Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Галоўны інжынэр будоўлі Нацбібліятэкі: "Каму прыйшла ў галаву думка пабудаваць за два з паловай гады?"


Ігар Карней, Менск На галоўнай будаўнічай пляцоўцы Беларусі – будынку Нацыянальнай бібліятэкі – экспэртныя камісіі зьмяняюць адна адну. Галоўны інжынэр будоўлі кажа: спробы зрабіць усё як мага хутчэй пашкодзілі якасьці.

Тэрміны ўрачыстага адкрыцьця Нацыянальнай бібліятэкі ўжо тройчы пераносіліся. На момант пачатку будаўніцтва ў 2002 годзе казалі пра 1 ліпеня 2005 году, потым адкрыцьцё зьбіраліся прымеркаваць да Дня ведаў 1 верасьня, нарэшце – 1 студзеня новага, 2006-га. Пасьля гэтага ўсе досыць насьцярожана ставяцца да новага тэрміну, акрэсьленага Аляксандрам Лукашэнкам – травень наступнага году. Замаруджаньне працы на беларускім “дыямэнце” (так з-за складанай формы ахрысьцілі будынак афіцыйныя СМІ, хоць паводле геамэтрыі гэта амаль невымоўнае “ромбакубаактаэдр”) дае падставы казаць пра пэўныя праблемы. Аднак канструктар комплексу і галоўны інжынэр будоўлі Людміла Шохіна наконт тэрмінаў катэгарычная.

(Шохіна: ) “Хоць дзесяць разоў адтэрмінуем. Чаму? Таму што нарматыўны тэрмін для гэтага будынку быў шэсьць гадоў, дакладней, сем гадоў і два месяцы. Каму прыйшла ў галаву думка пабудаваць за два з паловай гады?.. Экспэрымэнтальны будынак, які не прайшоў экспэртызу! І паралельна, без дакумэнтацыі, праектавалі будаўніцтва”.

Увесь мінулы тыдзень на аб’екце працавалі прыёмачныя камісіі. Адна з рэвізорак не хавае, што менавіта пастаянная гонка ў тэрмінах спараджае недаробкі.

(Рэвізорка: )“Будынак ў літаральным сэнсе трашчыць ад свайго цяжару, ад нявытрыманых тэрмінаў. Дзе гэта бачна, каб такую махіну за паўтара году ўзводзілі! Жылы дом з панэляў будуюць, і тое два гады не заяжджаюць, бо сьцены “паўзуць”. А бібліятэка трашчыць і ад блізкасьці мэтро, і ад кальцавой дарогі… Такі гмах ўвогуле павінен пастаяць дзеля ўсадкі гадоў пяць. Будаўнікі кажуць: гэта сылікон трашчыць – што вы ад нас хочаце? Дык што мы, але ж дзяржкамісія не прыме! Таму ходзім, глядзім, дзе пайшлі трэшчыны, гаворым будаўнікам, яны гэта тут жа, пры нас зарабляюць”.

Ганаровы дырэктар і загадчык лябараторыі Інстытуту геалягічных навук НАН Беларусі акадэмік Радзім Гарэцкі ня бачыць нічога дзіўнага ў тым, што будынак можа прасядаць.

(Гарэцкі: ) “Натуральна, што такая здаровая махіна будзе ўсаджвацца. Ведаеце, просты дом і тое трэшчыну дае і прасядае. Але прадбачыць, колькі гэта будзе, як доўга – вельмі цяжка, бо неабходныя спэцыяльныя дасьледаваньні. Звычайна, калі робяць, прыкладам, плаціну, год-два займаюць уласна дасьледаваньні з мэтай высьветліць – можна будаваць на гэтым месцы, альбо не. Бібліятэка, канечне, не плаціна, больш лёгкая канструкцыя, але грунтоўныя дасьледаваньні гэтаксама неабходныя”.

Галоўны архітэктар праекту Нацыянальнай бібліятэкі Віктар Крамарэнка працэс усадкі навабуду называе нармалёвым і лягічным. Ён кажа, што запас трываласьці будынку куды большы за цяперашнія адхіленьні.

(Крамарэнка: ) “Усадку дае нават аднапавярховы будынак, гэта нармалёвы працэс. Але ўсадка бібліятэкі ніжэйшая за разьліковую. Іншымі словамі, неабходны запас трываласьці, які забясьпечылі канструктары, не дае нагоды сумнявацца (на сёньняшні дзень, прынамсі), што адбываюцца нейкія нэгатыўныя працэсы. Гэта цалкам натуральна, што літаральна на пару сантымэтраў адбылася ўсадка будынку, хоць акрэсьленыя разьлікамі ўсадкі маглі быць нашмат большыя. Гэта нармалёва, усё нармалёва”.

Кіраўніца канструктарскай групы Людміла Шохіна дадае, што трэшчыны ў бібліятэцы ёсьць. Аднак нясучых канструкцый гэта ня тычыцца.

(Шохіна: ) “Нясучая здольнасьць забясьпечаная. Трэшчыны ёсьць у перагародках з гіпсу, з плітаў 10-сантымэтровага ячэістага бэтону, таму што ўсё было замочанае. Завод выпускае перагародкі зь вільготнасьцю 30%, а яны пастаялі пад адкрытым небам і набралі 100% вільготнасьці. Цяпер падсыхаюць. Камісіям бібліятэчным я таксама тлумачыла: гэта ўсё ўсохне. Калі вам ставяць сырыя дзьвярныя каробкі, якія трашчаць, іх таксама трэба даводзіць да ладу. Так і тут: рабілі перагародкі, якія стаялі пад адкрытым небам. Што ў гэтым выпадку робіцца? Расшываюцца швы, па-новаму ўсё грунтуецца і фарбуецца. Гэта неабходна рабіць, бо перагародкі трэба захоўваць ў закрытым памяшканьні. А ў нас усё праз адно месца…”

Пры прагнозных паказчыках у 100-120 мільёнаў даляраў кошт бібліятэкі ўжо перавысіў 200 мільёнаў даляраў. Аднак пры такіх выдатках застаецца нямала нараканьняў на архітэктурнае рашэньне “нацыянальнай скарбніцы”. У кулюарах супрацоўнікі называюць бібліятэку “кратовай нарой”. Хоць зьнешне будынак і падаецца сучасным, затое ўнутры, як кажуць, звычайны “саўдэп” – з мноствам вузкіх калідораў і маленькіх памяшканьняў.

Апроч таго, ад пачатку будаўніцтва новай бібліятэкі гучаць меркаваньні, што кнігасховішча ў такім аб’ёме Беларусі не патрэбнае, бо сучасныя тэхналёгіі арыентуюцца ў бок электронных носьбітаў інфармацыі. Бы ў пацьверджаньне гэтага бібліятэка паступова абрастае дзяржаўнымі “кватарантамі”. Вядома, што туды пераяжджае Дзяржаўны архіў, Нацыянальная Кніжная палата, дасьледчы Цэнтар магчымасьцяў чалавека, а таксама вызначаная VIP-зона для самога Аляксандра Лукашэнкі, дзе будзе абсталяваны “Прэзыдэнт-цэнтар” з двума залямі для самітаў. Ня выключана, што на пачатковым этапе ў будынку бібліятэкі разьмесьціцца штаб-кватэра адміністрацыі Парку высокіх тэхналёгій. Таму будаўнікі кажуць, што зараз ня столькі будуюць, колькі ламаюць сьцены пад офісы нечаканым навасёлам.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG