Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Польскія мэдыі пішуць пра абвяшчэньне датэрміновых выбраў у Беларусі


Аляксей Дзікавіцкі, Варшава Большасьць камэнтатараў згодныя – сакавіцкі тэрмін вельмі выгодны для Аляксандра Лукашэнкі, які спрабуе не дазволіць стаць больш вядомым апазыцыйнаму кандыдату, а акрамя гэтага ўвага сьвету ў гэты час будзе прыцягнутая да выбараў ва Ўкраіне.

“Цалкам падпарадкаваны Аляксандру Лукашэнку парлямэнт вырашыў, што прэзыдэнцкія выбары ў Беларусі адбудуцца значна раней, у той час, як апазыцыйныя сілы, якія хочуць супрацьпаставіць дыктатару адзінага кандыдата, рыхтаваліся да выбараў на лета”, - піша ў сёньняшнім нумары “Gazeta Wyborcza”.

Польскі штодзёньнік піша, што вызначаны тэрмін выбараў вельмі карысны для Аляксандра Лукашэнкі. “Гэта робіць практычна немагчымым для апазыцыі правесьці выбарчую кампанію. Аляксандар Мілінкевіч мае цяпер толькі тыдзень на тое, каб зарэгістраваць людзей, якія павінны сабраць 100 тысячаў подпісаў у падтрымку ягонай кандыдатуры”, - піша газэта.

Паводле “Wyborczej” вялікае значэньне мае тое, што прэзыдэнцкія выбары ў Беларусі адбудуцца за тыдзень перад парлямэнцкімі выбарамі ва Украіне, якія “будуць, хутчэй за ўсё, драматычнымі і надоўга прыцягнуць увагу сусьветных мэдыяў і палітыкаў – тады беларускія падзеі адыйдуць на другі плян”.

Іншыя польскія мэдыі зьвяртаюць увагу на тое, што датэрміновыя выбары былі абвешчаныя адразу пасьля сустрэчы Пуціна з Лукашэнкам, якога, нягледзячы на часовыя зьнешнія канфлікты, “гаспадар Крамля працягвае падтрымліваць”.

Некаторыя назіральнікі адзначюць таксама, што рашэньне беларускіх ўладаў ускладняе працу шэрагу міжнародных арагнізацыяў, якія, прыкладам, маглі рыхтаваць назіральнікаў на прэзыдэнцкія выбары ў Беларусі менавіта на лета.

“Надыходзіць час выпрабаваньняў ня толькі для Беларусі, але і для іншых краінаў. Будзе зразумела, наколькі суседнія дзяржавы, увесь Эўразьвяз сапраўды зацікаўлены ў дэмакратызацыі Беларусі”, - такі камэнтар прагучаў у адным з польскіх тэлеканалаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG