Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сакратар ЦВК лічыць, што Віктар Шэйман мусіць пайсьці ў адпачынак


Алесь Дашчынскі, Менск У першай палове дня ў Цэнтарвыбаркам не паступіла ніводнай заявы на рэгістрацыю ініцыятыўнай групы па вылучэньні кандыдата ў прэзыдэнты. Тым часам камісія вывучала дакумэнты, якія паступілі ад трох першых прэтэндэнтаў – Зянона Пазьняка, Сяргея Гайдукевіча і Аляксандра Лукашэнкі. У Цэнтральнай камісіі ёсьць сумневы што да рэгістрацыі ініцыятыўнай групы Зянона Пазьняка.

Чаму, адрозна ад мінулых выбарчых кампаніяў, цяпер так мала ахвотных пазмагацца за прэзыдэнцкую пасаду?

Сакратар Цэнтральнай камісіі Мікалай Лазавік тлумачыць гэта тым, што пра свае прэтэнзіі заяўляюць даволі вядомыя ў краіне людзі, якія маюць падтрымку.

(Лазавік: ) “Тое, што было на мінулых выбарах, калі свае прэтэнзіі на пасаду прэзыдэнта заяўлялі ня вельмі нават сур’ёзныя людзі, якія сьпіс сваёй ініцыятыўнай групы фармавалі на аснове сьпісу чытачоў бібліятэкі ці сьпісу наведвальнікаў паліклінікі, я думаю, на гэтых выбарах такога ня будзе. У гэтую кампанію ўключаюцца ўжо больш сур’ёзныя людзі”.

Пакуль у Цэнтральнай камісіі застаюцца толькі сумневы адносна рэгістрацыі ініцыятыўнай групы Зянона Пазьняка. Сёньня спадар Лазавік запрасіў для тлумачэньняў кіраўніка ініцыятыўнай групы Сяргея Папкова.

Затое ніякіх сумневаў і прэтэнзій няма адносна рэгістрацыі Аляксандра Лукашэнкі. Але іначай ставіцца да гэтага пытаньня былы судзьдзя Канстытуцыйнага суду Міхаіл Пастухоў.

(Пастухоў: ) “Сумненьні ёсьць, паколькі паўстае пытаньне: ці мог праводзіцца рэфэрэндум у такім пытаньні як падаўжэньне тэрміну паўнамоцтваў прэзыдэнта. Другое, наколькі сапраўднымі зьяўляюцца вынікі галасаваньня. Я лічу, што, паводле эўрапейскага заканадаўства і практыкі, кіраўнік краіны ня мае права балятавацца больш чым на два тэрміны. І рэфэрэндум у такім пытаньні праводзіць нельга. Таму тут усё залежыць, канечне, ад выбарчай камісіі. Ну, вядома, якое яна можа прыняць рашэньне…”

Паводле спадара Пастухова, у выпадку рэгістрацыі Аляксандра Лукашэнкі ўзьнікаюць новыя пытаньні: ці можа кіраўнік дзяржавы балятавацца і адначасова быць кіраўніком дзяржавы?

Гэта ж тычыцца і кіраўніка ініцыятыўнай групы Віктара Шэймана, які ўзначальвае прэзыдэнцкую адміністрацыю. Міхаіл Пастухоў цьвердзіць: калі яны застануцца на сваіх пасадах, складаюцца заведама няроўныя ўмовы і падключаецца адміністратыўны рэсурс.

Іначай падыходзіць да гэтага пытаньня Мікалай Лазавік:

(Лазавік: ) “Калі будзе зарэгістравана ініцыятыўная група, кіраўнік ініцыятыўнай групы павінен пайсьці ў адпачынак. Альбо займацца ўсёй гэтай працай у непрацоўны час. А дзейны прэзыдэнт, на тое ён і дзейны прэзыдэнт, што ён проста абавязаны заставацца на сваёй пасадзе”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG