Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Іран прапануе Беларусі супрацоўніцтва ў ядзернай сфэры


Алесь Дашчынскі, Менск Сёньня ў Менску старшыня сходу Ісламскага савету Ірану Хадад Адэль Голам Алі заявіў пра гатоўнасьць ягонай краіны разьвіваць супрацоўніцтва зь Беларусьсю ў энэргетычнай сфэры, у тым ліку ў галіне ядзернай энэргетыкі.

Пасьля сустрэчаў ў Савеце рэспублікі старшыня сходу Ісламскага савета заявіў журналістам, што Іран хоча супрацоўнічаць зь Беларусьсю ў ядзернай энэргетыцы і дасьледаваньнях ў гэтай галіне.

Паводле Хадад Адэль Голама Алі, “ у Беларусі няма атамных электрастанцый, але Беларусь валодае вялікім досьведам у гэтай сфэры”.

(Хадад: ) “Наш візыт у Беларусь гаворыць пра тое, што ўвесь іранскі народ хоча наладзіць блізкія сувязі зь беларускім народам. У далейшым мы маем намер разьвіваць ня толькі гандлёва-эканамічнае, але і навукова-тэхнічнае супрацоўніцтва”.

Апошнім часам ядзерная праграма Ірана стала адной з ключавых сусьветных праблемаў, якія шырока абмяркоўваюцца на міжнародным узроўні.

ЗША і Эўразьвяз выказваюць занепакоенасьць іранскімі ядзернымі амбіцыямі. Яны падазраюць, што Іран можа выкарыстоўваць або ўжо выкарыстоўвае свае распрацоўкі ў стварэньні ядзернай зброі.

Тым часам іранскія афіцыйныя асобы заяўляюць, што ядзерная праграма мае выключна мірныя мэты.

Прадстаўнік беларускага міністэрства замежных справаў Руслан Есін адзначыў, што падчас сустрэчы старшыні сходу Ісламскага савету зь міністрам замежных справаў Беларусі Сяргеем Мартынавым пытаньне беларуска-іранскага ядзернага супрацоўніцтва не закраналася.

Паводле прадстаўніка інстытута энэргетычных і ядзерных дасьледаваньняў “Сосны” Мікалая Грушы, ніякіх праектаў з іранскім бокам не вядзецца, хаця вядома, што раней з такімі прапановамі выходзіла амбасада Ірана ў Беларусі.

(Груша: ) “Можа наш досьвед ім і не падыходзіць. У нас усё ж даўно ўжо такіх работ у энэргетычным пляне не вядзецца. Калісьці ў нас вяліся работы ў стварэньні ядзернай энэргетычнай устаноўкі перасоўнага тыпу, але ўжо хутка 8 гадоў, як яны не вядуцца. Іншая справа, што вядуцца работы навуковага пляну: якія рэактары цяпер найбольш бясьпечныя і гэтак далей. Ясна, што вайсковымі справамі, калі такія намеры ёсьць у Ірану, мы ня будзем займацца”.

Афіцыйныя Менск і Тэгеран падкрэсьліваюць падабенства пазыцый на міжнароднай арэне. Паводле старшыні Савета рэспублікі Генадзя Навіцкага, на будучы год плянуецца візыт кіраўніка Беларусі ў Іран.

(Навіцкі: ) “Пазыцыі Ірана і Беларусі ў многім вельмі блізкія, як на міжнароднай арэне, так і наагул у поглядах на адносіны паміж краінамі”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG