Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Анатоль Лябедзька: “2006 год можа ўвайсьці ў гісторыю Беларусі”


Алесь Дашчынскі, Менск Якую падзею 2005 году вы лічыце найважнейшай? Чаго чакаеце ад новага году? На пытаньні “Свабоды” адказвае старшыня Нацыянальнага камітэту аб’яднаных дэмсілаў Анатоль Лябедзька.

(Лябедзька: ) “Кангрэс дэмакратычных сілаў — гэта самая харызматычная і знакавая падзея 2005 году. І менавіта яна дае спадзяваньні на 2006 год. Я думаю, што ў нас ёсьць добры шанец на перамогу. Перамога не прыходзіць да слабых, таму трэба дэманстраваць, што мы асобы, што мы людзі, а ня двухногія істоты. І я чакаю, што ўсё ж такі знойдзецца ў Беларусі дастаткова людзей, якія пазмагаюцца і за перамогу і за вынік. 2006 год у гэтым сэнсе даволі адказны. А ўсё астатняе залежыць ад нас”.

(Карэспандэнт: ) “А што вы лічыце нэгатыўным з таго, што адбылося цягам 2005 году?”

(Лябедзька: ) “У першую чаргу гэта вяртаньне назад, за жалезную заслону, у 1937 год, да заканадаўства, якое прадугледжвала пакараньне за іншадумства. Ёсьць пагроза турэмнага зьняволеньня. Гэта якраз самае адмоўнае, што паднесла ўлада як пераднавагодні падарунак для грамадзянаў. Нас вярнулі назад, у сталінскі час, за жалезную заслону”.

(Карэспандэнт: ) “Ваш прагноз на 2006 год?”

(Лябедзька: ) “Калі тыя 15% людзей, якія заяўляюць пра сваю гатоўнасьць абараняць свой выбар, прадэманструюць гэта на справе, тады ёсьць шанец ператварыць 2006 год з разраду шараговых, сярэднестатыстычных у сапраўды той год, які можа ўвайсьці ў гісторыю Беларусі. Такі шанец ёсьць. Скарыстаем яго ці не, сёньня сказаць даволі складана, таму што мы набліжаемся дэ-факта да ўвядзеньня надзвычайнага становішча ў краіне. Але шанец застаецца”.

***

Радыё Свабода ласкава запрашае слухачоў і наведнікаў пакідаць свае паведамленьні і водгукі. Якія падзеі 2005 году вы лічыце найбольш важнымі? Чаго чакаеце ад 2006 году? Калі ласка, дасылайце свае адказы на svaboda.org/forum.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG