Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Актывістка польскай “Салідарнасьці” атрымала "Мэдаль Свабоды"


Аляксей Дзікавіцкі, Варшава Ганна Валентыновіч – актывістка антыкамуністычнай апазыцыі, ад звальненьня якой з працы ў 1980-м годзе пачаўся гістарычны страйк рабочых Гданьскай суднавэрфі, атрымала ў Вашынгтоне "Мэдаль Свабоды" Трумана-Рэйгана, якой прафсаюз “Салідарнасьць” быў узнагароджаны амэрыканскім Фондам ахвяраў камунізму. Адметна, што мэдаль, які раней атрымалі, сярод іншых, Вацлаў Гавэл і Вітаўтас Ландсбергіс, уручылі менавіта спадарыні Валентыновіч – зацятай праціўніцы Леха Валэнсы.

Ганну Валентыновіч звольнілі з Гданьскай суднавэрфі за апазыцыйную дзейнасьць 8 жніўня 1980 году – пасьля 30 гадоў працы, калі да выхаду на пэнсію ёй заставалася 5 месяцаў.

Абураныя рабочыя пачалі старайк, патрабуючы аднавіць яе на працы. Калі пасьля некалькіх дзён пратэстаў кіраўніцтва суднавэрфі пагадзілася выканаць гэтае, а таксама шэраг іншых, пераважна эканамічных патрабаваньняў страйкоўцаў, Лех Валэнса заявіў, што гатовы падпісаць паразуменьне аб спыненьні пратэстаў. Але супраць гэтага нечакана выступіла Ганна Валентыновіч, якая сказала, што галоўнае патрабаваньне – не яе праца, але права на стварэньне незалежных прафсаюзаў.

Яна ўласнаручна затрымлівала рабочых каля брамы суднавэрфі, калі тыя хацелі разысьціся. Страйк працягнуўся, і ў выніку рабочыя дамагліся права стварыць “Салідарнасьць”, але у Валентыновіч пачаўся востры канфлікт з Валэнсам, якога яна абвінаваціла ў прымірэнчай пазыцыі.

Пазьнейшы польскі “круглы стол” спадарыня Валентыновіч назвала “здрадай” і “змовай з камуністамі”.

(Валентыновіч: ) “Я адчуваю, што ашукалі ўвесь народ. Тых, хто пайшоў на згоду з камуністамі, трэба прыцягнуць за адказнасьці”.

У сваю чаргу Лех Валэнса катэгарычна абверг гэтыя абвінавачаньні:

(Валэнса: ) “Перад Богам, усім сьвятым і усім сьветам, заяўляю, што ніякіх маніпулцыяў ці здрадаў не было”.

Пасьля перамогі дэмакратыі ў Польшчы Ганна Валентыновіч амаль зьнікла з грамадзкага жыцьця – яна хварэла і знаходзілася ў цяжкім матэрыяльным становішчы, але адмаўлялася ад дапамогі дзяржавы, у тым ліку і ад пэрсанальнай пэнсіі, якую запрапанаваў ёй польскі прэм’ер.

“Я вельмі зрушаная, што праз 25 гадоў дачакалася такога гонару, пра які і не марыла. У Польшчы я пакажу гэты мэдаль тым, зь кім калісьці побач змагалася і скажу, што іхная барацьба, іхная мужнасьць мелі сэнс”, – заявіла ў Вашынгтоне Ганна Валентыновіч.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG