Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Аляксей Марачкін: “Мы будзем ісьці шляхам прагрэсу й цывілізацыі”


Галіна Абакунчык, Менск Якія падзеі 2005 году сталіся найбольш значнымі ў жыцьці краіны? Што ёсьць самым станоўчым і самым адмоўным? Якія пэрспэктывы чакаюць Беларусь у бліжэйшай будучыні? На гэтыя пытаньні Радыё Свабода адказвае лідэр грамадзкага аб’яднаньня “Згуртаваньне беларусаў сьвету “Бацькаўшчына””, мастак Аляксей Марачкін.

(Марачкін: ) “Безумоўна, што самая станоўчая, дадатная падзея ў жыцьці нашай краіны, гэта тое, што на Кангрэсе дэмакратычных сілаў Беларусі мы нарэшце абралі адзінага кандыдата ў прэзыдэнты. Гэта найважнейшая падзея. Яна нас акрыляе й дае надзею на тое, што мы будзем падрыхтаваныя да выбараў. Час пакажа, як яно будзе насамрэч, але я веру й мае сябры таксама вераць, што надыдзе час і гэтая дыктатура й тыранія скончацца”.

(Карэспандэнтка: ) “Якія падзеі ў жыцьці Беларусі сёлета вы лічыце самымі адмоўнымі?”

(Марачкін: ) “Шмат чаго, канечне, але найгоршая, да прыкладу, гэта раскол у Саюзе пісьменьнікаў. Зьезд Саюзу пісьменьнікаў Беларусі пад кіраўніцтвам генэрала Чаргінца – гэта афармленьне адшчапенцаў. Яшчэ адмоўнае, гэта тое, што з кожным днём і кожным месяцам мы жывем пад усё нейкімі новымі ўказамі, новымі распараджэньнямі начальніка краіны. Калі ўжо за нейкі выступ супраць улады – вось тут я нешта кажу – а гэта ўжо дыскрэдытацыя Беларусі, то глядзіш мяне ўжо і павяжуць на два ці пяць гадоў. Так што тыранія працягваецца”.

(Карэспандэнтка: ) “Вашае бачаньне пэрспэктывы на бліжэйшы час?”

(Марачкін: ) “Жыцьцё працягваецца й культурны працэс ідзе: пішуцца новыя вершы, песьні, ставяцца спэктаклі – як бы там ні было мы творым. І гэта ўсё ж-такі ўсяляе надзею. Ну й я думаю, што нельга вечна быць такой чорнай дзіркай сярод цывілізаваных эўрапейскіх краінаў. І нідзе мы ня дзенемся: мы будзем ісьці гэтым шляхам – шляхам прагрэсу й цывілізацыі”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG