Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На чэмпіянаце сьвету па футболе будуць працаваць каля 40 тысяч прастытутак


Алена Струвэ, Менск Агляд публікацыяў у замежным друку, прысьвечаных тэме "Беларусь і футбол”

"Беларуская зборная паказала ўсяго толькі пяты вынік ў сваёй падгрупе ў адборачным туры чэмпіянату сьвету па футболе 2006, але ці можа гэта зьяўляцца падставай для адстаўкі галоўнага футбольнага трэнэра, ці дастаткова для гэтай адстаўкі пажаданьня аднаго толькі кіраўніка дзяржавы?" Падобныя пытаньні ў зьвязку з афіцыйным вызваленьнем з пасады Анатоля Байдачнага – гэта адбылося ў мінулую суботу – задаюць аглядальнікі эўрапейскіх спартовых ды футбольных выданьняў.

Як пішуць нямецкая Reviersport, ангельская The world game ды іншыя выданьні, за два апошнія гады пад кіраўніцтвам Байдачнага беларуская зборная, чыім фармальным, але не фактычным упрыгожаньнем лічыўся ігрок Арсэналу Глеб, стала паказваць больш цікавы футбол. Байдачны, які сам падаў заяву пра адстаўку, паводле журналістаў, ня мог не пакрыўдзіцца на словы беларускага прэзыдэнта, што "за невялікія грошы беларускую каманду гатовы ўзначаліць былы трэнэр чэскай зборнай". Тым часам, паводле Reviersport і The world game, месца Байдачнага заняў пакуль ня чэскі трэнэр, а беларус Юры Курненін.

Што да чэмпіянату сьвету 2006, то шэраг выданьняў надае ўвагу гэтак званым "нефутбольным" асаблівасьцям маючага адбыцца першынства. Як піша ангельская Іndependent, прыкладна тры мільёны футбольных заўзятараў – з тых, хто прыедзе летам у Нямеччыну – хоць аднойчы, але скарыстаюцца паслугамі прастытутак. Паводле прагнозаў, абслугоўваць фанатаў будуць каля 40 тысячаў жанчынаў з розных краінаў Эўропы. Ва ўсіх 11 нямецкіх гарадох, дзе адбудуцца гульні, мяркуецца пабудаваць гэтак званыя “мэга-бардэлі”. Паводле арганізатараў, падобныя афіцыйныя ўстановы будуць спрыяць барацьбе зь нелегальнай прастытуцыяй.

Аднак, перадаюць нямецкія DPA, Deutschlandfunk, Deutsche Welle і іншыя мэдыі, ні царква, ні жаночыя праваабарончыя арганізацыі, ні прафсаюзы, ні АБСЭ не падзяляюць падобнага аптымізму. Як вынікае з заявы ўпаўнаважанай АБСЭ Хельгі Конрад, будучы чэмпіянат у Нямеччыне, як і усе падобныя яму мерапрыемствы, справакуе рост продажу людзей ў сэксуальнае нявольніцтва, а таксама рост эксплёатацыі таннай працоўнай сілы. Разам зь іншымі краінамі Ўсходняй Эўропы, Беларусь належыць да гэтак званых краінаў рызыкі, лічаць прадстаўнікі АБСЭ. "Зьменшыць нелегальны трафік усходнеэўрапейскіх жанчын на Захад пасьля пашырэньня Эўразьвязу вельмі праблематычна", – піша нямецкая Кrimi-aktuell. "Колькасьць прастытутак-нелегалак зь Беларусі, Украіны, Малдовы, не становіцца меншай", – сьведчаць нямецкія паліцыянты.

Паводле эўрапейскіх выданьняў, нямецкія праціўнікі сэксуальнага нявольніцтва "зьбіраюцца выкарыстаць будучы футбольны чэмпіянат для таго, каб паказаць "чырвоную картку" сэксуальнай эксплёатацыі жанчын".
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG