Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Міліцыянты перапрануліся ў Дзядоў Марозаў (фота)


Любоў Лунёва, Менск Супрацоўнікі міліцыі Дэпартамэнту аховы пачалі пераднавагоднюю акцыю. Міліцыянты, апранутыя Дзедам Марозам і Сьнягуркай, але ў міліцэйскіх пагонах, правяраюць людзей на пільнасьць. Яны раяць менчукам усталёўваць у кватэрах і дамах сігналізацыю.

Палкоўнік міліцыі Ўладзімер Каршакоў паведаміў Радыё Свабода, што напады на людзей з мэтай рабаўніцтва адбываюцца штодня. Значна больш выпадкаў, калі кватэры абкрадаюць у адсутнасьць гаспадароў. Супрацоўнікі міліцыі вырашылі правесьці акцыю напрыканцы году з мэтай павелічэньня колькасьці людзей, якія будуць карыстацца сыгналізацыяй.

(Каршакоў:) “Такія выпадкі адбываюцца штодня, калі людзі адчыняюць дзьверы абы каму. Гэта цягне рабаўніцтвы, разбойныя напады. Усталяваць сыгналізацыю і ў такім выпадку – 3-5 хвілінаў і ў вас супрацоўнікі аховы.”

Дзед Мароз, падпалкоўнік міліцыі Пётра Рэбкавец, і Сьнягурка, капітан міліцыі Марына Эвэрсман, наведалі некалькі дзесяткаў менчукоў у розных мікрараёнах Менску. Падпалкоўнік Рэбкавец званіў у дамафон і прасіў жыхароў адчыніць дзьверы пад’езда. Ён прадстаўляўся то міліцыянтам, то Дзедам Марозам, то сантэхнікам. Прыкладна ў адным выпадку на 10 людзі не пагаджаліся з прапановай.

(Рэбкавец:) “Адчыніце! Міліцыя! Іду ў кватэру суседнюю 94-ую.”

(Жанчына:) “Ну, а, калі там нікога няма, то чаму я павінна вас пусьціць?”

(Рэбкавец:) “Правільна робіце. Мы, сапраўды, міліцыя. Мы праводзім акцыю. Ніколі нікому не адчыняйце дзьверы. Запытвайце прозьвішчы, хто такія…”

Некалькі чалавек запрасілі да сябе Дзеда Мароза і Сьнягурку, прачытаўшы прапанову ў газэце. Дзеці падрыхтавалі вершы і песьні. Першай наведалі сям’ю ў прыгарадзе Менску. Менчукі прадалі сваю кватэру ў Маскоўскім раёне і пабудавалі катэдж.

Гаспадыня Натальля Паўлоўская сказала некалькі словаў "Свабодзе":

(Паўлоўская:) “Дзед Мароз за грошы, а гэта акцыя бясплатная. Тым больш, што мы хочам усталяваць сыгналізацыю ў доме. Гэта будзе лепшы падарунак. У нас малыя дзеці. Цяпер будуць канікулы. Яны заставацца будць з бабуляй. Будзе для дзяцей зручна і нам спакайней, калі будзе стаяць трывожная кнопка.”

У мікрараёне Чырвоны Бор Дзед Мароз і Сьнягурка наведалі кватэру, куды іх запрасіла бабулька хлопчыка, прачытаўшы абвестку ў газэце.

Мінакі не маглі стрымліваць сьмех, калі бачылі Дзеда Мароза і Сьнягурку ў пагонах і з міліцэйскімі нашыўкамі. Сама ідэя акцыі, калі супрацоўнікі міліцыі прыходзяць у дамы ў такім выглядзе, людзям спадабалася. Далёка не ўсе гатовыя плаціць 25 000 рублёў штомесяц за сігналізацыю, але супрацоўнікі міліцыі ўпэўненыя, што гэта адбываецца ад няведаньня статыстычных дадзеных аб рабаўніцтвах і разбойных нападах на грамадзянаў дома. Падпалкоўнік Рэбкавец паведаміў, што сам ня мае дакладных лічбаў, але з досьведу службы ведае, што большасьць ахвяраў рабаўнікоў – людзі сталага ўзросту.

Фотарэпартаж





Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG