Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Журналіст кажа пра новую “зачыстку” у дзяржаўных СМІ


Любоў Лунёва, Менск Журналіст тэлекампаніі “Мір” Ігар Станкевіч паведаміў Радыё Свабода, што яго прымусілі звольніцца з-за падазрэньняў у сувязях з апазыцыяй. Ён кажа, што у дзяржаўных СМІ пачаліся звальненьні патэнцыйна нелаяльных да ўлады журналістаў.

Ігар Станкевіч пакуль яшчэ працуе у аддзеле палітыкі і эканомікі тэлекампаніі “Мір”. Аднак ён кажа, што сёньня падасьць заяву аб звальненьні. Ён тлумачыць, што зрабіць гэта яго прымусіла кіраўніцтва.

У часе правядзеньня кангрэсу дэмакратычных сілаў 1 кастрычніка дэманстраваўся дакумэнтальны фільм. Паводле Станкевіча, спэцслужбы западозрылі, што нехта з журналістаў дзяржаўных СМІ даў стужкі апазыцыянэрам, каб тыя іх выкарысталі ў кінахроніцы палітычных падзеяў у Беларусі. Ігару Станкевічу паведамілі, што падазраюць менавіта яго. Журналіст кампаніі “Мір” казаў, што ў яго ўжо былі праблемы летась у кастрычніку адразу пасьля выбараў і рэфэрэндуму.

(Станкевіч:) “Напярэдадні я рабіў некалькі матэрыялаў, у якіх бралі ўдзел прадстаўнікі апазыцыі Фралоў і Лябедзька. Матэрыялы, якія ішлі ад нас, праглядаліся кіраўніцтвам СТВ. Тым ня менш мне потым паведамілі, што патэлефанавалі з адміністрацыі прэзыдэнта і сказалі, што нельга не толькі даваць слова прадстаўнікам апазыцыі, але й нельга іх паказваць. На наступны дзень пасьля рэфэрэндуму мы паказалі кадры, дзе апазыцыя выйшла на плошчу, сустрэлася з кіраўніком КДБ. Відаць, гэта стала апошняй кропляй, каб нас больш не запрашалі на мерапрыемствы.”

Ігар Станкевіч паведаміў Свабодзе, што пасьля асьвятленьня Кангрэсу Дэмакратычных сілаў яму прапанавалі звольніцца.

(Станкевіч:) “Масква нас папрасіла, бо мы робім для Масквы на краіны Садружнасьці, папрасіла зрабіць матэрыялы з двух дзён кангрэсу. Адразу ж на тым тыдні мяне выгналі з прэзыдэнцкага пулу. Гэта было ў пятніцу, мне патэлефанавалі з прэс-службы, а ў панядзелак мне сказалі, каб я звальняўся.”

Кіраўнік Ігара Станкевіча, рэдактар студыі тэлебачаньня Юры Бокач патлумачыў Радыё Свабода, што спрабаваў дасягнуць са сваім падначаленым джэнтэльмэнскага пагадненьня, калі прапанаваў яму звольніцца па ўласным жаданьні.

(Бокач:) “Матэрыялы кампаніі сышлі без ведама кампаніі. Гэты момант па-сутнасьці самы істотны. Каб яго не раскручваць, было сказана, што такую сытуацыю можна вырашыць праз джэнтэльмэнскае пагадненьне. У дадзеным выпадку нам не хочацца, каб кампанію паўсюль узгадвалі.”

Сам Ігар Станкевіч сцьвярджае, што нікому стужкі не даваў. Ён упэўнены, што гэта пачатак новай кампаніі пазбаўленьня ад палітычна ненадзейных журналістаў у дзяржаўных СМІ.

(Станкевіч:) “Тая “зачыстка”, якая пачалася з недзяржаўных СМІ, я мяркую, будзе тычыцца і дзяржаўных. Ёсьць факты, якія сьведчаць аб гэтым. Напрыклад, на дзяржаўным радыё працавала дзяўчына, якая належала да пратэстантаў. Яна папросту шукала інфармацыю пра пратэстанцкія цэрквы ў інтэрнэце на сваім працоўным месцы. Яе вылічылі і сказалі: “Звальняйся.”. Ну і я таксама яскравы прыклад”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG