Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларуская прэса за 15 сьнежня


Падрыхтаваў Зьміцер Падбярэскі

“Беларуская крыніца”, 1935 год. Пра 15-годзьдзе Беларускага Студэнцкага Саюзу:

“А гадзіне 16 у залі Віленскага Унівэрсытэту пачалася ўрачыстая акадэмія. Народу зышлося многа — вялізарная заля была шчыльна запоўнена. Былі прадстаўнікі унівэрсытэцкіх уладаў, былі прадстаўнікі беларускага грамадзянства, былі студэнты беларусы, літоўцы, украінцы і інш. На фронтавай сьцяне вісеў удэкараваны беларускім нацыянальным бел-чырвона-белым сьцягам гэрб беларускага народу — Пагоня. За прэзыдыяльным сталом засеў урад Беларускага Студэнцкага Саюзу і ганаровыя сябры прэзыдыюму гэтай акадэміі. Акадэмію адкрыў кароткай, рэчовай, адпаведнай урачыстасьці, прамовай старшыня Саюзу студ. Мік.Шчорс”.

“Знамя юности”, 1985 год. Старшыня Нараўлянскай раённай камісіі па барацьбе з п’янствам і алькагалізмам Л.Абрамава:

“Вясковыя сходы, праведзеныя ва ўсіх вёсках раёну, зрабіліся эфэктыўнай формай наступу на п’янства. Калектыўны судзьдзя і выхавацель — так можна вызначыць іх асноўную функцыю. Горкія ўрокі, якія атрымліваюць аматары сьпіртнога на сходах, прымушаюць многіх зь іх усур’ёз задумацца пра свой лад жыцьця. А да тых, хто не жадае прызнаваць нашых савецкіх формаў супольнага жыцьця, вяскоўцы ўжываюць больш строгія меры”.

“Свабода”, 1995 год. Вераніка Чаркасава пра Беларускае тэлебачаньне:

“На сёньня ж інфармацыйнае вяшчаньне, якое займае цэлую гадзіну найбольш дарагога тэлевізійнага часу ў prime time, зьяўляецца ў чыстым выглядзе прэзыдэнцкім тэлебачаньнем, якое ягоны галоўны пэрсанаж, заказчык і спажывец, дарэчы, і аплачвае… Затое цяпер, гледзячы выданьне навінаў, ён ня плача ад сораму і не чырванее за патокі подлай хлусьні, што ліецца на яго з экрана. Вось толькі скончыць артыкул хочацца адным-адзіным за ўвесь гэты час “крамольным” выразам, які прагучаў з вуснаў І.Хрушчовай: “А да чацьвёртай улады нам яшчэ як да Масквы пехам…”
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG