Да гэтага можна дадаць, што, як і ў савецкія часы, улады ўсё тлумачаць жаданьнем народу. Вось і старшыня Цэнтральнай выбарчай камісіі Лідзія Ярмошына цьвердзіць, што менавіта з рэгіёнаў ішлі просьбы прызначыць дату выбараў кіраўніка дзяржавы на сакавік:
(Ярмошына:) "Гэтае пытаньне прапрацоўвалі яшчэ з пачатку сёлятняй палітычнай восені. Больш таго, я магу сказаць, што дадзенае пытаньне ўвесь час ўздымалі і падтрымлівалі прадстаўнікі мясцовых уладаў -- нашы мясцовыя выканаўчыя і распараджальныя органы, кіраўнікі арганізацыйных аддзелаў і гэтак далей".
Дату правядзеньня прэзыдэнцкіх выбараў прызначылі 16-га сьнежня. А 15-га -- Аляксандар Лукашэнка сустракаўся ў Сочы з Уладзімерам Пуціным. Нядзіўна, што палітыкі ды аналітыкі амаль аднагалосна казалі пра тое, што менавіта ў Сочы кіраўнік Беларусі заручыўся падтрымкай прэзыдэнта Расеі. Пераважная бальшыня палітолягаў па-ранейшаму прытрымліваецца гэтай думкі. Але некаторыя аналітыкі не выключаюць, што ў Сочы Аляксандар Лукашэнка проста паставіў Уладзімера Пуціна перад фактам выбараў. Палітоляг Андрэй Суздальцаў, які першым, яшчэ паўмесяца таму, заявіў, дарэчы, у эфіры нашага радыё, пра тое, што выбары прэзыдэнта Беларусі праўдападобна адбудуцца вясною, сказаў мне, што 16-га снежня ён ставіў 80% супраць 20% на тое, што Пуцін падтрымаў Лукашэнку. Цаной падтрымкі стане стварэньне сумеснага газавага прадпрыемства з кантрольным пакетам акцыяў у расейцаў. Да таго ж на сустрэчы Расеі з "Вялікай васьмёркай" у траўні наступнага году ўжо позна будзе ўздымаць беларускае пытаньне -- цягнік, як кажуць, да гэтага часу ўжо пайшоў.
Але ўжо ўчора спадар Суздальцаў сказаў мне, што яго погляд зьмяніўся, і цяпер ён ставіць 50% супраць 50%, так званыя фіфьці-фіфьці, на тое, што Пуцін падтрымаў Лукашэнку. На маё пытаньне, чым гэта выклікана, Андрэй Суздальцаў адказаў так:
(Суздальцаў:) "Дадатковая інфармацыя падыйшла аб сустрэчы ў "Бачаровым ручаі". З''явілася новая вэрсія, што Пуіцн спусьціў усё на трамазах, што Масква ня можа перашкодзіць жаданьню Аляксандра Рыгоравіча балятавацца трэці раз. І ўсё гэта паціху сканала ў размовах пра цэны на газ. Але гэтую вэрсію я адразу не прымаю, бо мы добра ведаем нашага прэзыдэнта. Усялякія прамежкавыя варыянты ён заўжды скарыстоўвае на сваю карысьць. Я думаю, што калі б Масква праявіла сябе вельмі мякка, а фактычна ніяк, дык Аляксандар Рыгноравіч яшчэ б з трапу самлёта абвесьціў бы аб сваёй перамозе".
Пасьля таго, як прагноз спадара Суздальцава наконт даты прэзыдэнцкіх выбараў апраўдаўся, цікава было б пачуць, што ён думае пра ход выбарчай кампаніі. І вось што гаворыць з гэтай нагоды вядомы палітоляг:
(Суздальцаў:) "Адзін быў сцэнар ліпеня. Мерквалася, што ў выбарах будзе актыўна задзейснены адзіны кандыдат ад апазыцыі. Цяпер неабходнасьці ў адзіным кандыдаце няма. Мабыць, Аляксандар Рыгоравіч пойдзе ў пары з кімсьці са сваіх людзей, для падстрахоўкі. І я не вельмі веру, што гэта будзе спадар Гайдукевіч. Гэта мая вэрсія на выснове тых уцечак інфармацыі, якія я маю".