Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Набэлісты зьвяртаюць увагу на парушэньні правоў працоўных у Беларусі


Вячаслаў Ракіцкі, Прага 10 сьнежня – Міжнародны дзень правоў чалавека. 10 сьнежня 1948 году Генэральная Асамблея ААН прыняла Ўсеагульную дэклярацыю правоў чалавека і вызначыла гэты дзень як Міжнародны дзень правоў чалавека. У суботу ўва ўсім сьвеце праваабаронцы, палітычныя і грамадзкія дзеячы ладзілі разнастайныя акцыі – маніфэстацыі, пікеты, канфэрэнцыі, прымалі заявы і заклікі ў абарону людзей, чые правы парушаюцца. 10 сьнежня Дзяржаўны дэпартамэнт Злучаных Штатаў выступіў з заявай, у якой Беларусь названая адной з краін, дзе перасьледуюцца змагары за правы чалавека. Раней на гэтым тыдні і група нобэлеўскіх ляўрэатаў зьвярнула ўвагу на парушэньні правоў працоўных у Беларусі.

У заяве Дзярждэпартамэнту ЗША гаворыцца: “Барацьба за правы чалавека адбываецца ў многіх частках зямной кулі. Гвалт і забойствы працягваюцца ў Дарфуры. Ад Кубы да Кітаю, ад Беларусі да Бірмы, ад Узбэкістану да Зымбабвэ і ад Ірану да Паўночнай Карэі мужныя змагары за правы чалавека зазнаюць перасьлед і трапляюць у турмы. Многія дзяржавы працягваюць спыняць дзейнасьць няўрадавых арганізацыяў, якія займаюцца жыцьцёва важнай справай свабоды”.

Амэрыканскі Дзярждэпартамэнт у сваёй заяве падкрэсьлівае, што ЗША “стаяць побач з усімі, хто пакутуе ад жорсткай несправядлівасьці і ўціску, і што Амэрыка дапаможа крохкім дэмакратыям зьдзейсьніць вялікія надзеі іх грамадзян на лепшае жыцьцё”. Таксама Злучаныя Штаты чарговым разам заявілі, што “будуць патрабаваць адказу ад тых дэмакратыяў, што адступаюць ад сваіх абавязаньняў”, і маюць намер, як і раней, “дапамагаць словам і справай змагарам за правы чалавека і няўрадавым арганізацыям у пашырэньні свабоды”.

Нагадаю, што ўсяго тыдзень таму Злучаныя Штаты папярэдзілі Менск, што прыняты Палатай прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу закон аб крымінальнай адказнасьці за дыскрэдытацыю Рэспублікі Беларусь будзе мець “сур’ёзныя наступствы для беларусіх уладаў”. Прадстаўнік Дзярждэпартамэнту Шон Маккормак заявіў, што прапанаваныя папраўкі парушаюць нормы міжнароднага права і пярэчаць абавязаньням Менску ў захаваньні правоў чалавека.

У зьвязку з парушэньнямі правоў чалавека Беларусь згадваецца і яшчэ ў адным дакумэнце. На гэтым тыдні група ляўрэатаў Нобэлеўскай прэміі, сярод якіх былы прэзыдэнт ЗША Джымі Картэр, духоўны лідэр Тыбэту Далай Лама XIV, былы польскі прэзыдэнт Лех Валэнса, іранская праваабароньніца Шырын Эбадзі, прынялі “Зварот да чалавецтва ў абарону правоў чалавека на працоўным месцы”. Сярод іншага нобэлеўскія ляўрэаты зьвяртаюць увагу на тое, што “ў Беларусі, Зымбабвэ і Калюмбіі за прафсаюзнымі актывістамі пастаянна сочаць улады, іх перасьледуюць, зьбіваюць, арыштоўваюць. У такіх умовах перамовы паміж працадаўцамі і прафсаюзамі пра ўмовы працы становяцца вельмі цяжкімі, калі яны ўвогуле магчымыя”.

Аўтары звароту заяўляюць, што яны ня могуць маўчаць, калі бачаць гэтыя ды іншыя сур’ёзныя парушэньні правоў працоўных, і заклікаюць усе краіны прытрымлівацца Ўнівэрсальнай дэклярацыі і не дапушчаць парушэньня правоў працоўных.

На здымку: публікацыя звароту нобэлеўскіх ляўрэатаў у газэце "International Herald Tribune".
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG