Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Няўжо ўсе чакаюць сьмерці Аўтуховіча?..”


Радыё Свабода Водгукі слухачоў – 13 сьнежня. Званок на Свабоду. Кожны дзень з 21:00 вечара да 09:00 раніцы вы можаце затэлефанаваць на менскі нумар 290-39-52 і пакінуць свой водгук на нашым аўтаадказьніку. Рэдакцыя Радыё Свабода не нясе адказнасьць за выказваньні слухачоў.

(Спадар: ) “Хачу выказацца наконт публікацыі ў “Народнай Волі” – выступленьня старшыні Новікава, які ўзначальвае вэтэранскую арганізацыю. А вэтэранская арганізацыя – гэта якая ў яго? Ваенныя і міліцыя! А мы, простыя работнікі, ніякага дачыненьня да гэтага ня маем! Я б хацеў сказаць гэтаму Новікаву, што ня ўсе так думаюць як ён адносна рэжыму гэтага!

І хачу сказаць яшчэ наконт студэнтаў, якіх не пускаюць за мяжу. Чаму б не стварыць такое жыцьцё, каб наадварот да нас ехалі? А студэнтаў хочуць загнаць у рабства, каб нічога ня ведалі! Звальняюць за тое, што зьезьдзілі за мяжу. І ня ўсе так думаюць як Лукашэнка!”

(Спадар: ) “Вітаю вас, шаноўныя! Ведаеце, не выходзіць з галавы адзін тэлефонны званок, які прагучаў яшчэ ўлетку. Голас быў жаночы. Я перакажу гэты званок, бо ён у галаве ў мяне сядзіць. Яна сказала прыкладна так:

“Ад усяго, што бачыш вакол, хочацца выць. Але як выйдзеш на вуліцу, каб павыць, атрымаеш па галаве дубінкай, бо тваё выцьцё несанкцыянаванае”.

Вельмі трапна і галоўнае – разумна сказала гэтая жанчына. Я б яе яшчэ хацеў раз пачуць. Посьпехаў вам!”

(Спадар: ) “Адказваю на вашае пытаньне. Хаця ясна, што самы станоўчы факт – гэта выбар адзінага кандыдата ад апазыцыі. А самае адмоўнае – гэта тое заканадаўства, якое зараз прымае Палата прадстаўнікоў. Вось гэта самы адмоўны факт”.

(Спадарыня: ) “Паважаная Свабода! Кожны дзень слухаю Свабоду, кожны дзень паведамляюць пра прадпрымальніка Аўтуховіча. Колькі ён ужо галадуе? Няўжо ўсе чакаюць яго сьмерці? Ці ёсьць у яго родныя? У вас ёсьць шмат карэспандэнтаў: Алег Грузьдзіловіч, Любоў Лунёва, Сяргей Астраўцоў. Праваабаронцы, што гэта за маўчаньне ягнят? Ці ёсьць на Гарадзеншчыне суполкі БНФ, АГП? Трэба вывесіць улёткі пра сьледчага ахвяры! Ён жа забойца! Напісаць, што ён будзе першым, каго зьнімуць з пасады, калі Аўтуховіч памрэ. Гэта ж трэба ўмець, каб яму зноў падоўжылі час знаходжаньня ў камэры!”

(Анатоль Сахаруша, Берасьцейшчына: ) “Асноўная падзея 2005 году адбылася значна раней. Яна пачалася з ганеньняў на “Беларускую дзелавую газэту”. Хто адкрыта выступіў у абарону? Ніхто! Усе дружна прамаўчалі. Гэта быў пробны шар улады. А зараз прыхлопнулі ўсіх і адразу. І давайце будзем маўчаць далей! Так мы назаўсёды застанемся людзьмі на балоце”.

(Спадар:) “Хачу, каб Мілінкевіч Аляксандар адказаў на пытаньне, ужо другі раз прашу. Як СТВ паведаміла, што неплацельшчыкаў квартплаты 50 тысяч. Тое самае кажа намесьнік старшыні суду Цэнтральнага раёну, кажа, што яны разгледзелі больш трох тысяч такіх заяваў. І вось, што ён піша ў газэце “Новости”:

“Когда приходят ко мне и говорят, мол, я согласен заплатить, но мне тогда не на что будет жить, покупать еду и медикаменты. Я согласен с ними. Надо искать какой-то выход из ситуации. Если мы не можем улучшить материальное положение наших граждан”, – падкрэсьлівае ён, – “надо продумать систему исполнения решений суда”, – лічыць Ясіновіч.

Дык хай спадар Мілінкевіч адкажа, што рабіць з гэтымі людзьмі? Як дапамагчы? Якое выйсьце знайсьці?”
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG