Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ганс-Георг Вік: беларускія выбары адбудуцца раней за сустрэчу G-8 у Расеі


Алена Струвэ, Менск Нямецкі дыплямат і палітык Ганс-Георг Вік перакананы, што Менск ня можа разьлічваць на бязьмежную падтрымку з боку Масквы. Як наступны старшыня “Вялікай васьмёркі” G-8, Расея будзе вымушаная праводзіць збалянсаваную палітыку і пільнаваць за тым, каб выбары ў Беларусі былі легітымнымі, лічыць нямецкі дыплямат.

У размове са “Свабодай” нямецкі амбасадар Ганс-Георг Вік выказаў меркаваньне, што маючыя адбыцца ў сакавіку прэзыдэнцкія выбары будуць яшчэ менш адпавядаць дэмакратычным стандартам, чым парлямэнцкія выбары ў 2004.

(Вік: ) “Я прытрымліваюся меркаваньня, што назіраньне за выбарамі, сыстэма папярэдняга апытаньня выбаршчыкаў, экзіт-полы (exit poll) – усё гэта будзе праходзіць у значна больш складаных умовах, чым раней. Відавочна, што рэжым адчувае нейкую бясьпеку для сябе, а таму праводзіць усё больш жорсткія захады супраць апанэнтаў”.

Камэнтуючы ўчорашнюю сустрэчу Лукашэнкі і Пуціна і магчымую падтрымку Масквой выбараў у сакавіку, спадар Вік сказаў:

(Вік:) “Я зыходжу з таго, што Лукашэнка адпаведным чынам падаў Пуціну гэтую інфармацыю. Іншая справа ў тым, што Масква ня можа цалкам падтрымліваць Беларусь. Яна мусіць думаць пра балянсаваньне, паколькі ў будучым годзе яна будзе старшыняваць у вялікай васьмёрцы. Таму Масква проста зацікаўленая ў тым, каб выбары ў Беларусі былі легітымнымі, інакш з боку астатніх сяброў васьмёркі яна сустрэне адпаведныя крытыку і ціск. Неабходна падкрэсьліць, што беларускія выбары адбудуцца раней за сустрэчу G-8”.

Як перакананы колішні кіраўнік місіі АБСЭ ў Менску, тыя захады ў падтрымку дэмакратычных працэсаў у Беларусі, прынятыя Брусэлем сёлета ў лістападзе, разьлічаныя на доўгатэрміновы пэрыяд.

(Вік: ) “Эўразьвяз і надалей будзе аказваць уплыў або ціск на беларускае кіраўніцтва з тым, каб выбары адбыліся свабоднымі і празрыстымі.

Зразумела, тут ня трэба мець нейкіх ілюзіяў. Аднак ва ўсякім разе ў часе перамоваў паміж ЭЗ і ЗША, ЭЗ і Расеяй тэма Беларусі стаіць на парадку дня. Наколькі моцным мусіць быў уплыў на Менск, гэты адказ часу. Аднак эўрапейскія захады не разьлічаныя на нейкі кароткі пэрыяд. У адпаведнасьці з парыскімі пагадненьнямі 1990 году, якія падпісала і Беларусь, эўрапейскія арганізацыі мусяць падтрымліваць грамадзянскую супольнасьць у тых краінах, дзе парушаюцца правы чалавека, перасьледуюцца партыі, СМІ, меншасьці”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG