Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Гаспадарчы суд спыніў справу “Народнай Волі” да “Белпошты” (фота)


Ганна Соусь, Менск Гаспадарчы суд Менску вырашыў спыніць справу паводле пазову “Народнай Волі” да прадпрыемства “Белпошта” на той падставе, што гэтая справа нібыта ня можа разглядацца ў гэтай судовай інстанцыі. Рэдакцыя “Народнай Волі” праз суд дамагалася прымусіць “Белпошту” ўключыць газэту ў падпісны каталёг на 2006 год. “Якім чынам у гэтай краіне трэба адстойваць свае правы, калі суду няма?” – камэнтуе вынік Гары Паганяйла.

Судзьдзя менскага Гаспадарчага суду Алена Мельнікава прыняла рашэньне спыніць судовую справу паводле пазову “Народнай Волі” да прадпрыемства “Белпошта”. Адпаведнае хадайніцтва падалі прадстаўнікі “Белпошты”, якія аргумэнтавалі сваё патрабаваньнем тым, што гэтая справа нібыта ня мусіць разглядацца ў Гаспадарчым судзе.

На пытаньне галоўнага рэдактара “Народнай Волі” Іосіфа Сярэдзіча, а ў якой судовай установе ў такім разе трэба разглядаць гэтае пытаньне, прадстаўнікі “Белпошты” адказалі, што яно ня будзе разглядацца нідзе.

Гары Паганяйла і Іосіф Сярэдзіч

Іосіф Сярэдзіч быў абураны рашэньнем суду аб спыненьні справы.

(Сярэдзіч: ) “Наагул ніякага рашэньня няма. Ёсьць проста беззаконьне. Гаспадарчы суд павінен быў адхіліць пазоў на стадыі падачы. Што ж гэта робіцца, калі другі бок, бок адказьніка, дыктуе суду, што трэба спыніць справу, паколькі яны так лічаць”.

Прадстаўнікі прадпрыемства “Белпошта” — манапаліста на рынку падпіскі на пэрыядычныя выданьні — адмовіліся ад камэнтароў.

Прадстаўнікі "Белпошты"

Падчас судовых слуханьняў судзьдзя не агучыла іхных імёнаў, аднак з судовага вызначэньня, якое было перададзенае “Народнай Волі”, вынікала, што ў працэсе бралі ўдзел спадары Чарнавус, Крысь, Астроўская і Сянько.

Прадстаўнік “Народнай Волі” ў судзе намесьнік старшыні Беларускага Хэльсынскага камітэту юрыст Гары Паганяйла ня пагаджаецца з рашэньнем судзьдзі Алены Мельнікавай.

(Паганяйла: ) “Суд ня выслухаў меркаваньня пазоўніка і на падставе хадайніцтва ў тры радкі наконт непадсуднасьці дадзенай спрэчкі суду цягам пяці хвілінаў спыніў гэтую справу. Якім чынам у гэтай краіне трэба адстойваць свае правы, калі суду няма?”

Прадстаўнік “Народнай Волі” ў судзе Гары Паганяйла паведаміў “Свабодзе”, што будзе абскарджваць рашэньне суду. На судовых слуханьнях сёньня прысутнічала прадстаўніца АБСЭ.

Нагадаем, што ў лістападзе “Белпошта” паведаміла “Народнай Волі”, што не ўключае газэту ў падпісны каталёг (як, дарэчы, і шэраг іншых недзяржаўных выданьняў: “Салідарнасць”, “Наша Ніва”, “Згода”, а таксама некаторыя рэгіянальныя недзяржаўныя газэты — “Вольнае Глыбокае”, “IntexPress”, “Бресткий курьер”, “Газета Слонімская”, “Витебский курьер”, “Рэгіянальная газета” ды іншыя).

З 1 кастрычніка “Народная Воля” вымушаная друкавацца ў Расеі і ня мае магчымасьці распаўсюджвацца праз газэтныя шапікі ў сувязі з тым, што прадпрыемствы “Белсаюздруку” і друкарня “Чырвоная зорка” ў аднабаковым парадку скасавалі дамовы зь недзяржаўным выданьнем. У лістападзе Гаспадарчы суд Менску адмовіў “Народнай Волі” ў патрабаваньнях да Белсаюздруку, Менгарсаюздруку і Менаблсаюздруку аднавіць дамовы на распаўсюджаньне выданьня.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG