Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Былы міністар культуры РФ – супраць вяртаньня гістарычна-культурных каштоўнасьцяў у Беларусь


Ігар Карней, Менск Сёньня ў Менску былы міністар культуры Расеі, цяпер кіраўнік Фэдэральнага агенцтва культуры і кінэматаграфіі Міхаіл Швыдкой афіцыйна абвясьціў пра закрыцьцё Году культуры Расейскай Фэдэрацыі ў Рэспубліцы Беларусі. Наш карэспандэнт у гэтым зьвязку пацікавіўся: а ці вырашаюцца паміж зацікаўленымі ведамствамі дзьвюх краінаў пытаньні рэстытуцыі, альбо вяртаньня ў Беларусь гістарычна-культурнай спадчыны? Паводле экспэртаў, у Беларусі цяпер захоўваецца толькі каля 1,5% ад створаных беларускімі майстрамі шэдэўраў, тады як асноўная частка вывезена менавіта ў Расею.

Паводле гісторыка Вадзіма Гліньніка, у Беларусі знаходзіцца толькі сотая частка гістарычных каштоўнасьцяў, створаных цягам стагодзьдзяў многімі пакаленьнямі беларусаў. Астатнія бясцэнныя рэліквіі вывезены часам захопніцкіх войнаў ды акупацыі за межы краіны, перадусім — у Расею.

(Гліньнік: ) “Гэта такая агромністая колькасьць, што цэлыя кнігі напісаныя зь пералікам. Але расейскае заканадаўства папросту забараняе вяртаньне; для Расеі гэта ў прынцыпе не дыскусійнае пытаньне... Рэч у тым, што ў Беларусі сёньня захоўваецца 1—1,5% культурных каштоўнасьцяў, створаных беларускім народам. І для нас гэта вялікая праблема, паколькі адсутныя гістарычныя рэчы перасталі быць у жыцьці беларусаў фактарам культурна-творчым. Было б надзвычай важна зноў увесьці гэтыя рэчы ў культурны ўжытак: у сыстэму адукацыі, у дасьледаваньні, у музэйныя экспазыцыі”.

Кіраўнік Фэдэральнага агенцтва культуры і кінэматаграфіі Міхаіл Швыдкой, які наведаў Менск для ўдзелу ва ўрачыстасьцях з нагоды закрыцьця Году культуры Расейскай Фэдэрацыі ў Беларусі, праблему вяртаньня гістарычных каштоўнасьцяў ахарактарызаваў такім чынам:

(Швыдкой: ) “Пазыцыя Расеі? Гаварыць пра поўнае вяртаньне не выпадае, бо гэта пытаньні заканадаўчага кшталту. А вось казаць пра экспанаваньне, пра абмен для экспазыцыі такога кшталту каштоўнасьцямі, з майго гледзішча, абсалютна нармалёва. І ў практыцы нашых дачыненьняў гэта ўжо было рэалізавана. Мяркую, тут неабходны канкрэтны падыход, ня можа быць якогасьці агульнага рашэньня. Таму што, як я ўжо казаў, існуюць законы Расейскай Фэдэрацыі.

Апроч таго, ёсьць белавескія пагадненьні: паводле іх, усё, што знаходзілася на тэрыторыях нашых краінаў, было вызначанае як статус-кво і не прадбачылася ніякіх зьменаў. На пачатку 1990-х пытаньні зьмены заканадаўства, нейкія заканадаўчыя крокі ў рамках СНД рабіліся, але не знайшлі разуменьня ні ў заканадаўцаў нашых краінаў, ні ў музэйных работнікаў. Таму ўвогуле мая пазыцыя такая — музэйныя калекцыі павінны захоўваць статус-кво. Таму што, калі мы цяпер пачнем вось гэты падзел музэйных калекцыяў, гэта да дабра нікога не давядзе”.

Гісторык Аляксей Хадыка ўжо не адзін год займаецца пытаньнямі рэстытуцыі беларускіх каштоўнасьцяў. Ён перакананы: у Расеі знаходзіцца і, бадай, самая каштоўная беларуская рэліквія — Крыж Эўфрасіньні Полацкай.

(Хадыка: ) “Трэба казаць пра вяртаньне канкрэтных рэчаў. У Маскве ляжыць Крыж Эўфрасьніні Полацкай. Гэта абсалютна дакладна, бо з Магілёва яго вывезьлі ў Маскву ў ліпені 1941-га. Ён ня зьнік. Калі толькі прадалі за якія трактары ў Амэрыку? Усе найлепшыя скарбы манэтаў — срэбра, золата — за савецкім часам, як іх толькі даставалі, адразу везьлі ў “Госхран”. Гэта відавочныя скарбы нашай зямлі. Чаму яны ляжаць у Маскве? Цяпер яны ёсьць скарбонкай, якая падтрымлівае расейскую валюту. Што да твораў мастацтва, то гэта і Радзівілаўскія калекцыі зь Нясьвіжу, і Храптовіцкія мастацкія калекцыі са Шчорсаў, якія ў Пушкінскім музэі ляжаць. Матэрыялы Полацкага ўнівэрсытэту ў Санкт-Пецярбурзе ў Эрмітажы — у прыватнасьці, бібліятэка на 20 тысяч тамоў. У Эрмітажы ўвогуле вялізная колькасьць заходнеэўрапейскіх твораў з нашых дваранскіх калекцыяў, сканфіскаваных у 1831, 1863 гадох, вывезеных адразу пасьля акупацыі”.

Прысутны на імпрэзе першы намесьнік міністра культуры Ўладзімер Рылатка ў адказ на словы спадара Хадыкі заявіў: каб Крыж Эўфрасіньні Полацкай знаходзіўся ў якімсьці расейскім музэі, пра гэта даўно ўжо было б вядома.

***

Падчас закрыцьця Дзён Расеі ў Беларусі шмат хто зьвярнуў увагу на тое, што на мерапрыемствах побач з расейскімі гасьцямі не было міністра культуры Леаніда Гулякі. Між тым, у кулюарах яшчэ раней хадзілі чуткі, што лёс Гулякі практычна вырашаны і ягонае месца зойме цяперашні кіраўнік Нацыянальнай тэлерадыёкампаніі Уладзімер Матвяйчук. Літаральна перад эфірам стала вядома, што Аляксандар Лукашэнка сваім указам вызваліў Леаніда Гуляку ад пасады міністра культуры ў зьвязку “зь пераводам на іншую працу”. (Падрабязнасьці)
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG