Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Катэдральным касьцёле зайгралі новыя арганы


Альгерд Невяроўскі, Менск У менскім Катэдральным касьцёле адбылося асьвячэньне арганаў, галоўнага аўтара і каранацыя абраза Маці Божай, падараванага папам Янам Паўлам ІІ. Ва ўрачыстасьці, якой кіраваў Менска-магілёўскі мітрапаліт кардынал Казімер Сьвёнтак, бралі ўдзел многія біскупы і сьвятары зь Беларусі, Аўстрыі й Расеі, нунцый Ватыкану арцыбіскуп Марцін Відавіч, прадстаўнікі беларускіх уладаў, дыпляматычнага корпусу, праваслаўнай і грэка-каталіцкай царкваў ды каля 2 000 вернікаў.

Галоўнай мэтай гэтай урачыстасьці была каранацыя абраза беззаганна пачатай найсьвяцейшай Дзевы Марыі, копію якога папа Ян Павал ІІ асьвяціў у верасьні мінулага году ў Ватыкане і перадаў у дар менскму Катэдральнаму касьцёлу. Арыгінал гэтага абраза знаходзіцца ў ватыканскім доме сьвятой Марты. Абраз большы за 2 мэтры ўвышыню. Над галавой Багародзіцы знаходзяцца 12 зорак, а ад яе рук зыходзяць прамяні.

Таксама сёньня адбывалася асьвячэньне новаых арганаў – падарунка ад Эпіскапату Аўстрыі Касьцёлу ў Беларусі – і рэканструяванага галоўнага аўтара зь фігурамі сьвятых апосталаў Пятра і Паўла. Пробашч Катэдральнага касьцёлу ксёндз Антоні Клімантовіч лічыць гэтую ўрачыстасьць вельмі важнай:

(кс. Клімантовіч: ) “Гэтая ўрачыстасьць вельмі важная, бо ў гэтым ёсьць сьведчаньне таго, што адраджаецца касьцёл у Беларусі, адраджаецца касьцёл у Менску. Што вернікі будуць мець тую Маці Божую, якая ёсьць на гербе Менску. Але ўкаранаваную, беззаганную ў галоўным аўтары Катэдральнага касьцёлу”. Многія вернікі таксама казалі пра важнасьць сёньняшняй урачыстасьці:

(Вернік: ) “Для мяне гэта важна. Гэта павінна быць важна ня толькі для мяне, але й для ўсяго насельніцтва нашай краіны. Гэтую сьвятыню нам падараваў сам папа рымскі”.

(Верніца: ) “Для мяне гэта вельмі важна, я думаю, гэта важна для ўсяго народу. Каб ачысьціцца і жыць у дабрыні”.

(Вернік: ) “Я вельмі шчасьлівы, што гэта так хутка адбылося. І я думаю, што Менск будзе мець аўру Божай абароны й духовасьці”.

Кардынал Казімер Сьвёнтак, які адпраўляў урачыстую імшу, у сваім слове да вернікаў сказаў:

(Сьвёнтак: ) “Згодна з воляю вялікага папы сёньня гэты абраз будзе каранаваны. Няхай сёньняшні дзень у гісторыі архікатэдры будзе днём зьдзяйсьненьня вялікага аднаўленьня яе інтэр’ераў. А ў гісторыі касьцёлу няхай стане яскравым знакам яго адраджэньня ў Беларусі”.

Кардынал Сьвёнтак таксама адзначыў ролю дзяржавы ў аднаўленьні старадаўніх фрэсак Катэдральнага касьцёлу. Старшыня камітэту ў пытаньнях рэлігіяў і нацыянальнасьцяў Станіслаў Буко падзякаваў кіраўніку каталіцкага касьцёлу ў Беларусі за захаваньне й разьвіцьцё духоўнасьці й культуры. Сёньня ў катэдры ўпершыню гучалі й новыя арганы.

Будынак гэтага касьцёлу быў пастаўлены ў Менску ў 1700 – 1710 гадох манахамі ордэну езуітаў. Пасьля ліквідацыі ў 1773 годзе езуіцкага ордэну касьцёл стаў парафіяльным, а ў 1798 годзе атрымаў статус катэдральнага. На пачатку 50-х гадоў мінулага стагодзьдзя быў перабудаваны камуністычнымі ўладамі ў спорткомплекс таварыства “Спартак”. У 1993 годзе ўлады вярнулі касьцёл вернікам, а ў 1997 годзе быў адбудаваны яго фасад і пачалося ўзнаўленьне інтэр’ераў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG