Лінкі ўнівэрсальнага доступу

23 сьнежня 1786 году на Смаленшчыне нарадзіўся Вінцэнт Равінскі


Радыё Свабода У Японіі сёньня адзначаюць Дзень нараджэньня імпэратара. А ў ЗША, як зрэшты і па ўсім сьвеце, памятную дату сьвяткуюць мармоны. 23 сьнежня 1805 году нарадзіўся Джозэф Сьміт -- амэрыканскі прарок, які заснаваў рэлігійную сэкту мармонаў -- сьвятых апошняга дня. З часам мармонства стала цэлай філязофіяй і пашырылася па ўсім сьвеце. Сталіца мармонаў -- горад Солт-Лэйк Сіты на захадзе ЗША, на беразе Вялікага Салёнага Возера.

23 снежня 1937 году старшыня Менскага гарвыканкаму Ванееў падпісавае новыя «Правілы карыстаньня трамваем». Гэта быў самы страшны год сталінскага генацыду – ішлі татальныя арышны “ворагаў народу”. І гэта наклала свой адбітак на новыя правілы. У прыватнасьці, забараняўся праезд асобаў зь вінтоўкамі, а таксама – канвою з арыштаванымі. Выходзіць, што да новых правілаў “ворагаў народу” вазілі па Менску ня толькі ў “варанках”, але і ў звычайным трамваі.

23 сьнежня 1786 году на Смаленшчыне нарадзіўся Вінцэнт Равінскі, аўтар паэмы «Энеіда навыварат», якая амаль стагодзьдзе лічылася ананімнай. Разгадаў загадку аўтарства літаратуразнаўца Генадзь Кісялёў.

23 сьнежня 1831 году спынілася сэрца Эміліі Плятэр, беларускай паэткі і фальклярысткі, удзельніцы паўстаньня 1831 году. У часе паўстаньня Эмілія стала камандзірам вайсковага аддзелу і памерла ад ранаў, атрыманых падчас бою.

Цяпер – каляндар заўтрашняе суботы.

Сёньня ў Беларусі пачынаюцца Каляды. Іх сьвяткуюць усе вернікі-хрысьціяне, апроч праваслаўных, што належаць да Расейскае Праваслаўнае Царквы.

24 сьнежня ў розныя гады прыйшлі на сьвет Ігнат Лаёла, гішпанскі шляхціц, заснавальнік ордэна езуітаў; Зарыян Даленга-Хадакоўскі – дасьледнік беларускай гісторыі і мовы; вялікі паэт Адам Міцкевіч, аўтар славутай паэмы “Пан Тадэвуш“; а таксама Алесь Дудар, які стане адным з найбольш таленавітых паэтаў свайго пакаленьня і за свае вершы будзе ў 1937 годзе расстраляны.

24 сьнежня 1942 году гітлераўцы закатавалі Вінцэнта Гадлеўскага, беларускага палітыка і сьвятара. Ксёндз Гадлеўскі быў першы, хто ў сваіх казанях перайшоў на беларускую мову, уваходзіў у Раду Беларускай Народнай Рэспублікі, стварыў Беларускую хрысьціянскую дэмакратыю і быў рэдактарам газэты “Крыніца”, пераклаў Новы Запавет.
XS
SM
MD
LG