Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Алесь Пушкін: Каляды адалеюць усё


Сьвятлана Курс, Менск Сваё сьвяточныя згадкі прапануе мастак Алесь Пушкін. Запісала Сьвятлана Курс.

(Пушкін:) “У нас звычайна сьвяткуюцца два разы Каляды: 24 сьнежня каталіцкія Каляды з жончынай раднёй і 7 студзеня толькі ў мяне. Я ж там і званю ў званы. Пасьля службы ўсе, хто прыехаў да мяне і тыя, хто быў у царкве ідуць у нашу хату да стала. І калі сьцямнее й загараецца зорка, мы разьмяркоўваем ролі і ідзем да тых людзей, хто нас любяць. Бо пэўныя гады мы хадзілі да ўсіх. Падыходзіш і бачыш: згасяць сьвятло і прыкідваюцца, што нікога няма дома. Гэта, да прыкладу, бацюшка наш, які ня любіць паганскіх звычаяў. Ён сьвятло згасіць, а мы грукаем у дзьверы: “Адчыняй двара, Каляда прыйшла!”

(Карэспандэнтка:) “А ідуць, як належыць, Дзед, Жораў, Каза”?

(Пушкін:) “Я – Дзед. Каза ў нас, Мядзьведзь, Цыган. Гена Драздоў на гармоніку грае. Вельмі сур’ёзна бабкі ставяцца: сала і кілбасы кладуць. Астатнія віно даюць чырвонае ў бутэльках, цукеркі, печыва, грошы кладуць. А калі людзі п’яніцы ці проста бедныя (таксама нельга абмінаць) я прашу проста кавалачак хлеба. Галоўнае – рытуал. Далі нам сушанага шчупака – 80 см на 12 чалавек. Мы яе рулеткай вымяралі, па тры сантымэнты падзялілі і нажоўкаю парэзалі. Кожнаму па кавалачку і піва ў руку. Хвост і галава засталіся. Вось такая містычная рэч: накармілі рыбаю 12 чалавек і 12 карабоў парэшткаў засталося. Перад Калядамі я свайго старшыню сельрады папярэдзіў, што мы прыйдзем віншаваць “власті і воінства”. Ён зь нецярпеньнем чакаў. І ўжо ў маім мястэчку прывыклі да гэтага, з радасьцю чакаюць. Як узыдзе першая зорка, добра рабіць маленькі цуд. Мы робім, і нам жыцьцё робіць”.

(Карэспандэнтка:) “Да вашай сям’і, да цябе прыязнае стаўленьне ў местачковай маленькай супольнасьці?”

(Пушкін:) “Вельмі складаная была сытуацыя. КДБ дапытвала бандытаў мясцовых: ці праўда, што Пушкін зьбіраецца ўзарваць мэтро на 9 траўня і вам грошай прапаноўваў, каб вы зрабілі? Дагэтуль мне складана зь людзьмі кантактаваць. Заходжу ў краму – маўчаньне. Але цяпер пачало забывацца, дык трошкі ўжо лягчэй. Халадок, што робіць паміж намі дзяржава, і растапляецца такімі ўчынкамі, як калядаваньне”.

(Карэспандэнтка:) “Пад Каляды людзі часта мараць пра тое, што б яны хацелі атрымаць у новым годзе…”

(Пушкін:) “Сабе самому дый іншым людзям – асабістага шчасьця. Бо гэта найбольш цяжкадасяжна. Я вельмі хачу, каб у нас было яшчэ некалькі дзетак, каб я пабудаваў большы дом. Буду маліць Бога. Каб гэта зьдзейсьнілася. А ў Творчасьці будзе ўсё добра: будзем пісаць, будзем выстаўляцца. Гэтае само прыкладзецца. Але самае галоўнае – шчасьце як бацькі, як мужчыны, як беларуса”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG