Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пра што пыталіся берасьцейцы ў А.Мілінкевіча?


Алесь Дашчынскі, Менск Адзіны кандыдат ад аб’яднанай апазыцыі Аляксандар Мілінкевіч правёў “гарачую лінію” зь берасьцейцамі. Цягам дзьвюх гадзінаў ён адказваў на пытаньні грамадзянаў па тэлефоне. Пра што пыталіся берасьцейцы і як рэагавала міліцыя на зьяўленьне спадара Мілінкевіча ў горадзе?

Першае пытаньне, якое я задаў па гэтай “гарачай” лініі спадару Мілінкевічу – як рэагуе міліцыя на ягоны прыезд у Берасьце? Ці была цікавасьць спэцслужбаў да яго, як гэта было падчас папярэдняй паездкі па Гомельшчыне?

(Мілінкевіч: ) “Я прыехаў з жонкай на сваёй машыне, ніхто за намі не сачыў. Але гэта толькі пачатак. Вось вечарам першае, што мы робім зараз у Берасьці, па тэлефоне адказваем на пытаньні. А сустрэча зь людзьмі будзе заўтра і пабачым, як гэта будзе на Берасьцейшчыне”.

“Гарачая” лінія, а ў ёй таксама бралі ўдзел карэспандэнты мясцовых незалежных мэдыяў, праводзілася ў офісе адной з грамадзкіх арганізацый. Паводле кіраўніка гарадзкога штабу Зьмітра Шыманскага, міліцыянты ўсё ж праявілі цікавасьць да гэтай імпрэзы.

(Шыманскі: ) “Міліцыянты заглядалі праз вокны, проста заглядалі ў вокны, цікавіліся, што тут адбываецца”.

Спачатку ніякіх дзеяньняў міліцыянты не прадпрымалі і не перашкаджалі правядзеньню тэлефоннай размовы Аляксандра Мілінкевіча зь берасьцейцамі. Аднак пасьля яе завяршэньня, мікрааўтобус, у якім ехала дэлегацыя, быў затрыманы супрацоўнікамі Дзяржаўтаінспэкцыі.

Тлумачыць прэсавы сакратар адзінага кандыдата Павал Мажэйка:

(Мажэйка: ) “Яны патлумачылі гэта тым, што праводзіцца апэрацыя “Нелегал”, і запатрабавалі нашыя дакумэнты. Мы адмовіліся іх паказваць. Тады яны спраўдзілі, што і хто знаходзіцца ў машыне. Відавочна, іх цікавіла, ці ёсьць там Мілінкевіч. Перапісалі ўсе дадзеныя на машыну. Пасьля я тэлефанаваў Мілінкевічу, ён сказаў, што яго таксама затрымалі на ўласнай машыне, спраўдзілі дакумэнты, і пасьля за ім ужо езьдзіць белая таніраваная “Лада” дзявятка”.

Пасьля “гарачай” лініі спадар Мілінкевіч сустракаецца зь Берасьцейскім штабам. Пра што ж пыталіся грамадзяне ў адзінага кандыдата ад аб’яднанай апазыцыі падчас тэлефанаваньняў? Паводле спадара Мілінкевіча, пытаньні берасьцейцаў былі самыя розныя.

(Мілінкевіч: ) “Многа пытаньняў задаюцца пра сродкі масавай інфармацыі, таму што іх усё менш і менш, і пасьля новага году пакуль што ўсяго тры застаюцца ў каталёгу “Белпошты”. Людзей гэта вельмі непакоіць. Пытаюцца, як зьбіраемся дзейнічаць. Пытаюцца пра стратэгію, пра прэтэндэнтаў, якія яшчэ могуць пайсьці таксама, пра Казуліна і Пазьняка. Пра беларускую мову таксама ёсьць пытаньні. Некалькі пытаньняў было – ці я сам веру ў тое, што раблю? Ці ёсьць вера ў перамогу? Пытаньні таксама былі пра заканадаўства. Ці мы зьменім заканадаўства, ці мы здолеем гэта зрабіць? Пра рэйтынгі пытаньні. Самыя розныя...”

Зьнешнія спасылкі: • Афіцыйны сайт А.Мілінкевіча
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG