Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Міколу Статкевіча наведаў амбасадар Швэцыі


Любоў Лунёва, Менск Міколу Статкевіча, які ў Баранавічах адбывае пакараньне на “хіміі” за арганізацыю вулічных дэманстрацыяў супраць фальсыфікацыі вынікаў выбараў і рэфэрэндуму, наведаў кіраўнік дыпмісіі Швэцыі Стэфан Эрыксан. Ён уручыў палітвязьню ліст падтрымкі ад міністра замежных справаў Швэцыі.

Мікола Статкевіч у часе сустрэчы са швэдзкім дыпляматам выказаў падзяку ўраду Швэцыі і партнэрам з сацыял-дэмакратычнай партыі за падтрымку і праявы салідарнасьці. Гаворыць Мікола Статкевіч:

(Статкевіч: ) “Гэта, сапраўды, вельмі важна і прыемна. Дарэчы, гэтая падтрымка робіцца эфэктыўнай, улічваючы залежнасьць беларускай эканомікі ад экспарту нафтапрадуктаў у Эўрапейскі Зьвяз. Доказам эфэктыўнасьці гэтай падтрымкі ёсьць тое, што я цяпер знаходжуся на хатнім рэжыме. Нядаўна адбылася акцыя салідарнасьці ў Галяндыі. Я пачаў атрымліваць паштоўкі са словамі падтрымкі. Гэта частка акцыі салідарнасьці. Спадар Стэфан Эрыксан перадаў ліст ад міністра замежных справаў Швэцыі. У гэтым лісьце таксама ёсьць словы падтрымкі, і пра тое, што месца Беларусі ў супольнасьці дэмакратычных эўрапейскіх дзяржаваў”.

Міколу Статкевіча некалькі разоў наведвалі прадстаўнікі дыпмісіяў Нямеччыны, ЗША, а таксама замежныя партнэры.

У Амстэрдаме 10 сьнежня на ўгодкі прыняцьця Дэклярацыі правоў чалавека адбыўся пікет з патрабаваньнем вызваліць Міколу Статкевіча. Пікет ладзілі сябры Кангрэсу Партыі працы Галяндыі і праваабарончай арганізацыі “Міжнародная амністыя”. У горадзе Утрэхце адбылася дыскусія з удзелам прадстаўнікоў Эўрапарлямэнту і парлямэнту Галяндыі, у часе якой абмяркоўвалася сытуацыя ў сацыял-дэмакратычным руху Беларусі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG