Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Стан Мікалая Аўтуховіча па-ранейшаму цяжкі


Сяргей Астраўцоў, Горадня Сёньня прадпрымальніку Мікалаю Аўтуховічу, які знаходзіцца ў Менску ў рэспубліканскім турэмным шпіталі, ваўкавыскія сябры перадалі ваду і мёд. Паводле аднаго зь іх — Уладзіміра Асіпенкі, ім сказалі, што стан арыштаванага прадпрымальніка застаецца цяжкім.

Гарбатай зь мёдам Мікалай Аўтуховіч спрабуе крыху падтрымаць свой стан. Аднак паводле праваслаўнага сьвятара айца Сергія, які паспавядаў яго ўчора, прадпрымальнік вельмі значна схуднеў і выглядае кепска. У Мікалая Аўтуховіча істотна пагоршыўся зрок, ён папрасіў каб яму перадалі “Эвангельле”, але надрукаванае вялікімі літарамі.

Нагадаем, прадпрымальніка абвінавачваюць у няўплаце падаткаў у асабліва буйным памеры, аднак ён лічыць сябе невінаватым, спасылаючыся на тое, што працаваў адкрыта. Ён пратэстуе супраць свайго арышту і крымінальнай справы, гаворыць, што не жадае апынуцца ў турме настала. А тым часам яму пагражае зьняволеньне ад трох да сямі гадоў.

Пасьля заканчэньня сьледзтва Мікалай Аўтуховіч прасіў выпусьціць яго са сьледчага ізалятара з падпіскай аб нявыезьдзе, каб ён мог падлячыцца пасьля працяглай галадоўкі і падрыхтавацца да суду. Аднак замест гэтага яму працягнулі тэрмін знаходжаньня пад вартай да 14 студзеня. Ён прызнаўся сьвятару, што можа не дажыць нават да свайго дня нараджэньня. 7 студзеня Мікалаю Аўтуховічу споўняцца 43 гады.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG