Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Мне прыемна, што апошнія гады нас сталі паважаць у сьвеце” <B>(фота)</B>


Ягор Маёрчык, Цяпіна, Чашніцкі раён, Віцебшчына Цяпіна: новая перадача сэрыі “Палітычная геаграфія”.

Настаўніца разьбіла ўсе мае пляны. Я меўся наведаць школьны краязнаўчы музэй, паглядзець экспазыцыю з партрэтамі і копіямі старадаўніх аркушаў, і ў выніку атрымаць асалоду ад экскурсіі на тэму “родныя мясьціны Васіля Цяпінскага”. Ажно мой культпаход у адно імгненьне стаў недасяжнай марай.

(Карэспандэнт: ) “Музэй працуе?”

(Настаўніца: ) “А вы хацелі экскурсію?”

(Карэспандэнт: ) “Так”.

(Настаўніца: ) “Экскурсіяў у нас няма, бо ўсе дзеці даўно разышліся”.

(Карэспандэнт: ) “Дзеці робяць экскурсію?”

(Настаўніца: ) “Так, у нас гэтым займаюцца дзеці. А вы да вэтэрана схадзіце, распытайце. Мы яго часта запрашаем”.

(Карэспандэнт: ) “Мяне цікавіць толькі Цяпінскі”.

(Настаўніца: ) “А-а-а! Вас цікавіць Васіль Цяпінскі!”

(Карэспандэнт: ) “Колькі людзей у вас было за гэты год?”

(Настаўніца: ) “Прыкладна восем экскурсіяў”.

Гістарычная даведка. Васіль Амельяновіч (болей вядомы як Васіль Цяпінскі) нарадзіўся ў маёнтку Цяпіна прыблізна ў 1540 годзе. У 30-гадовым узросьце ён закладае друкарню з намерам выдаваць кнігі на беларускай мове. Цяпінскі выпускае Эвангельлі ад Мацьвея, Марка і часткова ад Лукі. Працы Цяпінскага грунтуюцца на старажытнаславянскіх перакладах Сьвятога Пісьма асветнікамі Кірылам і Мятодам. У прадмовах да выданьняў ён спрабаваў узьняць асьвету і нацыянальную сьвядомасьць беларускага народу. Цяпінскі выступаў за адукацыю і рэлігійнае выхаваньне на беларускай мове.



Разам з вучаніцай 10-й клясы Тацянай Алісіевіч мы стаім на вуліцы. Дзьме калючы зімовы вецер. Дзяўчына засоўвае рукі ў кішэню пухавіка і хавае нос у шалік. Ва ўмовах, набліжаных да экстрэмальных, маладая экскурсаводка чытае мне лекцыю пра Васіля Цяпінскага.

(Алісіевіч: ) “Васіль Цяпінскі — гэта першадрукар, кнігавыдавец, асьветнік”.

(Карэспандэнт: ) “А я лічыў, што першадрукар — гэта Францішак Скарына”.

(Алісіевіч: ) “Ой! Гэта вы мяне зьбілі! Зараз я скажу... Першадрукар — Францішак Скарына, а Васіль Цяпінскі ягоны пасьлядоўнік”.

(Карэспандэнт: ) “А што ў школе вам пра яго распавядаюць?”

(Алісіевіч: ) “Што ён наш зямляк, адсюль і назва нашай вёскі — Цяпіна”.

(Карэспандэнт: ) “А я думаў, што наадварот: таму ён і Цяпінскі, што нарадзіўся ў Цяпіне”.

(Алісіевіч: ) “Ды вы мяне тут зьнянацку засьпелі! ...Цяпінскі шмат зрабіў для беларускага народу. Ён хацеў, каб беларускі народ быў незалежным і адукаваным”.

(Карэспандэнт: ) “А што ёсьць у вашым школьным музэі?”

(Алісіевіч: ) “Ён уключае ў сябе чатыры разьдзелы: літаратурна-этнаграфічны, прысьвечаны ўдзельнікам Вялікай Айчыннай вайны, нашае школьнае жыцьцё, найлепшыя мэханізатары”.

12-гадовы Косьця — вучань Цяпінскай школы. Адпаведна, на экскурсіях у музэі бываў неаднойчы. Мне цікава, наколькі маладая генэрацыя — тыя, каго называюць пакаленьне-ўэб, — ведае пра славутых землякоў.

(Карэспандэнт: ) “А што ты ведаеш пра Васіля Цяпінскага?”

(Косьця: ) “Ён тут нарадзіўся і жыў. Вершы пісаў”.



(Карэспандэнт: ) “Якія вершы пісаў? Хоць адзін памятаеш?”

(Косьця: ) “Не, ня памятаю. Мы ўжо Якуба Коласа праходзім”.

(Карэспандэнт: ) “Што цябе ў жыцьці цікавіць?”

(Косьця: ) “Кампутары”.

(Карэспандэнт: ) “Ёсьць у хаце кампутар?”

(Косьця: ) “Ужо замовілі, будзе ў суботу”.

(Карэспандэнт: ) “І што ты будзеш з кампутарам рабіць?”

(Косьця: ) “Буду гуляцца — ня ў школе, а дома”.

(Карэспандэнт: ) “А што цікавей — кампутары ці Васіль Цяпінскі?”

(Косьця: ) “Я нават ня ведаю”.

Паводле парады настаўніцы я кіруюся да Івана Прышчэпы. Трэба заўважыць, што чырвоныя зоркі, якімі ў Беларусі абазначаюцца дамы вэтэранаў вайны, вісяць на шмат якіх цяпінскіх сядзібах. Праўда, жывуць там збольшага ня ўдзельнікі вайны, а іхныя нашчадкі. Дом спадара Прышчэпы — рэдкае выключэньне: і зорка ёсьць, і герой пры ёй. Так мы і размаўляем, стоячы пад чырвоным сымбалем. Вашай увазе — аповед, якога не пачуеш на сустрэчах са школьнікамі.

(Прышчэпа: ) “Я вязень лягеру, быў на вайне, інвалід 2-й групы, мне ўжо 78 гадоў. Я цэлы месяц як заплаціў, а ніяк не магу правесьці тэлефон”.

(Карэспандэнт: ) “А вялікія грошы заплацілі?”

(Прышчэпа: ) “220 тысяч. І яны за гэтыя грошы ня хочуць весьці тэлефон”.



(Карэспандэнт: ) “Вы да іх зьвярталіся. Яны нешта тлумачаць?”

(Прышчэпа: ) “Гавораць, што зямля замерзла”.

(Карэспандэнт: ) “А якія праблемы, апроч тэлефона?”

(Прышчэпа: ) “Людзі ніякага быдла не трымаюць. Яны нічога ня сеюць, а толькі ходзяць, каб дзе-небудзь сьперці і прадаць”.

(Карэспандэнт: ) “А шмат такіх у Цяпіне?”

(Прышчэпа: ) “Шмат. Вось глядзіце па вуліцы: адна хата, другая, трэцяя. Яны працаваць ня хочуць. Працаваць тут можна, але яны ня хочуць”.

(Карэспандэнт: ) “А ад сельсавету можна дамагчыся нечага?”

(Прышчэпа: ) “Нічога! Тут няма ніякай улады. Я сам плот паставіў. І колькі разоў да іх зьвяртаўся: “Дай фарбы, каб аздобіць яго!” — “Пасьля, пасьля, пасьля”.

(Карэспандэнт: ) “А вы ведаеце, хто такі Васіль Цяпінскі?”

(Прышчэпа: ) “Гэта быў нейкі пісьменьнік”.

(Карэспандэнт: ) “Што напісаў?”

(Прышчэпа: ) “Я ў такія свае гады ўжо ня памятаю”.

(Карэспандэнт: ) “А калі гэта было?”

(Прышчэпа: ) “Гадоў дзьвесьце таму”.

Пераходзім да сельскай гаспадаркі. У той дзень, калі я быў Цяпіне, гэта тэма з будзённай пераўтварылася ў сьвяточную. Тым вечарам у вясковым клюбе павінна было адбыцца ўрачыстае паседжаньне з нагоды Дня працаўніка сельскай гаспадаркі.



У прадчуваньні сьвята дзьве даяркі хутка дагледзелі сваіх кароваў і ўжо зьбіраліся пайсьці з фэрмы, як на іхную галаву зваліўся я.

(Карэспандэнт: ) “Распавядзіце, як жывецца даяркам?”

(Першая даярка: ) “Ой! Дужа добра! Плаціць нам ня хочуць!”

(Другая даярка: ) “Мы працуем ад пятай да восьмай раніцы, а ў дванаццаць дня зноў на фэрму трэба ісьці. У нас тут калі дажджы шлі, фэрму залівала. А атрымліваем мы 120—140 тысяч. А ў мяне дачка на платным навучаецца: 116 тысяч аддай да навучаньне, дай 20 тысяч кожны тыдзень з сабой, валізку ёй накладзі, за кватэру заплаці”.

(Карэспандэнт: ) “А вы ўздымалі праблему, каб вам грошай болей плацілі?”

(Другая даярка: ) “Нам гавораць: “Хочаце болей зарабляць, болей надойвайце”. А што тут можна надаіць? Я ўчора рабіла кантрольную дойку. Самае вялікае, што дала карова — гэта 10 літраў, а астатнія — 5, 3, 4. Што я надаю з такіх кароваў?! Вунь паехаў малакавоз. Мы тое, што надаілі, цягаем рукамі. Падымаем яго на малакавоз. Рукі ад гэтага вельмі баляць. На 15 тысяч накупляла лекаў, бо рукі ўжо баляць ад гэтых цяжкасьцяў, ад скразьнякоў”.

(Першая даярка: ) “У нас вельмі добрая праца! Прыходзьце да нас: пакажам, раскажам, дадзім паспрабаваць”.

(Другая даярка: ) “А адкуль вы?”

(Карэспандэнт: ) “З радыё”.

(Другая даярка: ) “О-о-о! Усё, труба нам!”

(Першая даярка: ) “Будзе нам і ў хвост і ў грыву”.

(Другая даярка: ) “Калі пра жыцьцё на задумваесься, а проста цягаесься на працу, бо патрэбная тая сотня, тады ідзеш. А калі пачынаеш думаць, ад праблемаў валасы дыбам устаюць”.

Некалі ў Цяпіне месьцілася кантора калгасу і сельсавет. Цяпер няма ні першага, ні другога. Гаспадарку зьядналі з суседняй, а пасьля перадалучылі да яшчэ адной, больш аддаленай і больш моцнай. Карацей, цяпер самі калгасьнікі блытаюцца ў адказе на пытаньне, дзе яны працуюць. Церпяць жа вяскоўцы ад таго, што начальствы ў іх мяняюцца хутчэй, чым сэзоны ў прыродзе.

Валеры Скрабнеўскі, 50-гадовы на выгляд спадар, аднаго разу ўзяў дый звольніўся з калгасу.

(Скрабнеўскі: ) “Я пакуль нідзе не працую. Па начах вартаваў, але сёлета не пайшоў”.

(Карэспандэнт: ) “Заробак у вартаўніка вялікі?”

(Скрабнеўскі: ) “А які ён там вялікі?! А два гады вартаваў задарма і цялятнік, і кароўнік”.

(Карэспандэнт: ) “Што значыць задарма?”

(Скрабнеўскі: ) “Атрымліваў 40 тысяч. Ці гэта нармалёвыя грошы? Працаваў начамі дзесяць гадзінаў, а мне толькі сем залічвалі. Перапрацоўку нідзе не фіксавалі. Абы-што ў калгасе гэтым творыцца! Атрымаў на рукі 41 тысячу. Пайшоў дамагацца большага, яшчэ далі 30 тысяч, пасьля пайшоў яшчэ раз — на краму яшчэ дзясятку перавялі. Бачыце, значыць ня ўвесь заробак мне аддавалі”.

(Карэспандэнт: ) “Вы ведаеце, хто такі Васіль Цяпінскі?”

(Скрабнеўскі: ) “А хто яго ня ведае?! Кожны са школы ведае. Ён — першадрукар, ціпа філязофіяй займаўся”.

(Карэспандэнт: ) “А людзі ў вёсцы пра палітыку гавораць?”

(Скрабнеўскі: ) “Я вам скажу так: я адчуў сябе беларусам. Мне прыемна, што апошнія гады нас сталі паважаць у сьвеце. Хоць людзі пра нас пачулі. А можа, нават у той Польшчы пра нас ня ведалі, што такое Беларусь”.

(Карэспандэнт: ) “Дзякуючы каму?”

(Скрабнеўскі: ) “Дзякуючы Лукашэнку і ўраду”.

(Карэспандэнт: ) “Налета будуць выбары, як галасаваць будзеце?”

(Скрабнеўскі: ) “Час пакажа”.

(Карэспандэнт: ) “За Лукашэнку, ці можа за якога іншага кандыдата?”

(Скрабнеўскі: ) “Хай гэта застанецца пры мне”.

Куды, вы думаеце, я скіраваўся пасьля размовы з Валерам Скрабнеўскім? Правільна, на вясковую пошту. Мэта — уведаць пра крыніцы, зь якіх мясцовыя жыхары набіраюцца інфармацыі пра міжнародную павагу да найвышэйшай улады Беларусі. Размаўляю з супрацоўніцай Цяпінскага аддзяленьня сувязі.

(Карэспандэнт: ) “Як паштаркай працуецца?”

(Спадарыня: ) “Калі казаць паміж намі, уся вёска сьпілася!”

(Карэспандэнт: ) “Гэта значыць, што яны не чытаюць газэтаў?”

(Спадарыня: ) “Не, яны іх выпісваюць і чытаюць. І я лічу, што нядрэнна выпісваюць”.

(Карэспандэнт: ) “Колькі насельніцтва ў Цяпіне?”

(Спадарыня: ) “104 двары. Пад тры сотні чалавек. Добра выпісваюць “Советскую Белоруссию”, раёнку “Чырвоны Прамень”.

(Карэспандэнт: ) “А недзяржаўныя газэты?”

(Спадарыня: ) “Выпісваюць “Рэспубліку”, “Аргументы и факты”, “Беларускую ніву”. Ёсьць такія людзі, якія прачытваюць ад коркі да коркі, нават чакаюць, пакуль я прыйду — гэта асабліва тыя, хто сядзіць дома і ня можа дайсьці да бібліятэкі”.

Маёнтак Васіля Цяпінскага быў не ў сучаснай вёсцы, а за суседнім паселішчам Запружаны, якое ўзьнікла значна пазьней. А калісьці паміж радавым маёнткам Амельяновічаў і вёскай былі поле і рачулка. За Запружанамі ёсьць фэрма, за ёй — лесапільняй, а за лесапільняй у чыстым полі стаіць слупок-помнік. На якім напісана, што Васіль Амельяновіч (Цяпінскі) быў асьветнікам і гуманістам, а зусім не паэтам, і не першадрукаром; што жыў ён ня сто і нават ня дзьвесьце гадоў таму, а ў 1540—1603 гадох, і быў выбітным прадстаўніком Рэфармацыі ў Вялікім Княстве Літоўскім.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG