Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На Гомельшчыне 225 сям’яў чакаюць перасяленьня на чыстыя тэрыторыі


Радыё Свабода У Гомельскай вобласьці распачалася падрыхтоўка да 20-й гадавіны катастрофы на Чарнобыльскай атамнай электрастанцыі. Тым часам у моцна заражаных радыяцыяй паселішчах жыве яшчэ 225 сем’яў, якія чакаюць перасяленьня на чыстыя тэрыторыі.

У адным толькі Веткаўскім раёне перасяленьня чакаюць 57 сем’яў. Распавядае начальнік жыльлёва-камунальнага аддзелу Веткаўскага райвыканкаму Ігар Католікаў:

(Католікаў: ) “У нас на ўліку стаяць 57 сем’яў. Яны падалі нам дакумэнты на адсяленьне. Гэта людзі зь дзьвюх вёсак — Сьвяцілавічаў і Навілаўкі. Толькі з гэтых вёсак у нас вядзецца адсяленьне. Яны падалі заявы і ў нас зарэгістраваныя”.

Прадстаўнік Веткаўскага райвыканкаму лічыць, што адсяленьне доўжыцца ажно два дзесяцігодзьдзі, бо некаторыя пацярпелыя ад Чарнобылю жыхары толькі нядаўна заявілі пра свой намер пакінуць заражаныя радыяцыяй паселішчы:

(Католікаў: ) “Некаторыя толькі цяпер падалі заявы. Раней яны не хацелі адсяляцца. Старасьць прыйшла, вырашылі бліжэй быць да дзяцей”.

Начальніца чарнобыльскага аддзелу Чачэрскага райвыканкаму Ларыса Яўстраценка заяўляе, што людзі перасяляюцца тады, калі для іх будуецца жыльлё:

(Яўстраценка: ) “Як толькі будуецца дом, выдзяляюцца кватэры, тады і перасяляем. Раней адсялялі ў Менск, у Менскую вобласьць, Гарадзенскую, Берасьцейскую. Цяпер адсяленьне вядзецца толькі ў чыстыя зоны Гомельскай вобласьці. З Чачэрску, у прыватнасьці, адсяляем у тыя гарады, дзе будуецца жытло, выдзяляюцца чарнобыльскія грошы”.

У свой час у друку багата пісалася пра тое, што перасяленьне людзей з заражаных тэрыторыяў марудна вядзецца з прычыны нямэтавага выкарыстаньня чарнобыльскага жытла. Некаторыя чыноўнікі пасьпелі атрымаць дзве-тры кватэры для сваіх сем’яў, іншыя ж вымушаны чакаць гадамі.

Жыхарка вёскі Сьвяцілавічы Веткаўскага раёну Тацяна Крывіцкая вырашыла перасяляцца ў Гомель, бо ня можа ўжо трымаць сваёй гаспадаркі. Тым больш, што жыхараў Сьвяцілавічаў ды ўсіх іншых чарнобыльскіх паселішчаў папярэдзілі: у наступным годзе павінна завяршыцца перасяленьне. Калі хто ня пераедзе, той ужо назаўсёды застанецца ў заражаных радыяцыяй паселішчах.

(Крывіцкая: ) “Мне 78 гадоў, здароўе слабое, ногі мае хворыя. Рашылася пераехаць. Там і ванна, там і газ. А тут я пра дровы думаю, купляю іх”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG