Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чаму ў Беларусі засакрэчаныя заробкі міністраў?


Вячаслаў Кулік, Менск У Беларусі цяпер паўсотні міністэрстваў, дзяржаўных камітэтаў і канцэрнаў. Сапраўдны заробак іхных кіраўнікоў застаецца пад сакрэтам нават для найбліжэйшага атачэньня.

На некаторых беларускіх інтэрнэт-сайтах сёньня разьмешчаная інфармацыя аб сярэднемесячным заробку міністраў і кіраўнікоў іхнага рангу. Паводле электроннай ведамасьці, найвышэйшыя сумы сёлета – у старшыні Нацыянальнага банку: 3 мільёны 252 тысячы беларускіх рублёў, альбо за 1.500 даляраў у месяц. Крыху меншы памер аплаты працы старшыні Камітэту дзяржкантролю, пракурора рэспублікі, міністра замежных спраў і гэтай далей. Ці можна давяраць лічбам ў сеціве? На пытаньне адказвае эканамічны аглядальнік Канстанцін Скуратовіч.

(Скуратовіч: ) “Тысяча даляраў – гэта па эўрапейскіх мерках зусім ня шмат. Можна сказаць, што апарат кіраваньня ў нас танны. Іншая справа, што гэтыя людзі забясьпечаныя ўсім. У іх і кватэры і машыны -- усё ўжо ёсьць. І таксама трэба разумець, што яны карыстаюцца дабротамі службовага становішча”.

Меркаваньні экспэрта Канстанціна Скуратовіча пра дабрабыт начальства падзяляюць і мінакі, зь якімі я гутарыў на вуліцах Менску.

(Спадар: ) “Высокага рангу чыноўнікі зарабляюць шмат грошай. Мажліва таму, што сыстэма так збудаваная. Тыя ж чыноўнікі пад сябе заробкі робяць”.

(Спадар: ) “Па-мойму, яны ўсе ня бедныя. Як гэта расцэньваць? Калі народ, паглядзіце , шэры, ўбогі, а яны панствуюць, то як я гэта павінен расцэньваць?”

(Спадар: ) “Дзе яны больш зарабляюць? Мне ўяўляецца, што пры прэзыдэнце. Менавіта там”.

(Спадарыня: ) “А Лукашэнка – чыноўнік? Так, канечне, Лукашэнка – а хто ж яшчэ?”

Гутарку пра заробкі беларускага начальства працягвае супрацоўніца Міністэрства працы і сацыяльнай абароны Галіна Трафіменка.

(Трафіменка: ) “Адзіная тэма, якую я ў гэтым міністэрстве не рызыкую камэнтаваць, -- гэта праца і заробак у кіраваньні. Ну, гэта такі эканамічны “цёмны лес”, крайне ўсё складана”.

Чаму ж усё такі у Беларусі засакрэчаныя заробкі вышэйшага кіраўніцтва нават для бліжэйшага атачэньня? Камэнтуе сытуацыю былы міністар працы Аляксандр Сасноў.

(Сасноў: ) “Зараз вельмі вялікія заробкі ў дзяржаўны органах. Менавіта ў органах кіраваньня. І гэта толькі тое, што вядома”.

(Карэспандэнт: ) “А што можа заставацца невядомым?”

(Сасноў: )”Капэрты. Я, напрыклад, чуў, што адзін з кіраўнікоў сілавых структураў сказаў: “Паколькі мы столькі атрымліваем, то няхай апазыцыя ня енчыць, калі мы іх б”ем”.

Дадам, што паводле Міністэрства статыстыкі і аналізу, сярэдні заробак ў Беларусі ў лістападзе ўпершыню перавысіў 501 тысячу рублёў, альбо 240 даляраў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG