Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці ўключаць у склад тэрытарыяльных выбарчых камісіяў апазыцыянэраў?


Валер Каліноўскі, Менск Сёньня пачалося стварэньне тэрытарыяльных камісіяў дзеля правядзеньня выбараў прэзыдэнта 19 сакавіка 2006 году. На іх фармаваньне мясцовым выканкамам і прэзыдыюмам саветаў далі тры дні. Апазыцыя вылучыла сваіх прадстаўнікоў амаль ва ўсе тэрытарыяльныя камісіі, але сумняецца, што ўлады іх уключаць.

Прадстаўнік штабу адзінага кандыдата ад аб’яднанай апазыцыі Валеры Ўхналёў падкрэсьліў, што магчымасьці апазыцыйных партыяў вылучаць сваіх прадстаўнікоў у выбарчыя камісіі істотна паменшалі пасьля таго, як партыі страцілі рэгістрацыю сваіх суполак у многіх рэгіёнах. Аднак спадар Ухналёў збольшага задаволены вынікамі вылучэньня ў тэрытарыяльныя камісіі:

(Ухналёў: ) “Практычна ва ўсе камісіі, і не па адным чалавеку, пададзеныя нашыя прадстаўнікі. А якое рашэньне ўхваляць улады? Я думаю, што адмоўнае, бо рэальна камісіі ня будуць перафармоўвацца”.

У шэрагах апазыцыі існуе перакананьне, што, нягледзячы на масавае вылучэньне, іх прадстаўнікоў могуць не ўключыць у выбарчыя камісіі, як гэта ўжо было падчас папярэдніх кампаніяў. Гаворыць лідэр Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька:

(Лябедзька: ) “Гэта будзе як лякмусавая паперка — чаго чакаць ад улады, ці будуць уключаныя прадстаўнікі апазыцыі ў камісіі, ці не. Што будзе цяпер, тое будзе і ва ўчастковых камісіях”.

БСДП “Грамада”, паводле кіраўніка выбарчага штабу Аляксандра Казуліна Мечыслава Грыба, вылучыла каля пяцідзесяці сваіх прадстаўнікоў у тэрытарыяльныя выбарчыя камісіі.

(Грыб: ) “Гэта я б адносіў да палітычнага піяру — што мы падалі ў адпаведнасьці з законам, а нам адмовілі. А так, што нікога ня ўключаць, а можа, уключаць каго-небудзь аднаго ці двух — гэта зразумела, але гэта вялікага значэньня ня мае”.

Паводле сакратара ЦВК Мікалая Лазавіка, перавагу пры фармаваньні камісіяў будуць аддаваць асобам, якія маюць адпаведны досьвед. Актывіст АГП Аляксандар Пагуляеў вылучаны прэтэндэнтам у склад Гарадзенскай абласной выбарчай камісіі, ён лічыць сябе дастаткова дасьведчаным у выбарчых справах:

(Пагуляеў: ) “Я ўдзельнічаў у выбарах і ў якасьці кандыдата ў дэпутаты, і ў якасьці назіральніка, я дастаткова добра ведаю Выбарчы кодэкс і лічу сябе кампэтэнтным для такой працы”.

Спадар Пагуляеў зазначыў, што калі выканкам і прэзыдыюм аблсавету адмовяць уключыць яго ў склад выбарчай камісіі, то ён абскардзіць гэтае рашэньне ў судзе.

Апошні дзень фармаваньня тэрытарыяльных выбарчых камісіяў — 28 сьнежня. Усяго будзе створана каля 160 абласных, раённых і гарадзкіх камісіяў. Сьпісы сваіх кандыдатаў у камісіі падалі БНФ, ПКБ, АГП, “Грамада”, ЛДПБ, іншыя партыі і арганізацыі. Вылучэньне таксама адбывалася шляхам збору подпісаў і ад працоўных калектываў. Заўтра адбудзецца рэгістрацыя Цэнтравыбаркамам ініцыятыўных групаў прэтэндэнтаў на ўдзел у прэзыдэнцкіх выбарах.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG