Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Аляксандар Казулін: “Лукашэнка сумняецца ў народнай падтрымцы”


Валер Каліноўскі, Менск Верагодны кандыдат у прэзыдэнты на выбарах 19 сакавіка 2006 года адзін з лідэраў беларускіх сацыял-дэмакрытаў Аляксандар Казулін заявіў нашаму радыё, што ён гатовы да кампаніі і ад сёньня пачынае рэалізацыю перадвыбарчага пляну.

Аляксандар Казулін зазначыў, што ягоная партыя загадзя стварыла перадвыбарчы штаб, які ўзначаліў Мечыслаў Грыб, распрацавала перадвыбарчы плян, і таму з пункту гледжаньня арганізацыйна-тэхнічных мерапрыемстваў ён да выбараў гатовы. Плян перадвыбарчай кампаніі зараз будзе запушчаны ў рэалізацыю, і спадар Казулін зьбіраецца змагацца за перамогу.

(Казулін: ) “Хто можа несур’ёзна ўдзельнічаць у такіх кампаніях, можа, толькі тыя, якія ўдзельнічаць у нейкім сцэнары… Мяне тут часта абвінавачваюць, што я зьяўляюся сцэнаром улады. Сцэнар улады будзе добра выяўлены і паказаны на прыкладзе асобных лідэраў партый і асобных таварышаў”.

Аляксандар Казулін мяркуе, што датэрміновае прызначэньне даты прэзыдэнцкіх выбараў на вясну – прагназаваны крок з боку Аляксандра Лукашэнкі:

(Казулін: ) “Таму ён дзейнічае як звычайна, сытуацыйна, выкарыстоўваючы сытуацыю, каб яна была як мага болей непрадуктыўнай для апанэнтаў і максымальна прадуктыўнай для самога сябе”.

Аляксандар Казулін нагадвае, што на 26 сакавіка заплянаваныя парлямэнцкія выбары ва Ўкраіне, да якіх будзе прыцягнутая міжнародная ўвага, адпаведна, гэта зьменшыць увагу да беларускіх выбараў.

Акрамя таго, на думку Казуліна, уладамі ўлічаны фактар правядзеньня ў травені саміту вялікай васьмёркі ў Санкт-Пецярбурзе, тады лідэрам заходніх краінаў ужо ня будзе асаблівага сэнсу абмяркоўваць беларускія выбары з Уладзімерам Пуціным.

(Казулін: ) “Ну і канечне ж, такія нармальныя езуіцкія хады, якія зьяўляюцца фірмовым знакам Аляксандра Рыгоравіча, калі ўся кампанія праходзіць на каляды і навагоднія сьвяты. Такім чынам збор подпісаў і растлумачальная праца будуць істотна абцяжараныя”.

Спадар Казулін лічыць, што пасьпешлівае прызначэньне даты выбараў сьведчыць, што Аляксандар Лукашэнка разумее сваю рэальную падтрымку ў грамадзтве.

(Казулін: ) “Ёсьць вельмі вялікія сумненьні ў гэтай усенароднай падтрымцы, і страх перад уласным народам. Калі лідэр нацыі баіцца ўласнага народу, гэта дакладна і акцэнтавана тлумачыць усе ягоныя дзеяньні”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG