Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На мяне працягваюць ціснуць, кажа былы зьняволены па справе Завадзкага


Алег Грузьдзіловіч, Менск Справа аб выкраданьні тэлеапэратара ОРТ Зьмітра Завадзкага працягваецца, аднак шмат якія праваабаронцы і сваякі зьніклага лічаць тупіковым шлях, які абрала сьледзтва. Асуджаныя за выкраданьне Завадзкага былыя міліцыянты Ігнатовіч, Малік і Гуз па-ранейшаму не прызнаюць сябе вінаватымі. Суд ня даў адказу на пытаньне, які ж лёс напаткаў Завадзскага пасьля ягонага зьнікненьня. Наш карэспандэнт працягвае расказ пра лёсы асуджаных у гэтай справе. Сёньня сярод ягоных суразмоўцаў сваякі Аляксея Гуза і Сяргей Савушкін -- адзіны з гэтак званай групоўкі Ігнатовіча, хто ўжо выйшаў на волю.

Аляксея Гуза суд пакараў 25 гадамі калёніі . Здаецца, мусіў радавацца, што кінулі за краты не пажыцьцёва, як Ігнатовіча ці Маліка. Але былы курсант міліцэйскай акадэміі Аляксей Гуз, адлічаны з акадэміі за бойку, у аршанскай калёніі адмовіўся апранаць турэмную вопратку. За гэта яго пакаралі дадаткова – на тры гады накіравалі адбываць прысуд у магілёўскую калёнію, дзе сядзяць ў адзіночных камэрах найбольш небясьпечныя вязьні. Як вытрымаў гэтыя тры гады адзіночкі, ягоны бацька Віктар Гуз дагэтуль не ўяўляе. Кажа, ня думаў, што ён такі дужы. Паводле спадара Віктара, сілаў сыну дадае перакананьне: праз пэўны час ягоная невінаватасьць будзе даказаная.

(Віктар Гуз: ) “ Нічога, кажа, не рабіў, нікога не забіваў. Тры гады мы ў Магілёў раз ў год езьдзілі, бачыліся . Уваходзім, ён становіцца на калені, кажа, што не вінаваты. Ня ведаю... Але ж усе хлопцы, каго ні вазьмі, ніхто зь іх сваёй віны не прызнаў”.

Гэтым лістападам скончыліся тры гады, прызначаныя Гузу для адбываньня пакараньня ў адзіночцы, і яго вярнулі ў аршанскую калёнію №8. Бацькі чакалі ліста, а замест гэтага на мінулым тыдні атрымалі паперу, падпісаную начальнікам калёніі Сяргеям Краўчанкам. Міліцыянт паведаміў, што Аляксей Гуз зноў пакараны і накіраваны ў карцэр. За што дакладна, на які тэрмін пакаралі – не паведамляецца.

Мне ўдалося датэлефанавацца да спадара Краўчанкі і адрасаваць яму гэтыя пытаньні. Паводле начальніка калёніі, Гуз парушыў унутрытурэмную дысцыпліну, ён адбыў 15 дзён у карцэры і зараз пераведзены ў памяшканьне камэрнага тыпу. Значыць, зноў у адзіночцы... Туды зьмяшчаюць на тэрмін да 6 месяцаў. “Там іншы рэжым,” -- патлумачыў розьніцу міліцыянт.

(Краўчанка: ) “ Ну, непакояцца...Разумееце, у чым пытаньне? У карцэры забаронена перапіска, яны якраз пра гэта пыталіся, а ў памяшканьні камэрнага тыпу перапіска дазволена. Хай чакаюць ад сына лістоў”.

Аляксей Гуз, паводле сьледзтва, займаў трэцюю прыступку ў групоўцы Валера Ігнатовіча. А больш за год таму з турмы выйшаў чалавек, якому сьледзтва адвяло яшчэ ніжэйшую ролю. 38 гадовы Сяргей Савушкін нібыта ўдзельнічаў толькі ў рабаваньнях, якімі таксама ня грэбавала банда Ігнатовіча. Між тым сьледчыя з гарадзкой пракуратуры дагэтуль выклікаюць яго на допыты і патрабуюць паказаць месца, дзе закапанае цела журналіста. Сяргей Савушкін:

(Савушкін: ) “Самая галоўная для іх задача -- яны ад мяне дамагаюцца, каб я пад іх дыктоўку навёў паклёп на сваіх знаёмых Валеру Ігнатовіча, Маліка, Гуза. Сьледчы Чумачэнка мне наўпрост кажа, што нібыта я ведаю, дзе закапаны Завадзкі. Я кажу, адкуль я ведаю? Калі б я ведаў, я б даўно распавёў. Я ж ведаю, што крымінальны кодэкс вызваляе мяне ад адказнасьці, калі я першы паведамлю пра злачынства, у якім лічуся саўдзельнікам . Але Чумачэнка працягвае на мяне ціснуць псыхалягічна. Паўтарае, нібыта я ведаю, дзе Завадзкі. Уявіце мой стан пасьля гэтага!”

На фота: Сяргей Савушкін



Напачатку году Сяргей Савушкін спрабаваў папрасіць прытулку ў Нямеччыне, але быў дэпартаваны з гэтай краіны на падставе папер зь Міністэрства ўнутраных спраў Беларусі. Дзе цяпер Сяргей Савушкін, мне невядома. Калі два тыдні таму мы разьвітваліся зь ім, ён не хаваў трывогі, што ўлады паспрабуюць ізноў адправіць яго ў турму.

А як ставіцца да апошніх прызнаньняў Савушкіна, меркаваньняў сваякоў Ігнатовіча, Маліка і Гуза Сьвятлана Завадзкая – жонка Зьмітра Завадзкага, які зьнік больш за 5 гадоў таму?

Сьвятлана збольшага падзяляе меркаваньне маці свайго мужа Вольгі Завадзкай, што Ігнатовіч з саўдзельнікамі ўвогуле можа быць не датычны да выкраданьня. Такія сумненьні ў яе ўзьніклі яшчэ да вынясеньня прысуду. Жонка зьніклага тэлеапэратара кажа, што і зьнешне занадта ўжо адрозьнівалася гэтае злачынства ад усяго астатняга, у чым абвінавачвалі групоўку Ігнатовіча.

(Завадзкая: ) “Не разумею дагэтуль, як такія справы могуць аддаваць у суд. Прыкладам, з Савушкіным было тое, што нібыта ён абрабаваў кватэру і пакінуў свае біялягічныя сьляды, а потым высьветлілася, што ў той момант ён адбываў пакараньне ў турме. Ну як такое можа быць? Уражаньне, што сьледчым вельмі хацелася навесіць на іх розныя крымінальныя злачынствы, а разам і справу Дзімы, каб яна адна не выглядала неяк недарэчна. Але ў выніку выявіліся такія кантрасты! Бо ва ўсіх справах была, разумееце, панажоўшчына. Там жа і горла рэзалі, і руку некаму адсеклі, у эпізодзе пра азэрбайджанскую сям’ю. І раптам усплывае ідэальнае злачынства – гэтае выкраданьне ані без адбіткаў пальцаў, ані бяз іншых якіх сьлядоў. Усё сьцёрта, усё падрыхтавана. Там куча сьлядоў – тут усё чыста. Такім чынам ўжо тады было бачна, што адно не стасуецца з другім. Калі яны тое і рабілі, то не рабілі гэтага . Паўтаруся, справа была вельмі сырая, база доказаў была проста мінімальная”.

Сьвятлана Завадзкая таксама пацьвердзіла, што апошнім часам расьсьледаваньне справы аб выкраданьні яе мужа актывізавалася: сьледчыя нават ізноў апытваюць жыхароў яе дому наконт падазроных асобаў, якія нібыта сачылі за Зьмітром Завадзкім напярэдадні зьнікненьня. “Апытваюць і тых, хто ў той час быў яшчэ ў дзіцячым узросьце!”, -- зьдзіўляецца Сьвятлана. Пры гэтым яна згадвае, што першапачаткова ў справе фігураваў блакітны “рэно”, зь якога нібыта сачылі за яе мужам, а потым узьнік бардовы “фольксваген”. Ці яшчэ адна зьмена паказаньняў: спачатку адна сьведка апісала і пазнала чалавека, які працаваў у службе аховы прэзыдэнта, але нібыта сачыў за кватэрай Завадзкіх. А пазьней ад сваіх паказаньняў сьведка адмовілася.

Чаму менавіта цяпер актывізаваліся сьледчыя? Сьвятлана не выключае , што гэта актыўнасьць зьвязаная з будучымі прэзыдэнцкімі выбарамі. Адвакат Завадзкіх Гары Паганяйла згадвае: да Ігнатовіча ў камэру падчас сьледзтва прыходзіў былы камандзір “Алмазу”, цяперашні міністар унутраных спраў Уладзімір Навумаў. Адвакат задае пытаньне, пра што яны размаўлялі? На думку Гары Паганяйлы, падобна на справу Завадзкага могуць паспрабаваць вырашыць і справы іншых зьніклых апазыцыянэраў.

(Паганяйла: ) “Ня выключана, што па гэтак званай “марозаўскай групоўцы” таксама угаворваюць, што вазьміце на сябе забойствы Захаранкі, Ганчара і Красоўскага, а за гэта захаваем вам жыцьцё. Бо ў многіх з гэтай групоўкі па дзясятку трупаў. Гэты гандаль хоць і недарэчы, але, магчыма, ён ідзе”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG