Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Улады зачынілі бюро Радыё Свабода ў Ташкенце


Вячаслаў Ракіцкі, Прага У сталіцы Ўзбэкістану Ташкенце спыняе дзейнасьць бюро Радыё Свабода. Міністэрства замежных справаў Узбэкістану адмовілася працягнуць акрэдытацыю карэспандэнтаў і аднавіць пагадненьне аб працы бюро. Раней шэраг іншых замежных СМІ, уключна зь “Бі-Бі-Сі”, вымушаныя былі адклікаць з гэтай краіны сваіх карэспандэнтаў, клапоцячыся пра іхнюю бясьпеку.

Гэтае рашэньне ўзбэцкіх уладаў выканаўца абавязкаў прэзыдэнта Радыё Свабода Джэф Трымбал назваў “яшчэ адным нападам ураду Іслама Карымава на асноўныя правы чалавека”. Джэф Трымбал заявіў, што “Радыё Свабода будзе працягваць дакладна і аб’ектыўна паведамляць пра падзеі ва Ўзбэкістане людзям і гэтай краіны, і ўсёй Сярэдняй Азіі, і ўвогуле паўсюль, дзе можна слухаць Радыё Свабода”.

Наколькі раптоўным стала такое рашэньне ўзбэцкіх уладаў? Чаму менавіта цяпер зачыняецца бюро ў Ташкенце?

Ужо з 1996 году карэспандэнты замежных СМІ ў Ташкенце адчувалі ціск з боку ўладаў. І ён рэзка вырас пасьля жорсткага падаўленьня паўстаньня ў Андзіжане 13 траўня сёлета. Праваабаронцы лічаць, што тады сотні мірных дэманстрантаў былі забітыя сіламі бясьпекі.

Натуральна, карэспандэнты Радыё Свабода асьвятлялі гэтыя падзеі і сочаць за іх працягам, калі шэраг паўстанцаў аказаліся ў судох. У дні хваляваньянў замежных журналістаў, уключна з карэспандэнтамі нашага радыё, выслалі з Андзіжану. Ціск на іх нарастаў.

У жніўні карэспандэнт Радыё Свабода ў Намагане Насір Закір быў арыштаваны і пасаджаны ў турму на 6 месяцаў паводле абвінавачаньня ў зьнявазе паліцыянтаў. Актывісты міжнародных праваабарончых арганізацыяў заявілі, што абвінавачаньні прыдуманыя і палітычна матываваныя.

Іншых карэспандэнтаў ня раз затрымлівалі спэцслужбы і забіралі дыктафоны. Здараліся і фізычныя напады, а іхнія сем’і атрымлівалі тэлефанаваньні з пагрозамі.

У верасьні ў судзе над 15-цю чалавекамі, якіх абвінавацілі ў арганізацыі хваляваньняў у Андзіжане, таксама гучала, што нібыта журналісты замежных СМІ “дапамагалі паўстанцам і ўдзельнічалі ў антыўрадавай змове”.

Напрыканцы кастрычніка “Бі-Бі-Сі” вымушана было зачыніць сваё бюро з прычыны боязі за бясьпеку журналістаў. Сямёра карэспандэнтаў пакінулі краіну, а двое атрымалі палітычны прытулак у іншых краінах. І, нарэшце, на мінулым тыдні ў дні сьвяткаваньня Дня канстытуцыі журналістаў абвінаваціў і сам прэзыдэнт Карымаў. Вось, што ён сказаў:

(Карымаў: ) “Хто распаўсюджваў паклёп на Ўзбэкістан па ўсім сьвеце? Вы самі гэта бачылі. Моцныя гэтага сьвету. Тыя, хто кантралюе мэдыі, хто кантралюе інфармацыйную прастору, хто мае рычагі ўплыву на іншых, рычагі кіраваньня сьветам. А мы перад імі застаёмся бездапаможнымі”.

На якой прававой падставе зачынілі ўлады ташкенцкае бюро Радыё Свабода?

Міністэрства замежных справаў заявіла, што падставаю ёсьць той факт, што ў бюро працавалі пазаштатныя карэспандэнты без акрэдытацыі, а гэта зьяўляецца парушэньнем узбэцкага заканадаўства. Аднак, адвакат заснаванай у Лёндане праваабарончай арганізацыі “Артыкул 19” Піт Нурландэр заявіў з гэтай нагоды наступнае:

(Нурландэр: ) “Калі такі закон існуе, то гэта цалкам супярэчыць міжнароднаму закону на права свабоды выказваньня. Калі вы паглядзіце на радыёстанцыі і газэты іншых краінаў, дык яны выкарыстоўваюць пазаштатных карэспандэнтаў увесь час. І яны не павінны атрымоўваць ліцэнзіі ці рэгістравацца. Таму, на мой погляд, дзеяньні ўзбэцкага ўраду вельмі сумнеўныя”.

Зрэшты, ня толькі з журналістамі змагаюцца цяпер узбэцкія ўлады. Пасьля колеравых рэвалюцый, якія зрынулі ўрады ў Грузіі, Украіне і Кыргызстане, ва Ўзбэкістане зачынілі шэраг замежных няўрадавых арганізацый, якія падтрымлівалі разьвіцьцё дэмакратыі. Прыкладам, выгалі з краіны Інстытут адкрытага грамадзтва, а дзейнасьць IREX-у прыпыненая на 6 месяцаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG