Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прафсаюзны лідэр абвяргае заявы шэфа КДБ Сухарэнкі


Міхал Стэльмак, Менск Прынятыя папраўкі ў Крымінальны кодэкс не маюць ніякага дачыненьня да права прафсаюзаў зьвяртацца ў Міжнародную арганізацыю працы са скаргамі на парушэньне ў Беларусі прафсаюзных правоў. З такой заявай выступіў прафсаюз радыёэлектроннай прамысловасьці.

Паводле прафсаюзнага кіраўніцтва, заяву справакавала выказваньне старшыні Камітэта Дзяржбясьпекі Сьцяпана Сухарэнкі ў часе нядаўняга абмеркаваньня ў Палаце прадстаўнікоў паправак да Крымінальнага кодэксу.

У якасьці прыкладу “паклёпніцкіх заяваў” кіраўнік КДБ назваў інфармацыю, агучаную некаторымі прафсаюзнымі дзеячамі, з-за якой “пайшоў 6-месячны тэрмін ультыматуму”, які быў прад’яўлены Беларусі Міжнароднай арганізацыяй працы.

У прафсаюзнай заяве гаворыцца, што такое выказваньне кіраўніка КДБ выклікае “абурэньне сваёй безапэляцыйнасьцю і прававой неадэкватнасьцю”. Гаворыць лідэр прафсаюзу радыёэлектроннай прамысловасьці Генадзь Фядыніч:

(Фядыніч: ) “На наш погляд выказваньне старшыні Камітэту дзяржаўнай бясьпекі да нас зусім ня можа мець ніякага дачыненьня. Усё ставіцца з ног на галаву.

Мы зьвяртаемся да ўладаў, што ёсьць парушэньне правоў прафсаюзаў і правоў працоўных. Улады нічога не вырашаюць, а наадварот, робяць усё для таго, каб зьнішчыць незалежны прафсаюзны рух. І мы ў адпаведнасьці з законам зьвяртаемся да міжнароднай супольнасьці, да Міжнароднай арганізацыі працы.

Адтуль прыяжджаюць юрысты вельмі высокага ўзроўню і знаходзяць, што ўсе нашы скаргі пацьвярджаюцца. І Міжнародная арганізацыя працы ўжо не адзін год дае адны і тыя ж рэкамэндацыі”.

Правы сяброў прафсаюзу радыёэлектроннай прамысловасьці, паводле яго актывістаў, працягваюць парушацца. Гаворыць прадстаўніца гэтага прафсаюзу ў Магілёве Галіна Лісіцына:

(Лісіцына: ) “Прафсаюзную арганізацыю завода Кірава, нягледзячы на перапіску, якую мы вялі, не зарэгістравалі. Потым зьявілася рэгіянальная арганізацыя прафсаюза радыёэлектроннай прамысловасьці, але нам таксама адмовілі, не далі юрыдычнага адрасу”.

Падобная ж сытуацыя, паводле актывістаў прафсаюзу радыёэлектроннай прамысловасьці, і ў іншых рэгіёнах. Звароты да ўладаў з пратэстамі на такія дзеяньні не задавальняюцца. Таму прафсаюз нагадвае ў сваёй заяве, што цяпер іхнымі праблемамі ў Беларусі займаецца Эўракамісія, якая праводзіць маніторынг парушэньняў прафсаюзных правоў і выкананьня рэкамэндацыяў Міжнароднай арганізацыі працы.

Вынікам гэтага маніторынгу можа быць прыпыненьне дзеяньня сыстэмы прэфэрэнцыяў для Беларусі ў гандлі з краінамі Эўразьвязу. Якраз гэта, на думку прафсаюзнага кіраўніцтва, выклікае раздражненьне беларускіх уладаў, якія замест прыняцьця неабходных мер распаўсюджваюць, як падкрэсьліваецца ў дакумэнце, пагрозы на адрас прафсаюзных лідэраў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG