Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка загадаў узмацніць спэцслужбы, павялічыў фінансаваньне КДБ


Алег Грузьдзіловіч, Менск Аляксандр Лукашэнка загадаў яшчэ больш узмацніць сыстэму органаў дзяржаўнай бясьпекі, укамплектаваўшы яе “сапраўднымі чэкістамі” і падвысіўшы фінансаваньне КДБ.

Цягам пяці гадоў будзе створаная “сапраўдная сыстэма органаў дзяржаўнай бясьпекі”, у цэнтры якой мусіць быць КДБ пад кіраўніцтвам “сапраўдных чэкістаў”. Такую задачу паставіў 22 сьнежня Аляксандр Лукашэнка, калі камэнтаваў новыя прызначэньні ў КДБ.

(Лукашэнка: ) “Я не баюся гэта сказаць напярэдадні прэзыдэнцкіх выбараў, і людзі мусяць ведаць, што мы створым моцную спэцслужбу, каб абараняць інтарэсы дзяржавы і нашага народу”.

Навошта спатрэбілася яшчэ больш умацоўваць сыстэму спэцслужбаў краіны і ў якім напрамку будзе умацоўвацца КДБ паводле загаду кіраўніка Беларусі?

Былы контарвыведнік Сяргей Аніська згодны з Аляксандрам Лукашэнкам ў тым, што сыстэму органаў дзяржаўнай бясьпекі трэба умацоўваць, у тым ліку праз падбор лепшых прафэсійных кадраў. Пры гэтым ён заўважае, што размовы аб неабходнасьці умацаваньняў вядуцца даўно, але чарговы паўтор гэтых размоў Сяргей Аніська ўспрымае як невыкананьне ранейшых заданьняў. Магчыма, Лукашэнка стаіць перад неабходнасьцю падвысіць скаардынаванасьць працы спэцслужбаў, мяркуе Сяргей Аніська.

(Аніська: ) “Што ёсьць ахілесавай пятой усіх сілавых структураў? Адсутнасьць узаемадзеяньня. Гэта было і, наколькі мне вядома, ёсьць. Таксама існуе канкурэнцыя паміж КДБ, міліцыяй, службай аховы прэзыдэнта. А калі ўсе цягнуць у розныя бакі, то вынік вядомы”.

Тое, што Аляксандр Лукашэнка заклікаў супрацоўнікаў КДБ браць прыклад з чэкістаў і асабіста з заснавальніка ЧК Фелікса Дзяржынскага, на думку Сяргея Аніські, не азначае, што сапраўды аднаўляецца рэпрэсіўны стыль дзеяньняў спэцслужбаў.

Паводле былога контарвыведніка Сяргея Аніські, беларускія чэкісты цяперашніх часоў ня будуць выкарыстоўваць зброю супраць свайго народу. Сяргей Аніська цалкам згодны, што трэба прыстойна плаціць супрацоўнікам спэцслужбаў, бо “галодны опэр думае не пра працу, а пра тое, як пракарміць сям’ю”.

Падпалкоўнік КДБ у адстаўцы Валер Костка мяркуе, што для грамадзтва больш істотны не памер бюджэту КДБ, а тыя функцыі, які перададзеныя спэцслужбам.

Валер Костка за тое, каб у КДБ не было функцыі палітычнага вышуку, бо гэта непазьбежна спакушае дзейную ўладу выкарыстаць спэцслужбу для барацьбы з апазыцыяй. Чарговыя размовы пра умацаваньне КДБ Валер Костка наўпрост зьвязвае з будучай прэзыдэнцкай кампаніяй.

(Костка: ) “Усё, што робіцца зараз у краіне, робіцца дзеля аднаго – 19 сакавіка. Тут ня трэба быць і адмыслоўцам, каб убачыць, што такія размовы пра ўзмацненьне – звычайны элемэнт дэманстрацыі. Каб людзі думалі, што вось зноў надыходзяць часы НКВД, ЧК, “троек” – і палохаліся”.

Дэпутат беларускага парлямэнту Вольга Абрамава не ўхваляе тое, што прыкладамі для супрацоўніка спэцслужбы зноў абіраюць Дзяржынскага ды ягоных чэкістаў. На думку Волькі Абрамавай, сучасныя спэцслужбы мусяць арыентавацца на іншыя каштоўнасьці.

(Абрамава: ) “Мушу сказаць, што тут я разам з народам. Мне таксама не падабаецца гэты вобраз. Лічу, што спэцслужбы мусяць адпавядаць патрабаваньням сучаснай, высокаарганізаванай дзяржавы. Вяртаньне да такіх вытокаў, такія аналёгіі мне ня вельмі імпануюць”.

Пры гэтым Вольга Абрамава падзяляе меркаваньне, што дзяржава мусіць быць моцнай, а яе спэцслужбы “бездакорнымі ва ўсіх адносінах”.

***

Паводле бюджэту на 2006, год на праваахоўныя структуры і спэцслужбы выдаткавана 760 мільярдаў рублёў, альбо болей за 350 мільёнаў даляраў. Аднак у бюджэце не раскрываецца, колькі грошай пойдзе на міліцыю, а колькі на КДБ ці службу бясьпекі прэзыдэнта. У беларускага парлямэнта, які зацьвярджаў гэты бюджэт, няма і мэханізмаў кантролю за выкарыстаньнем гэтых грошай.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG