Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“БеСТ” будзе завабліваць кліентаў адсутнасьцю абанэнцкай платы


Ігар Карней, Менск Пра пачатак камэрцыйнай эксплюатацыі сеткі абвясьціў сёньня трэці апэратар тэлефоннай мабільнай сувязі стандарту GSM 900/1800 “БеСТ” (Беларуская сетка тэлекамунікацыяў). Кіраўніцтва дзяржаўнай кампаніі ва ўмовах жорсткай канкурэнцыі разьлічвае на дэмпінг, і першым крокам да прыцягненьня кліентаў стала рашэньне ня браць абанэнцкай платы.

Заўтра ў Менску пачынаюць працу першыя дзесяць цэнтраў абслугоўваньня абанэнтаў дзяржаўнай тэлефоннай сеткі “БеСТ”. Пра іншыя рэгіёны гаворкі пакуль няма. Намесьнік генэральнага дырэктара Сяргей Паблагуеў расказвае, хто выступае ў якасьці мэтавай аўдыторыі “БеСТу”:

(Паблагуеў: ) “Мы хацелі зрабіць вельмі простую прапанову. Імкнуліся так збалянсаваць тарыфны плян, каб ён быў разьлічаны на максымальную колькасьць карыстальнікаў. Таму ў гэтым тарыфным пляне няма абанэнцкай платы. Кажучы пра мэтавы сэгмэнт, я яго акрэсьліваю так: гэта менчукі, якія сёньня ўжо маюць мабільныя тэлефоны і ведаюць, што яны гатовыя плаціць толькі за тое, чым карыстаюцца. І, натуральна, тыя, хто чакаў прыходу “БеСТу”. Гэта нашая першая мэтавая аўдыторыя і наш мэтавы сэгмэнт”.

Яшчэ ў сакавіку, калі “БеСТ” атрымаў ліцэнзію, Аляксандар Лукашэнка акрэсьліваў крыху іншую мэтавую аўдыторыю для апэратара. Паводле кіраўніка краіны, “БеСТ” мусіць ахапіць, перадусім, малазабясьпечаныя пласты насельніцтва, у тым ліку на вёсцы. Аднак цяпер гэтыя пэрспэктывы досыць аддаленыя: за межы менскай кальцавой дарогі “БеСТ” плянуе выйсьці толькі ў першай палове 2007 году. І хоць ёмістасьці камутатара “Беларускай сеткі тэлекамунікацыяў” тэарэтычна разьлічаныя на 3 мільёны абанэнтаў, кіраўніцтва гаворыць пра засваеньне 150 тысяч тэлефонных нумароў да сярэдзіны 2006 году.

Што цяпер цешыць генэральнага дырэктара новага апэратара мабільнай сувязі Міхаіла Дземчанку, дык гэта валявое рашэньне Міністэрства сувязі і інфарматызацыі: дазволіць “БеСТу” карыстацца вежамі-перадатчыкамі іншых апэратараў мабільнай сувязі — “МТС” і “Velcom”.

(Дземчанка: ) “Выкарыстаньне адной вежы трыма апэратарамі можа быць выгадна ўсім. Прыкладам, будуецца вежа МТС, і мы туды ўжо прыйдзем праз год на гатовае месца. У сваю чаргу, мы ў сваіх плянах разьвіцьця таксама прадугледжваем усталяваньне вежаў з тым, каб імі маглі карыстацца некалькі апэратараў. Вось і ўсё — парытэтная аснова на ўзьвядзеньне вежаў”.

Аноўнай падзеяй у нядоўгім жыцьці “БеСТу” кіраўніцтва кампаніі лічыць плённы візыт у складзе прэзыдэнцкай дэлегацыі ў Кітай. Вынікам перамоваў з “Экспартна-імпартным банкам Кітаю” стала пагадненьне на прадастаўленьне “БеСТу” льготнага доўгатэрміновага крэдыту на 239 мільёнаў даляраў. Умова пры гэтым у кітайскага боку адна — тэхнічнае абсталяваньне для “БеСТу” мусіць быць таксама кітайскае.

Заснавальнікамі закрытага акцыянэрнага таварыства “Беларуская сетка тэлекамунікацыяў” выступаюць Навукова-дасьледчы інстытут сродкаў аўтаматызацыі і Рэспубліканскае ўнітарнае прадпрыемства “Белтэлекам” з часткамі ў статутным фондзе 75% і 25% адпаведна.

Тэлефонныя нумары новага апэратара мабільнай сувязі будуць пачынацца на “0-259” пасьля міжгародняй “васьмёркі”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG