Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Што думаюць жыхары Гомеля пра датэрміновыя прэзыдэнцкія выбары?


Казімер Яноўскі, Гомель “Чаму, на вашую думку, прэзыдэнцкія выбары 2006 году адбудуцца раней, чым плянавалася”? Гэтае пытаньне на вуліцах Гомелю задаваў жыхарам наш карэспандэнт.

(Пэнсіянэрка: ) “Вырашылі так: пакуль няма пасяўной кампаніі, час самы вольны. Людзі не занятыя ні дачамі, ні агародамі ў сельскай мясцовасьці, ні калгасамі, ні саўгасамі. Таму і выбары”.

(Мужчына: ) “Ну... гэта ж так кіраўніцтва прыдумала”.

(Жанчына: ) “Улада напалохана каляровымі рэвалюцыямі ў постсавецкіх краінах. Яна баіцца таго, што да лета выбарцы будуць больш палітызаваныя, больш актыўныя. Таму выбары і перанесены зь ліпеня на сакавік. Улада мяркуе, што апазыцыя ня будзе падрыхтавана да сакавіцкіх выбараў”.

(Карэспандэнт: ) “Чаму, на вашую думку, прэзыдэнцкія выбары 2006 году адбудуцца раней, чым плянавалася”?

(Мужчына: ) “Шчыра кажучы, пра гэта нічога ня ведаю і не магу нічога пакамэнтаваць”.

(Мужчына: ) “Лукашэнка пастаўлены ў жорсткія ўмовы Расеяй. Ад яго патрабуюць хутчэйшага аб’яднаньня. Але хто ён будзе ў аб’яднанай дзяржаве без пасады прэзыдэнта? Яшчэ невядома, па якім кошце Расея будзе прадаваць нам газ і як гэта адаб’ецца на кашальках выбарцаў. Лукашэнка вельмі сьпяшаецца”.

(Хлапец: ) “Робіцца гэта, хутчэй за ўсё, каб апазыцыя ня мела часу разгарнуцца, падрыхтавацца да выбараў”.

(Дзяўчына: ) “Мы, напрыклад, ня ведалі, што хутка выбары. І, я думаю, што большасьць людзей таксама ня ведае. Іх паставілі перад фактам, ім трэба хутчэй цяміць, за каго галасаваць. Меней часу на роздум, выбар будзе спантанным. Цалкам верагодна, што выбарцы прагаласуюць за таго, за каго галасавалі раней”.

(Жанчына: ) “Хочуць яшчэ пакінуць на адзін тэрмін прэзыдэнта Лукашэнку”.

(Мужчына: ) “Тэрміновыя выбары – гэта прыкмета несумленных выбараў. Ва ўлады ёсьць усе сродкі масавай інфармацыі, матэрыяльныя сродкі. Дзеля сумленных выбараў патрэбны пэўны тэрмін. Каб людзі не маглі кансалідавацца, улада і скарачае гэты час дзеля выкарыстаньня сваёй перавагі”.

(Пэнсіянэр: ) “Я не разумею, чаму выбары абвясьцілі раней. Дзейны прэзыдэнт пройдзе. Мы ня ведаем іншых кандыдатаў”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG