Лінкі ўнівэрсальнага доступу

З апошнім казаньнем выступіў айцец Робэрт Крывіцкі


Міхал Стэльмак, Барысаў У Барысаве ў нядзелю на Каляды з апошнім казаньнем выступіў у мясцовым касьцёле пробашч каталіцкай парафіі Зыходжаньня Сьвятога Духу айцец Робэрт Крывіцкі. Каталіцкаму сьвятару, які зьяўляецца грамадзянінам Польшчы, адмоўлена ў падаўжэннi беларускай вiзы на 2006 год.

Сёлетняе каляднае казаньне у барысаўскім касьцёле было разьвітальным для айца Робэрта. Да канца сьнежня ён мусіць зьехаць зь Беларусі. Паводле сьвятара, зь Беларусьсю і Барысавам у прыватнасьці, ён разьвітваецца не бяз суму, бо пражыў тут больш як дзесяць гадоў.

(Айцец Робэрт: ) “Я цяпер адчуваю сябе выгнаньнікам. Нядаўна чытаў дзёньнікі Салжаніцына і таму ведаю, што такое, калі чалавека выганяюць адтуль, дзе, можна сказаць, яго радзіма. І дзе ён адчувае сябе добра. Дзе можа разьвівацца, дзе можа думаць. Я пакутую, як любы беларус”.

Айцу Робэрту афіцыйна так ніхто і не патлумачыў, чаму беларускія ўлады не жадаюць яго прысутнасьці ў краіне. Паводле неафіцыйнай вэрсіі, ініцыяваў яго выгнаньне Барысаўскі гарвыканкам. Як мяркуе мясцовая грамадзкасьць – за шчырыя казаньні і актыўныя кантакты зь вернікамі і тутэйшай дэмакратычнай моладзьдзю. Спроба Радыё Свабода спраўдзіць гэтую вэрсію ў кіраўніка ідэалягічнага аддзелу гарвыканкаму Людмілы Гарнак ня мела посьпеху:

(Гарнак: ) “Я не валодаю гэтым пытаньнем”.

Не далі тлумачэньняў і ў камітэце ў справах рэлігіі і нацыянальнасьцяў. У Барысаве вестка пра адмову айцу Робэрту ў падаўжэньні візы выклікала шырокі розгалас. Меркаваньне парафіяніна барысаўскай парафіі Антона Лясьнеўскага:

(Лясьнеўскі: ) “Маю вялікае шкадаваньне, таму што ў Барысаве гэта, можна сказаць, самы актыўны чалавек. У яго вельмі вялікі аўтарытэт сярод насельніцтва: і моладзі, і прадпрымальнікаў, і журналістаў. Усе падпісваюцца”.

Прадпрымальнік Антон Лясьнеўскі разам з праваабаронцам Марынай Статкевіч і моладзевым актывістам Зьмітром Бародкам выступілі зь ініцыятывай збору подпісу ў падтрымку айца Робэрта. “Мы абураныя тым фактам, што пад надуманай падставай беларускіх грамадзянаў пазбаўляюць магчымасьці ажыцьцяўляць сваё права на свабоду рэлігійных перакананьняў”, – гаворыцца ў падпісных лістах, якія мяркуецца перадаць ва ўладныя структуры. Барысаўскія падпісанты патрабуюць перагледзіць рашэньне і дазволіць сьвятару з Польшчы працягваць сваю місію ў Барысаве.

У 2005 годзе ў Беларусі неаднаразова меў месца ціск на рэлігійныя структуры. Найперш перасьлед тычыўся пратэстанцкіх суполак. У прыватнасьці, былі зьліквідаваныя Беларуская эвангельская царква, грамада кальвіністаў, забраны зямельны надзел у пратэстанцкай грамады “Новае жыцьцё”. У 2000 годзе шырокі розгалас набыла справа з дэпартацыяй берасьцейскага ксяндза Зьбігнева Кароляка. Тады пратэсты вернікаў на справу не паўплывалі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG