Лінкі ўнівэрсальнага доступу

"БДГ. Деловая газета": "Беларусь можа трапіць у прыцэл тэрарыстаў"


Іна Студзінская, Менск Агляд недзяржаўнай прэсы за 13 сьнежня

"Народная Воля" ў рубрыцы "Паліткухня" высьвятляе: "Калі будзе "Адабрам-с?" – ці вызначаная дакладная дата правядзеньня так званага Ўсебеларускага народнага сходу. Кіраўнік прэзыдэнцкай прэсавай службы Павал Лёгкі разьвёў рукамі: "Па тэрмінах пакуль нічога сказаць не магу". Сакратар Цэнтарвыбаркаму Мікалай Лазавік таксама ня ў курсе, і толькі чалец Канстытуцыйнага Суду Анатоль Цікавенка выказаў меркаваньне, што на пачатку новага году.

Газэта таксама зьмяшчае адкрыты ліст свайго пастаяннага чытача з Пружан Міколы Канаховіча да дэпутата Палаты прадстаўнiкоў Нацыянальнага сходу Рэспублiкi Беларусь Сяргея Касьцяна "Каго растрэльваць і чаму – без суду і сьледзтва?"

"БДГ. Деловая газета" пад рубрыкай "Праваахоўны джыхад" публікуе матар''ял "Беларусь можа трапіць у прыцэл тэрарыстаў". Нядаўна сілавыя ведамствы правялі шэраг ператрусаў у кватэрах мусульман. У апэрацыі бралі ўдзел байцы СОБРу з санкцыі пракуратуры. А фармальнай падставай для ператрусаў і затрыманьняў вернікаў паслужыла быццам бы інфармацыя аб прыналежнасьці мусульман да арганізацыі выбухаў у Віцебску.

"Сілавікі пазбавіліся даху". Зь нядаўна прынятага Ўказу "Аб некаторых захадах па рэгуляваньні жыльлёвых адносінаў" вынікае, што ў выпадку сьмерці альбо гібелі прадстаўнікоў небясьпечных прафэсіяў сваякі вымушаныя будуць пакінуць прадстаўленую дзяржавай жылплошчу, паведамляе "БДГ. Деловая газета".

Крычаўскі "Вольны горад" працягвае распавядаць пра суд над крычаўскай бандай. Дзяржабвінаваўца папрасіў прыгаварыць двух чальцоў банды да вышэйшай меры, двух – да пажыцьцёвага зьняволеньня, астатнім прызначыць ад 20 да 14 гадоў пазбаўленьня волі. Газэта таксама ўзьнімае тэму прыпісак, дакладней, скажэньня справаздачнасьці. Гаворыць галоўны рэдактар "Вольнага гораду" Сяргей Няроўны.

(Няроўны: ) "У артыкуле "Абсурд" Барыс Зыкаў піша аб цікавай акалічнасьці: гаргандаль, райпо, маслазавод, сьпіртзавод, некалькі саўгасаў фактычна зачыніліся, а Цэнтар занятасьці дае інфармацыю, што ў Крычаве толькі 2,1% беспрацоўных. Улады паглядзелі, што беспрацоўных амаль няма, і прапанавалі Цэнтру занятасьці самому скараціць штатную адзінку".

Выканкам фэдэрацыі футболу прызнаў выступленьне беларускай зборнай ў адборачным цыкле чэмпіянату сьвету нездавальняючым. Галоўны трэнэр футбольнай зборнай Анатоль Байдачны саступіў месца свайму памочніку Юрыю Курненіну. Падрабязнасьці чытайце ў сьвежым нумары "Камсамолкі".
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG