Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прымаючы прысягу, прэзыдэнт Польшчы закрануў і тэму Беларусі


Аляксей Дзікавіцкі, Варшава Ад сёньняшняга дня Польшча мае новага прэзыдэнта – прысягу прынёс Лех Качыньскі, які зьмяніў Александра Квасьнеўскага, які быў прэзыдэнтам два тэрміны запар – ад 1995 году. У першай прамове ў якасьці кіраўніка дзяржавы, Лех Качыньскі закрануў тэму Беларусі.

У часе сумеснага ўрачыстага паседжаньня Сэйму і Сэнату, у прысутнасьці былога і адыходзячага прэзыдэнтаў Польшчы – Леха Валэнсы і Аляксандра Квасьнеўскага, Лех Качыньскі прынёс прысягу на вернасьць польскай Канстытуцыі і свайму народу.

Пасьля гэтага новы прэзыдэнт зьвярнуўся з трыбуны Сэйму зь першай прамовай да народу, у часе якой, сярод іншага, сказаў, што выступае за тое, каб захоўваць нацыянальныя традыцыі, якія, паводле словаў прэзыдэнта, зусім не перашкаджаюць краіне быць сучаснай.

(Качынські: ) “Найбольш пасьпяхова ў Эўропе разьвіваліся тыя краіны, якія змаглі спалучыць мадэрнізацыю з добрымі традыцыямі”.

Прэзыдэнт сказаў, што зробіць усё магчымае, каб усе палякі мелі роўныя шанцы ў сваёй краіне, а Польшча мела моцную пазыцыю ў Эўрапейскім Зьвязе і сьвеце. Лех Качыньскі падкрэсьліў, што будзе змагацца з паталягічнымі зьявамі ў жыцьці краіны. Новы прэзыдэнт Польшчы заявіў таксама, што палякі павінны канчаткова даведацца ўсю праўду пра часы камуністычнага панаваньня ў краіне.

Прэзыдэнт зьвярнуўся да суайчыньнікаў з заклікам дапамагчы яму і разам зьмяніць Польшчу ў лепшы бок.

(Качыньскі: ) “Мы мусім зьмяніць Польшчу, але бяз вас я не змагу гэтага зрабіць. А перамены неабходныя!”

Гаворачы пра асноўныя накірункі зьнешняй палітыкі Польшчы – а менавіта ў гэтым абшары паводле канстытуцыі польскі прэзыдэнт мае найбольш магчымасьцяў – Лех Качыньскі падкрэсьліў:

(Качыньскі: ) “Вялікае значэньне будзе мець абарона правоў грамадзянаў Беларусі, асабліва правоў прадстаўнікоў польскай меншасьці”.

Нагадаем, Лех Качыньскі, які ў 1980-я гады быў адным з найбліжэйшых паплечнікаў Леха Валэнсы ў стварэньні “Салідарнасьці”, а потым міністрам юстыцыі і мэрам Варшавы, у часе восеньскіх прэзыдэнцкіх выбараў у другім туры перамог лібэрала Дональда Туска.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG