дакумэнты для збору подпісаў будуць выдавацца ў ЦВК сёньня і заўтра. Збор подпісаў пачынаецца 29 сьнежня і заканчваецца 27 студзеня. Каб стаць кандыдатам у прэзыдэнты, прэтэндэнту трэба сабраць 100 тысяч подпісаў выбарцаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG