Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Лічу прыняцьце паправак у Крымінальны Кодэкс своечасовым і справядлівым!..”


Радыё Свабода Водгукі слухачоў – 15 сьнежня. Званок на Свабоду. Кожны дзень з 21:00 вечара да 09:00 раніцы вы можаце затэлефанаваць на менскі нумар 290-39-52 і пакінуць свой водгук на нашым аўтаадказьніку. Рэдакцыя Радыё Свабода не нясе адказнасьць за выказваньні слухачоў.

(Аляксандар: ) “Паважанае Радыё Свабода! Хачу ў вас даведацца, ці вядзецца ўлік усіх правапарушэньняў чалавека ў Беларусі. А то ж настане час, і Гааскі трыбунал запытае, тая самая Карла Дэль Понта: “Ці ёсьць у вас доказы?” І што тады?”

(Спадар: ) “Апошнія тыдні вы распальваеце страсьці наконт прыняцьця Палатай прадстаўнікоў зьменаў у закон пра крымінальную адказнасьць за неабгрунтаваную абразу краіны.

Лічу, што прыняцьце гэтага закону своечасовае і справядлівае. Дастаткова ўжо! Ўжо дзесяцігодзьдзе нашы паважаныя апазыцыянэры ганьбяць Беларусь ва ўсім сьвеце. У панядзелак у перадачы Зімоўскага “Жёсткий разговор” намесьнік начальніка КДБ зачытаў такія самыя артыкулы ў крымінальных кодэксах Бэльгіі, Нямеччыны і іншых краінах Эўропы, дзе таксама за абразу гэтых дзяржаваў пагражае крымінальная адказнасьць. Дык якія праблемы? Чаму ў гэтых дзяржавах гэта дапушчальна, а ў Беларусі за тыя самыя злачынствы нельга? Чаму вы паднімаеце такі шум?”

(Спадар: ) “Я жадаю выказацца ў абарону рэвалюцыяў, усякіх рэвалюцыяў, аранжавых і не аранжавых.

Галоўнае – ня даць асобным групам карыстацца вынікамі рэвалюцыі. Рэвалюцыя – гэта заўсёды добра. А вось пераварот – заўсёды дрэнна. Пераварот адбываецца заўсёды наверсе, а рэвалюцыі адбываюцца заўсёды зьнізу. Рэвалюцыі адбываюцца там, дзе няма свабоды. Паглядзіце, як афіцыйная прапаганда на Беларусі і ў Расеі высьмейвае, выкрывае рэвалюцыю, быццам гэта крымінал!

Я сёньня, напрыклад, мару аб рэвалюцыі на Беларусі, бо так жыць нельга! Адзін чалавек кіруе краінай! Як можна з гэтым мірыцца і ўхваляць? Гэта абраза ўсім нам: грамадзянам, грамадзтву. Нас гэты кіраўнік ня чуе і чуць не жадае. А калі так, то мы павінны яго прымусіць слухаць нас, бо мы – народ!”

(Спадар: ) “Паважаная грамадзяне добрай волі нашай краіны! 16 сьнежня – штомесячная дата памяці забітых генэрала Захаранкі, дэпутата Ганчара, журналіста Завадзкага, бізнэсоўца Красоўскага і іншых палітыкаў. Дык паставім сьвечкі на вокны а восьмай гадзіне вечара! Няхай бачаць нядобразычліўцы, што іхныя злачынствы ня могуць быць забытыя!”

(Спадар: ) “Для таго, каб акцыя памяці зьніклых была больш заўважнай, запаленыя сьвечкі трэба ставіць на дахах, а не на падаконьнях. А каб сьвечку не задзьмуваў вецер, яе трэба ставіць у перавернутую плястыкавую бутэльку, зрэзаўшы папярэдне дно і нарабіўшы дзірачак для паветра. Атрымаецца своеасаблівы японскі ліхтарык, які можна прымацаваць да калектыўнай тэлеантэны і пакінуць на ўсю ноч. Гэта будзе падобна на акцыю Мірона, які вывешвае бел-чырвона-белыя сьцягі. Таму і адказнасьць за такую акцыю можа пагражаць значна большая”.

(Спадар: ) “Зусім нядаўна Расея сьпісвала мільярдныя даўгі афрыканскім краінам. А сёньня дзярэ пяць скураў з суседзяў-украінцаў, падвышаючы ў пяць разоў цэны на газ, з народу, якога часта ўлады Расеі самі называюць брацкім. Такім чынам улады Расеі паказалі свой сапраўдны твар. Так што ты хоць тройчы будзь братам і славянінам, але калі ты пайшоў ня той дарогай, цябе чакае такая ж доля.

Пра якую незалежнасьць мы можам казаць, аб’ядноўваючыся з краінай з такой уладай?”

(Спадар: ) “12 сьнежня на канале БТ у “Панараме” абмяркоўваўся бюджэт Беларусі на будучы год. Прыкладна так гучала інфармацыя:

“Беларусь траціць на ахову здароўя і адукацыю 21 працэнтаў ад свайго бюджэту, а Амэрыка ўсяго толькі 4. Маўляў, Беларусь у 5 разоў траціць грошаў больш”.

На самой жа справе ўсе мы ведаем, што тыя чатыры працэнты амэрыканскага бюджэту ў шмат разоў большыя, чым усе 20, а мо і 50 беларускага бюджэту. Крыўдзіць такая падача інфармацыі, нібыта мы, гледачы і слухачы, дзяржаўных сродкаў масавай інфармацыі ня маем дастаткова розуму, каб такое простае ўсьвядоміць.

А ў аўторак яшчэ больш зьдзівіла інфармацыя на канале ОНТ у нашых навінах. Там прывялі прыклад, што ў Беларусі на 60 працэнтаў павялічыўся продаж золата насельніцтву. Маўляў, гэта азначае, што беларускі народ усе лепей і лепей жыве з кожным днём. А хто скупляе гэтае золата? Ці то калгасьнік купляе золата, што працуе круглыя суткі круглы год? Ці то пэнсіянэры, якія аддалі сваё здароўе, сілы дзяржаве і цяпер на сваю пэнсію могуць купіць гэтае золата? Канечне ж, не. Мы ведаем, што гэта могуць дазволіць сабе ў асноўным толькі чыноўнікі, якія ўжо і так ня ведаюць, куды дзяваць свае грошы. Яны накуплялі сабе кватэр, дзецям і ўнукам, і ўжо ня ведаюць, куды траціць свае грошы. Вось яны і купляюць золата”.

(Анастас Семяновіч: ) “Я ганаруся тым, што адзіным кандыдатам на пасаду прэзыдэнта стаў Аляксандар Мілінкевіч. Прагноз мой зьдзейсьніўся. Але пры дадзенай сыстэме выбараў ён прэзыдэнтам ня будзе. Самая сумленная жанчына Беларусі Ярмошына забясьпечыць “элегантную перамогу” вялікаму начальніку Беларусі.

Другое пытаньне адмоўнае. Зьмены ў Крымінальным кодэксе сярод іншага прадугледжваюць пакараньне за ўдзел у дзейнасьці незарэгістраваных грамадзкіх аб’яднаньняў, а таксама дыскрэдытацыю Рэспублікі Беларусь. Я думаю, што 37-ы год у Беларусі ўжо фактычна надышоў”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG