Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прыватны дзёньнік: Віктар Жыбуль


Віктар Жыбуль, Менск Новая перадача сэрыі “Прыватны дзёньнік”. Асабістыя нататкі мінулага тыдня прадстаўляе Віктар Жыбуль — малады, але ўжо даволі папулярны беларускі паэт і літаратуразнаўца. Аднак на мінулым тыдні ў Віктара зьявіўся выдатны шанец адкрыць у сабе яшчэ адзін талент — талент бацькі.

10 сьнежня, субота

Зранку вырашыў прыбраць кватэру, бо назаўтра, як казала жонка, яе з Кастусём выпішуць з раддому. Але раптам недзе а 13-й гадзіне тэлефануе Вера і паведамляе, што яе выпісваюць ужо сёньня і ўжо цяпер, таму трэба тэрмінова ехаць у раддом. Вось гэта неспадзяванка! У пажарным тэмпе давялося зьбіраць два вялізныя пакеты з рэчамі (і Верынымі, і Кастусёвымі) і бегчы на мэтро. У раддоме мяне ўжо чакалі наш сябар Сяргей Трунін і Верына навуковая кіраўніца Ірына Сьцяпанаўна, якім я ўсё ж такі пасьпеў сказаць, што Веру выпісваюць датэрмінова.

А чаму датэрмінова? Таму што 5-я бальніца была зачынена на мыйку, і 6-я апынулася перапоўненая. “Вы сябе добра адчуваеце?” — спытала ў Веры доктарка. — “Добра”. — “Ну дык мы вас сёньня і выпішам”.

І вось я перадаў Веры рэчы, і празь некалькі хвілінаў мне давялося пабачыць сына, патрымаць яго на руках. Я зьдзівіўся, які ж ён маленечкі — быццам лялька. І разам з тым — рэальны жывы чалавек Кастусь Жыбуль. Рост 51 сантымэтар, вага 3260 грамаў.

— Гэта вы яго ў гонар Каліноўскага назвалі? — спытала нас дзяўчына зь відэакамэрай.

— Ня толькі. Проста імя спадабалася.

На таксоўцы мы прыехалі дадому, паклалі Кастуся ў калыску. Празь нейкі час прыйшоў мой бацька і кажа: “Я на заўтра дамовіўся з адным чалавекам наконт машыны”. А мы яму: “Ня трэба. Мы ўжо ўсе дома!”

11 сьнежня, нядзеля

Заходзіла мая стрыечная сястра Валянціна, урач-пэдыятар. Агледзела Косьціка, сказала, што здаровы, дала сякія-такія парады.

Вера сябе адчувае няблага, толькі час ад часу прыгадвае вядомую ананімную пародыю на Някрасава:

Однажды в студёную зимнюю пору Лошадка примёрзла [адным месцам] к забору.

Вось штосьці падобнае да гэтай “лошадки” адчувае цяпер Вера пасьля родаў. Увогуле, яна паспрабавала апісаць увесь іх працэс у сваім дзёньніку. Дала мне пачытаць. Вельмі спэцыфічны тэкст, трэба сказаць. Але я вельмі рады, што ў Веры ўсё атрымалася без усялякага кесарава і што малака ў яе хапае.

12 сьнежня, панядзелак

Я ехаў на працу. Выйшаў з аўтобусу на прыпынак, а там нейкі дзядзька пытаецца ў мяне: “Не падкажаш, дзе тут вуліца Гастэлы?” Ну, я патлумачыў, куды трэба ісьці. У мяне часта пытаюцца, дзе знаходзіцца гэтая вуліца. І ўсё — “пабітыя жыцьцём” мужчыны пралетарскага выгляду. Раней я не разумеў, навошта ім усім менавіта гэтая вуліца, пакуль адзін зь іх не ўдакладніў: “Гастэлы — ну, там дзе наркалягічны дыспансэр...”

Згаданая ўстанова стаіць пад гарой, на скрыжаваньні Гастэлы і Грыбаедава. Насупраць — музычная вучэльня імя Глінкі, ля якой прыладкавалася статуя Арфэя. У адной руцэ старагрэцкі пясьняр трымае ліру, а другой — зьбіраецца зайграць, але можна падумаць, што гэта ён грэбліва адмахваецца ад наркалягічнага дыспансэру. Кажуць, напачатку, гэтага Арфэя ня вельмі замацавалі, і ён упаў, а вахтарка выбегла з вучэльні й загаласіла: “Авой! Глінка зваліўся!”

Увечары мы зь Вераю выносілі Косьціка на двор падыхаць сьвежым паветрам, потым купалі.

13 сьнежня, аўторак

Гулялі ўжо з вазком — да аптэкі й назад. Акрамя таго, Вера выхітрылася пастрыгчы Кастусю пазногцікі, хоць пальчыкі ў нованароджаных такія маленечкія!

А мой бацька нядаўна застаўся бяз працы, дык сёньня яму прапанавалі месца ахоўніка ў Навінках, у аддзяленьні буйнапамяшаных. Але бацька адмовіўся. Не пагадзіўся на такую экстрэмальную працу.

14 сьнежня, серада

Наш Кастусёк удзень добра сьпіць, а ўначы вельмі гучна крычыць, і нам зь Верай і маёй мамай даводзіцца час ад часу супакойваць яго. Таму і ўчора, і сёньня я ня здолеў выспацца. Гэтыя два дні проста кату пад хвост паляцелі. На працы ніяк ня мог засяродзіцца, так нічога і не зрабіў.

15 сьнежня, чацьвер

Ну, сёньня хоць трошкі выспаўся. Нават сны бачыў. І прысьніўся мне чамусьці... невядомы верш Анатоля Сыса. Гэты кароткі (здаецца, чатырохрадковы) вершык мне двойчы прадыктавала нейкая кабета, а потым я пабачыў і надрукаваны тэкст. Але ўсё адно не запомніў. Хоць часам, калі мне сьняцца нейкія вершы (звычайна — “чужыя”), я іх запамінаю і занатоўваю — дзеля экспэрымэнту.

Бачыў я і яшчэ адзін сон, але распавядаць пра яго нешта ня хочацца — зашмат парнаграфіі атрымаецца...

16 сьнежня, пятніца

Сёньня Кастусю дзесяць дзён. Усяго дзесяць дзён, але відаць, што хлопчык ён вельмі прыгожы і разумны. З кожным днём рухі ягоных пальчыкаў робяцца ўсё больш скаардынаванымі. Калі яму нешта не падабаецца, ён крычыць: “Ля!”, а калі штосьці яго ўжо зусім выводзіць зь сябе, наш сынок лямантуе: “Га!” (як кажа Вера — “адзін склад не дагаворвае”).

Яшчэ ў раддоме адна дзяўчына жартам пажадала, каб Косьцік калі-небудзь стаў чарговым беларускім прэзыдэнтам, аднак адчуваць сябе бацькамі будучага прэзыдэнта ўсё ж неяк страшнавата... Няхай проста займаецца добрай справай — не істотна якой, галоўнае, каб яму падабалася. Але нам яшчэ расьці й расьці!..
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG