Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чаму выбары прызначаныя на сакавік?


Радыё Свабода Свой адказ на пытаньне, чаму выбары былі прызначаныя на сакавік, якія перавагі дае гэта розным кандыдатам, прапануе аглядальнік нашага радыё Юры Дракахруст.

Чуткі пра тое, што выбары могуць адбыцца не ў ліпені, як меркавалася і абвяшчалася раней, а ў сакавіку, зьявіліся ўжо некалькі тыдняў таму. Прынамсі палітоляг Андрэй Суздальцаў агучыў гэтую інфармацыю са спасылкай на маскоўскія крыніцы. У камэнтары для нашага радыё ён зьвяртаў увагу на тое, што менавіта на сакавік прыпадаюць і пастаўка Беларусі расейскіх ракетаў С-300 і адкрыцьцё ў Беларусі новых кампрэсарных станцыяў газаправоду Ямал – Заходняя Эўропа.

Але матывы правесьці выбары гэтак рана і зрабіць перадвыбарчую кампанію такой хуткай маглі быць і чыста палітычнымі, якія вынікалі з асаблівасьцяў самой кампаніі.

Адной з прычынаў такога рашэньня магла стаць нечаканая ўладамі ступень адзінства, прадэманстраваная апазыцыяй, і актыўная выбарчая кампанія, распачатая Аляксандрам Мілінкевічам.

І да Кангрэсу дэмакратычных сілаў, і пасьля яго Аляксандар Лукашэнка неаднаразова казаў, што “адзіных” кандыдатаў ад апазыцыі будзе цэлая плойма. Час ішоў, плойма не зьяўлялася. Аднак зьявіўся нейкі штаб Мілінкевіча, які добра ці кепска, але пачаў працаваць. Ды і сам кандыдат абраў на чыйсьці погляд можа і немудрагелістую, але вельмі зразумелую людзям тактыку. Сам Лукашэнка неаднойчы казаў – пайшла б апазыцыя да народу. Мілінкевіч паслухаў і пайшоў. Ад гораду да гораду, ад вёскі да вёскі. Такіх месцаў рабілася ўсё больш.

Незалежныя сацыёлягі, ацэньваючы шанцы Мілінкевіча, зьвярталі ўвагу на ягоную малавядомасьць, казалі, што для раскруткі, для таго, каб стаць проста асобай з агульнанацыянальнай вядомасьцю, яму патрэбны пэўны час. Вось менавіта гэты час сакавіцкія выбары і закліканыя максымальна скараціць.

Хаця кіраўнік штабу Мілінкевіча Сяргей Калякін і заяўляў, што каманда кандыдата гатовая і да выбараў увесну, гэта ў любым выпадку разбурае пэўныя арганізацыйныя і мабілізацыйныя схемы і ізноў жа скарачае час на агітацыю, якая – адзіны сродак для кандыдата дасягнуць перамогі.

Нехта можа сказаць, што паколькі выбары ўсё роўна ня будуць выбарамі, то якая Лукашэнку розьніца, колькі ў сапраўднасьці набярэ Мілінкевіч? Але гэта не зусім так. Груба кажучы, калі апанэнт Лукашэнкі набярэ 80%, то пры фальсыфікацыях масавы пратэст уяўляецца даволі імаверным. Калі ж ён набярэ, скажам, 20%, сіла пратэсту, калі ён наагул будзе, будзе значна меншай.

Варта адзначыць, што абвяшчэньнем такой хуткацечнай перадвыбарчай кампаніі ўлада фактычна адмовілася ад свайго варыянта з “плоймай” канкурэнтаў Лукашэнкі. Плоймы ня будзе з чыста тэхналягічных прычынаў – рэгістрацыя ініцыятыўных групаў павінна адбыцца праз лічаныя дні, выставіць на збор подпісаў здольную каманду можа толькі той, у каго яна ўжо сёньня ня проста ёсьць, а стаіць “на нізкім старце”. А такіх, уключна з Лукашэнкам, можна пералічыць па пальцах адной рукі.

Можна, зразумела, прапанаваць і іншыя, зьнешнія матывы рашэньня. Да лета магло б пасьпець рашэньне Эўразьвязу аб пазбаўленьні Беларусі прэфэрэнцыяў у гандлі з аб’яднанай Эўропай за парушэньне правоў прафсаюзаў. Эўракамісія ўжо пачала гэтую працэдуру, але да сакавіка яны адмяніць прэфэрэнцыі не пасьпеюць.

Нарэшце, не ў парадку тлумачэньня тэрміну выбараў, а ў парадку тлумачэньня тэрміну іх прызначэньня. Рашэньне палаты было прынятае літаральна на наступны дзень пасьля бліц-візыту Лукашэнкі да Пуціна. Кіраўнік Беларусі апошнім часам усяляк дэманстраваў сваю незалежнасьць ад Масквы. Аднак у дадзеным выпадку, відаць, была патрэба дэманстраваць зусім іншае, і ня столькі беларускаму электарату, колькі Захаду – маўляў, за мной Масква. Калі б Лукашэнка з Пуціным ў Сочы пагаварылі нават толькі пра надвор’е, такое шчыльнае спалучэньне падзеяў па часе робіць сакавіцкія выбары ў Беларусі выбарамі, якія ўхваленыя Пуціным.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG