Лінкі ўнівэрсальнага доступу

А. Мілінкевіч. Палітык, які кінуў выклік Лукашэнку


Валер Каліноўскі, Менск 58-гадовы фізык і грамадзкі дзеяч Аляксандар Мілінкевіч вылучаны ў кастрычніку Кангрэсам дэмакратычных сілаў як адзіны кандыдат на прэзыдэнцкія выбары, што прызначаныя на 19 сакавіка 2006 году.

Ён імкнецца разварушыць беларускае грамадзтва, паказаць наступствы, да якіх можа прывесьці аўтарытарная і ізаляцыянісцкая палітыка. Аляксандар Мілінкевіч кажа, што разумее небясьпеку, якая можа чакаць яго ў процістаяньні з адміністрацыйнай машынай, але ідзе змагацца “не за ўладу, а за Беларусь”.

Аляксандар Мілінкевіч цяпер актыўна езьдзіць па беларускіх гарадах, сустракаецца з прадпрымальнікамі, моладзьдзю, апазыцыйным актывам. У першую чаргу ён наведвае рынкі й гандлёвыя цэнтры, дзе працуюць дробныя бізнэсоўцы.

(Мілінкевіч: ) “Мне падаецца, што дзяржава вельмі дакладную задачу паставіла, яно хоча вас зьнішчыць як клясу. Як клясу прадпрымальнікаў, тых, хто гандлюе, хто хоча свае сямейныя праблемы вырашыць і людзям дапамагчы”.

(Прадпрымальніца: ) “Мы ж столькі працы даем людзям. Гэта трэба ўлічваць...”

(Мілінкевіч: ) “Так, умовы працы у вас усё цяжэйшыя…”

(Іншая прадпрымальніца: ) “Што, нам ісьці на біржу беспрацоўных?”

(Мілінкевіч: ) “Не, на біржу ня трэба, мне падаецца, што ёсьць выйсьце: выбары. Мы, праўда, у іх ня вельмі верым апошнім часам, але я лічу, што трэба пачынаць абавязкова з выбараў. І на выбарах трэба спрабаваць вырашыць сваё пытаньне”.

Паездкі Аляксандра Мілінкевіча па Беларусі кантралююцца мясцовымі ўладамі. Нярэдка яму даводзіцца сутыкацца зь перашкодамі. У Бабруйску ў доме, дзе ён праводзіў сустрэчы, раптоўна адключылі сьвятло і тэлефон; у Салігорску працаўніц аб’яднаньня “Калінка” жорстка папярэдзілі, каб не размаўлялі з апазыцыяй ля прахадной прадпрыемства; у Кобрыне зьнялі экспазыцыю мастацкай выставы, якую хацеў наведаць кандыдат ад аб’яднанай апазыцыі. У Берасьці міліцыя некалькі разоў затрымлівала для праверкі машыны Мілінкевіча. Але спадар Мілінкевіч не выключае, што будуць і больш жорсткія крокі з боку ўлады.

Людзі, якія спрабавалі раней кінуць выклік Аляксандру Лукашэнку, альбо таямніча зьніклі, як экс-міністар унутраных справаў Юры Захаранка і былы віцэ-прэм’ер Віктар Ганчар, альбо трапілі ў турму, як былы міністар замежнаэканамічнай дзейнасьці Міхаіл Марыніч. Спадар Мілінкевіч кажа, што ён усьведамляе і адказнасьць, і небясьпеку свайго новага становішча лідэра апазыцыі ў перадвыбарчай кампаніі. Ахоўнікаў ён мае, але езьдзіць зь імі толькі ў сваіх паездках па рэгіёнах, дзе ёсьць рызыка інцыдэнтаў:

(Мілінкевіч: ) “Але шчыра скажу, што калі хочуць забіць, ніякая ахова не дапаможа, нават сто чалавек выстаў. Таму гэта, можа быць, палітычнае рашэньне… Я неяк ня думаю, што будзе са мною пасьля выбараў у выпадку, калі мы прайграем. Я ведаю толькі, што калі мы прайграем, то мы прайграем Беларусь, а не Мілінкевіча, і нас будзе чакаць лёс поўнай кубанізацыі. Для мяне, я шчыра кажу, гэта як апошні бой не за ўладу, а за Беларусь”.

Аляксандар Мілінкевіч разумее, што ў беларускай улады ёсьць сродкі для самазахаваньня, і яна апошнім часам актыўна імі карыстаецца: закрывае газэты, арыштоўвае і звальняе апазыцыйных актывістаў з працы, адлічвае з навучальных установаў. Тым ня менш, спадар Мілінкевіч перакананы, што калі б адкрыць інфармацыйныя шлюзы і правесьці сумленныя выбары, то ў Лукашэнкі не было б шанцаў іх выйграць. Нягледзячы на пэўную апатыю грамадзтва, шчыльны кантроль за людзьмі з боку дзейных ўладаў і яўна няроўныя ўмовы ў супрацьстаяньні, спадар Мілінкевіч настойвае, што Беларусь мае шанец перажыць украінскі досьвед мірнай Аранжавай рэвалюцыі:

(Мілінкевіч: ) “Калі ўлада зноў сфальшуе выбары, як яна рабіла многія гады, нам нічога не застанецца, як разам зь людзьмі выйсьці на вуліцы і абараняць сваю годнасьць, сваю будучыню. Як правіла, дыктатарскія рэжымы не аддаюць уладу добраахвотна. Але мы не хацелі б выхаду на вуліцы, мы ня хочам ніякіх сутыкненьняў. Мы хочам толькі аднаго — сумленных роўных выбараў паводле Канстытуцыі”.

Скептыкі часта гавораць, што Аляксандар Мілінкевіч — чалавек занадта новы ў палітыцы, што ён ня мае выразных харызматычных і прамоўніцкіх якасьцяў, каб прыцягнуць на свой бок масы, як гэта сталася ў Грузіі ці Ўкраіне; нарэшце, што ён прадстаўляе больш нацыянальна сьвядомы Захад Беларусі, паходзіць з Гарадзеншчыны, а большасьць насельніцтва жыве на зрусіфікаваным усходзе краіны. Вядомы беларускі рэжысэр Валер Мазынскі, які часам суправаджае Мілінкевіча ў паездках і кансультуе яго, адказвае на гэта, што палітыка-харызматыка для Беларусі досыць і аднаго.

(Мазынскі: ) “Я лічу і спадзяюся на тое, што час крыку, час лому, час сілавога ўзьдзеяньня на чалавека, нават на беларуса, магу сказаць, праходзіць. Нават ад таго, што гэтага многа было, хочацца чагосьці іншага, хочацца адкрытага твару, хочацца разуменьня гэтага чалавека і даступнасьці да яго”.

Многія людзі ў Беларусі зьняверыліся, і ім патрэбны чалавек, за якім можна пайсьці, гаворыць спадар Мазынскі. Спадар Мазынскі падчас паездак па Беларусі ўсё больш пераконваецца, што Аляксандар Мілінкевіч становіцца такім чалавекам, што ён можа быць і добрым прамоўцам, і ўдалым арганізатарам:

(Мазынскі: ) “Калі б была магчымасьць спадару Мілінкевічу адкрыта стукацца да людзей, ён бы вельмі хутка заваяваў гэтых людзей. Ён шчыры, разумны, у сваім досьведзе, які ён мае, ён вельмі ўпарты, ён шчыра верыць у тыя каштоўнасьці, якія разумее. Адзінае, што ён не ламавік, ён далікатны”.

Нягледзячы на тое, што Аляксандар Мілінкевіч беспартыйны, нядаўна А.Лукашэнка назваў яго вылучэнцам БНФ. У грамадзтва сьвядома ўкараняецца гэты міт, паколькі няма іншых аргумэнтаў супраць Мілінкевіча, лічыць кіраўнік перадвыбарчага штабу адзінага кандыдата лідэр ПКБ Сяргей Калякін.

(Калякін: ) “Гэты ярлык хочуць сёньня павесіць як у цэлым апазыцыі, гэтак і яе лідэру Аляксандру Мілінкевічу. Мілінкевіч ніколі ня меў дачыненьня ні да Пазьняка, ні да БНФ. Ярлык прыклейваецца, каб змагацца супраць праціўніка ўлады”.

Сяргей Калякін лічыць унікальнай асаблівасьцю Мілінкевіча як палітыка ягоную пазапартыйнасьць, разважлівыя, цэнтрысцкія погляды на жыцьцё. Акрамя таго, у сучасным беларускім грамадзтве, калі ўлада ўсяляк перашкаджае працы палітычных партыяў, дыскрэдытуе іх, непартыйная кандыдатура мае істотныя перавагі, аб чым сьведчаць у тым ліку вынікі сацыялягічных апытаньняў. Гаворыць Сяргей Калякін:

(Калякін: ) “Каштоўнасьць таго, што Мілінкевіч не прадстаўляе ніякай партыі, у тым, што ён можа аб’яднаць палітычна арганізаваныя дэмакратычныя сілы, якія ўваходзяць сёньня ў партыі, але і тыя дэмакратычныя сілы, што ні ў якія партыі не ўваходзяць”.

Аднак гэтая пазапартыйнасьць мае і адваротны бок: людзі дакладна ня ведаюць палітычных поглядаў Мілінкевіча, які дзесяць апошніх гадоў працаваў у грамадзянскай супольнасьці Беларусі. Перадвыбарчая праграма Мілінкевіча будзе гатовая пасьля Новага году. Але ўжо цяпер ён выкладае некаторыя пункты сваёй праграмы падчас сустрэчаў у рэгіёнах. Аляксандар Мілінкевіч ужо заявіў, што першым крокам на пасадзе прэзыдэнта плянуе скасаваньне дэкрэту №27 аб кантрактнай сыстэме, якая, на яго думку, зьневажае людзей, робіць іх залежнымі ад уладаў. Яшчэ ён заявіў, што ня будзе сам вяртаць старую ці ствараць новую Канстытуцыю — гэтым мусіць заняцца Канстытуцыйны сход. Спадар Мілінкевіч зазначыў, што ў выпадку перамогі не зьбіраецца адразу ва ўсіх раёнах мяняць кадры, бо новых людзей можа і не хапіць на ўсе пасады.

(Мілінкевіч: ) “Вялікая колькасьць людзей, які працуюць сёньня, могуць знайсьці сабе месца. Але ёсьць і людзі, якім за тыя злачынствы, якія яны зрабілі, давядзецца несьці адказнасьць”.

У міжнародных дачыненьнях Мілінкевіч таксама абяцае не рабіць рэзкіх рухаў, быць прадказальным і памяркоўным — напрыклад, ён ня хоча адразу выдаляць зь Беларусі расейскія вайсковыя аб’екты.

(Мілінкевіч: ) “Я думаю, што больш шкоды будзе, калі мы так зробім, чым наяўнасьць гэтых базаў. Хаця, безумоўна, калі б быў які-небудзь канфлікт, то гэтыя базы — сур’ёзная мішэнь у такім канфлікце. Ніхто адразу ня будзе патрабаваць іх сыходу, аднак калі канчаецца тэрмін, трэба зноў садзіцца за стол перамоваў і размаўляць”.

Відаць, разважлівасьць і памяркоўнасьць Мілінкевіча пакуль не даюць асаблівых падставаў уладам для прапагандысцкай кампаніі супраць яго. Зь іншага боку, дзяржаўныя СМІ ўзялі тактыку замоўчваньня. Нават калі першы канал Беларускага тэлебачаньня згадваў ягоны ўдзел у форуме Супольнасьці дэмакратычнага выбару ў Кіеве, то не назваў прозьвішча і не паказаў ягонага твару. У камэнтары на гэтую ж тэму дзяржаўнае агенцтва БелТА пад красамоўнай назвай “Беларуская апазыцыя прагне крыві” таксама не падало прозьвішча Мілінкевіча — адрозна, хіба, ад часопісу “Плянэта”, які прысьвяціў яму артыкул “Яснавяльможны кандыдат”. У гэтым выданьні, што распаўсюджваецца сярод кіроўнай намэнклятуры, Мілінкевіча прадстаўляюць як кандыдата не ад беларускага грамадзтва, не ад апазыцыі, БНФ ці якой іншай партыі, а ад замежнай краіны — Польшчы, якая нібыта такім чынам імкнецца пашырыць свой уплыў на Беларусь. “Плянэта” падае Мілінкевіча як паляка і каталіка, хоць на справе ён праваслаўны беларус. Адзінае, што ён сапраўды добра гаворыць па-польску і мае дзяржаўную ўзнагароду Польшчы за тое, што знайшоў у свой час магілу апошняга караля Рэчы Паспалітай Станіслава Аўгуста Панятоўскага.
XS
SM
MD
LG