Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чаму Краўчанка, Машэрава, Ярашук адмовіліся ад удзелу ў выбарах?


Валер Каліноўскі, Менск Шэраг вядомых палітыкаў, пра якіх у Беларусі гаварылі як пра патэнцыйных кандыдатаў на прэзыдэнцкіх выбарах, заявілі Радыё Свабода, што яны ня будуць браць удзел у прэзыдэнцкай выбарчай кампаніі. Сярод іх Пятро Краўчанка, Натальля Машэрава, Аляксандар Ярашук, а таксама Аляксандар Вайтовіч і Ўладзімер Колас, якія схіляюцца да такога ж рашэньня.

Былы міністар замежных спраў Беларусі Пятро Краўчанка адразу пасьля абвяшчэньня даты выбараў не выключаў свайго ўдзелу ў іх, але сёньня ён заявіў, што сытуацыя мяняецца, і ён болей ня бачыць у гэтым сэнсу:

(Краўчанка: ) “Ёсьць штаб. Узначальвае яго Анатоль Крыварот па Менску, ёсьць у абласных цэнтрах. Людзі тэлефануюць, але я пакуль што схіляюся да таго, што трэба зрабіць паўзу. Я рыхтаваўся сур’ёзна, думаў пра гэта… Але гэта ня мой палітычны такт”.

Нядаўна газэта “Народная Воля” выйшла пад вялікім загалоўкам “Ярашука ў прэзыдэнты”. Прафсаюзны лідэр Аляксандар Ярашук на мінулых выбарах быў правай рукой кандыдата ад апазыцыі Ўладзімера Ганчарыка і сам меў пэўныя палітычныя амбіцыі, але ўдзельнічаць у цяперашняй перадвыбарчай кампаніі лічыць немэтазгодным:

(Ярашук: ) “Гэта будзе хутчэй удзел у фарсе нейкім з прадвызначаным вынікам, няма сэнсу гаварыць аб тым, што гэта будзе адкрытае і справядлівае спаборніцтва. Выбарчыя камісіі будуць фарміравацца так, як гэта было дасюль, і можна ўпэўнена казаць, што ўжо й канчатковы вынік вядомы – 90 адсоткаў ці нават болей...”

Аляксандар Ярашук мяркуе, што ўсім дэмакратычным сілам няма сэнсу браць удзелу ў такой кампаніі:

(Ярашук: ) “Удзел гэты будзе спрыяць толькі легітымізацыі існуючага рэжыму, прызнаньню рэфэрэндуму, якія адбыўся напрыканцы мінулага году”.

Натальля Машэрава, якая пад час мінулых выбараў у 2001 годзе зарэгістравала ініцыятыўную групу, цяпер ня мае жаданьня ўдзельнічаць у кампаніі:

(Машэрава: ) “Таму што няма сэнсу. Сцэнар расьпісаны, я паводле такіх правіл не гуляю”.

Аднак спадарыня Машэрава мяркуе, што апазыцыйным партыям трэба браць удзел і ў такой кампаніі, каб удасканальваць свой досьвед і весьці размову зь людзьмі:

(Машэрава: ) “Абавязкова. Гэта ж працэс для партыйнага будаўніцтва, для разьвіцьця грамадзкай самасьвядомасьці, абавязкова трэба, і я вельмі хачу, каб кандыдатаў было шмат, незалежна ад таго, што вынік абсалютна прадказальны”.

На думку Машэравай, байкот – самазабойства для апазыцыі, якая павінна, вучыцца аб’ядноўвацца і чуць адзін аднаго ды разьлічваць на большую пэрспэктыву, якая залежыць ад многіх унутраных і зьнешніх чыньнікаў.

Старшыня Рады беларускай інтэлігенцыі Уладзімер Колас і былы сьпікер Савету Рэспублікі акадэмік Аляксандар Вайтовіч зазначылі, што канчатковага рашэньня аб магчымасьці свайго ўдзелу ў перадвыбарчай кампаніі яшчэ не прынялі:

(Колас: ) “Адказ хутчэй за ўсё будзе адмоўны. У гэтых умовах справядлівых выбараў ня будзе. І трэба выстаўляць умовы, пры якіх можна размаўляць пра нейкі справядлівы вынік. І калі ісьці на гэтыя выбары, то дзеля дасягненьня гэтых мэтаў”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG