Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Генадзь Бураўкін: “Чыноўнікам нарэшце пакажуць іхнае сапраўднае месца”


Галіна Абакунчык, Менск Якія падзеі 2005 году сталіся найбольш значнымі ў жыцьці краіны? Што было добрага і кепскага? Якія пэрспэктывы чакаюць Беларусь у найбліжэйшай будучыні? На гэтыя пытаньні Радыё Свабода адказвае паэт, палітык і грамадзкі дзеяч Генадзь Бураўкін.

(Бураўкін: ) “Сярод падзеяў, якія не маглі не запомніцца сваім станоўчым значэньнем, то гэта, бясспрэчна, 60-годзьдзе перамогі над фашызмам у другой усясьветнай вайне. Таксама прыемная і значная падзея — тое, што нашыя дэмакратычныя сілы нарэшце аб’ядналіся на аснове бачаньня будучыні Беларусі як вольнай, дэмакратычнай краіны. Для мяне таксама была яшчэ адна вельмі значная падзея — выхад кнігі Рыгора Барадуліна “Ксты” і пачатак працы па яе вылучэньні на Нобэлеўскую прэмію ў галіне літаратуры. Я думаю, што гэта таксама вельмі важная падзея ў жыцьці Беларусі: тое, што не пасьпеў пры жыцьці атрымаць наш геніяльны Васіль Быкаў, дай Бог, каб пасьпеў атрымаць Рыгор Барадулін”.

(Карэспандэнтка: ) “Што, на вашую думку, адбылося сёлета адмоўнага?”

(Бураўкін: ) “Для мяне вельмі трывожна і, можа, нават страшна — як для чалавека, які перажыў вайну, які ведае, што такое рэальны фашызм — гэта вяртаньне сталінізму. Вельмі нахабнае: і адбудаваньне нейкай мітычнай “лініі Сталіна”, і зноў зьяўляюцца барэльефы Сталіна, і што цяпер па тэлебачаньні паказваюць фільм “Гэнэралісімус”. А сталінізм, бальшавізм у сваіх найгоршых праявах — гэта для мяне зьвязваецца з тым, што прыносіў на нашую зямлю і фашызм. Праявай вяртаньня да нейкіх ня лепшых традыцыяў у нашай гісторыі ёсьць таксама прыняцьцё паправак у Крымінальны кодэкс — гэта ж так блізка нагадвае славуты 58-мы артыкул у 1937—1938 гадах! І тое, што практычна перакрыты кісларод нямногім незалежным выданьням, і тое, што мы ўступаем у 2006 год — год прэзыдэнцкіх выбараў, якія вельмі многа будуць вызначаць у нашай далейшай гісторыі, што мы ўступаем з такімі падзеямі і зьявамі, гэта мяне вельмі і вельмі трывожыць”.

(Карэспандэнтка: ) “Якія спадзяваньні вы маеце на будучыню?”

(Бураўкін: ) “Спадзяваньні такія, што людзі ўсё ж такі задумаюцца і зразумеюць, што жыць у сьвеце трэба вольнымі. Што чыноўнікам, якія вельмі нахабна бяруць на сябе права гаварыць ад імя народу і вырашаць лёс народу, нарэшце ім пакажуць іхнае сапраўднае месца. І тады я буду радавацца, ідучы па роднай беларускай зямлі, усюды чуючы родную беларускую мову, і тады можна будзе з гонарам усюды казаць — я беларус, і ніхто ня будзе пытацца: а што ж там у вас такое робіцца?”
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG