Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Freedom House”: Беларусь – несвабодная краіна


Кастусь Бандарук, Прага Сёньня праваабарончая арганізацыя “Freedom House”, няўрадавая арганізацыя з штаб-кватэрай у ЗША, апублікавала гадавую справаздачу аб сытуацыі ў галіне палітычных і грамадзянскіх правоў ва ўсім сьвеце. Справаздача падрыхтаваная палітыкамі, журналістамі, навукоўцамі і дасьледчыкамі ахоплівае амаль 200 краінаў і рэгіёнаў сьвету. Паводле дакумэнту, бягучы год ў сэнсе агульнага стану свабоды ў сьвеце найболей пасьпяховы з 1978 году, з таго часу, як “Freedom House” пачала публікаваць справаздачы, аднак Беларусь застаецца несвабоднай краінай.

Гадавыя справаздачы “Freedom House” лічацца вельмі дакладнымі і аб’ектыўнымі крыніцамі сярод палітолягаў. У пляне палітычных і грамадзянскіх свабодаў краіны ў гэтым рапарце клясыфікаваныя як “свабодныя”, “часткова свабодныя” і “ несвабодныя”.

89 краін сьвету, у якіх пражывае прыблізна палова ўсяго насельніцтва сьвету, “Freedom House” прызнала свабоднымі.

58 краін сьвету, у якіх жывуць 18% сусьветнага насельніцтва, названыя ў справаздачы часткова свабоднымі.

Амаль траціна ўсіх краін – 45 акрэсьленыя як несвабодныя. Гэта на чатыры краіны меней, чым летась.

Як патлумачыў прадстаўнік з амаль Арч Падынгтон дасьледчыкі разглядалі сытуацыю ў кожнай краіне ў 25 розных аспэктах.

(Падынгтон: ) “Мы разглядаем 25 розных пытаньняў, у прыватнасьці, наколькі ў дадзенай краіне свабодныя выбары прэзыдэнта, выбары парлямэнту, ці ўсе палітычныя партыі карыстаюцца свабодай дзейнасьці, які ў краіне ўзровень карупцыі, празрыстасьці і гэтак далей. Мы разглядаем гэтыя 25 фактараў у маштабах іхнага ўплыву на палітычныя правы і грамадзянскія свабоды. Пасьля падсумаваньня вынікаў паводле адмысловай шкалы мы клясыфікуем дадзеную краіну як свабодную, часткова свабодную альбо несвабодную”.

Для ацэнкі палітычных і грамадзянскіх правоў “Freedom House” скарыстоўвае шкалу ад 1 да 7 балаў. Да найгоршых з найгоршых залічаныя Куба, Паўночная Карэя, Лібія, Судан і Сырыя. Што тычыцца Беларусі, дык паводле “Freedom House”, яшчэ ў 1995 годзе яна была залічаная да “часткова свабодных”. З 1996 да 2004 году Беларусь штогод атрымлівала статус несвабоднай краіны. Летась “Freedom House” паставіла Беларусі шасьцёрку. Цяпер ад апошняга месца Беларусь аддзяляе толькі адзін бал.

Варта зьвярнуць увагу на зьмены, якія адбыліся ў суседніх зь Беларусьсю краінах. Упершыню сёлета “Freedom House” палічыла свабоднай Украіну. Аднак паводле аднаго з аўтараў справаздачы, да гэтага ў асноўным спрычынілася “Аранжавая рэвалюцыя”, а не ўкраінскія ўлады, хаця ў параўнаньні зь мінулым годам выразна палепшылася сытуацыя ў галіне свабоды мэдыяў.

Затое, паводле “Freedom House”, значна горшая сытуацыя ў суседняй Расеі. Яшчэ летась упершыню з часу распаду Савецкага Саюзу Расея атрымала статус несвабоднай. Пад кіраўніцтвам Уладзімера Пуціна Расея і ўласна Крэмль узмацніў ціск на палітычныя партыі, мас-мэдыі, і краіна паступова рухаецца ў кірунку да аўтарытарнага кіраваньня – лічаць экспэрты “Freedom House”.

З дванаццаці былых савецкіх рэспублік, за выключэньнем балтыйскіх дзяржаваў, паводле справаздачы, чатыры краіны часткова свабодныя, а 7 несвабодныя. За мінулы год сытуацыя ў галіне свабоды пагоршылася ў прыватнасьці ў цэнтральна-азіяцкіх і каўкаскіх рэспубліках, прычым найгорш яна ацэненая ва Ўзбэкістане.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG