Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сход Літфонду звольніў Чаргінца, ліквідуе санаторый “Іслач”


Валер Каліноўскі, Менск Новым старшынём Беллітфонду на альтэрнатыўнай аснове абраны літаратуразнаўца Язэп Янушкевіч. Сход таксама вырашыў ліквідаваць пісьменьніцкі санаторый “Іслач”, які належыць Літфонду, і прадаць яго. Вызначаны і пачатковы кошт продажу на аўкцыёне – 836 тысячаў даляраў.

Агульны сход сяброў Літфонду быў выкліканы заявай пра адстаўку старшыні арганізацыі, міліцэйскага генэрала і сябра Савету Рэспублікі Мікалая Чаргінца, які кіраваў аб’яднаньнем каля трох гадоў. Аднак сам спадар Чаргінец на сход не прыйшоў. Перад сходам ён паведаміў Радыё Свабода, што лічыць сябе вольным ад абавязкаў перад Літфондам:

(Чаргінец: ) “Да мяне прыйшла камісія ў складзе трох чалавек і папрасілі ўсе дакумэнты, што я і зрабіў, усе дакумэнты аддаў паводле вопісу і пад подпіс. Такім чынам я цалкам разьлічыўся і маральна і псыхалягічна”.

Тое, што спадар Чаргінец не прыйшоў на сход Літфонду, было ўспрынята яго ўдзельнікамі як абраза. Некаторыя прапанавалі яго адстаўку не прымаць і абавязаць склікаць зьезд і выступіць са справаздачай. Аднак большасьць палічыла больш годным вызваліць спадара Чаргінца, але не паводле ягонага жаданьня, а з іншай фармулёўкай, якую агучыў Уладзімер Някляеў:

(Някляеў: ) “За сыстэматычнае невыкананьне сваіх абавязкаў вызваліць ад пасады старшыні праўленьня “Беллітфонду” Чаргінца Мікалая Іванавіча”.

Многія пісьменьнікі ставілі ў віну спадару Чаргінцу, што яму не ўдалося палепшыць фінансавы стан арганізацыі, ад якой ўлады забралі паліклініку і памяшканьні ў Доме Літаратара, і якая цяпер вымушае плаціць вялікія грошы за арэнду некалькіх пакояў. У выніку з-за даўгоў у Літфонда замарожаныя разьліковыя рахункі, ён ня можа нармальна дзейнічаць у выдавецкай сфэры, прапагандзе літаратуры, не былі дастойна ўшанаваныя да 60-годзьдзя перамогі пісьменьнікі-вэтэраны, няма за што нават дастойна пахаваць літаратараў, якія паміраюць, паведаміў дырэктару Літфонда Вячаслаў Корбут.

Днямі яму трэба будзе ісьці ў суд паводле пазову спэцкамбінату за тое, што дасюль не заплачаныя грошы за адну труну і вянок.

За часоў кіраўніцтва Чаргінца не ўдалося вырашыць праблему з пісьменьніцкім санаторыем “Іслач”, які на вачах разбураецца.

Урэшце, на прапанову дырэктара Літфонду Вячаслава Корбута сход Літфонду вырашыў ліквідаваць гэты санаторый і прадаць яго на аўкцыёне, каб за атрыманыя грошы набыць нейкую нерухомасьць у Менску. Вырашана таксама стварыць камэрцыйную структуру “Беллітпрам”.

Новым кіраўніком “Беллітфонду” быў абраны вядомы літаратуразнаўца Язэп Янушкевіч, які прызнаўся, што зусім не чакаў такога рашэньня:

(Янушкевіч: ) “Фінансавую дзейнасьць Саюза беларускіх пісьменьнікаў трэба працягваць. Нават разваленая “Іслач” каштуе як мінімум паўмільёна даляраў”.

Язэп Янушкевіч зазначыў, што ягоны папярэднік Мікалай Чаргінец спачатку браўся за справы энэргічна, але да іх рэалізацыі не даходзіла.

Гл. таксама • З Саюзу беларускіх пісьменьнікаў выключылі 12 “раскольнікаў” (фота) • Старшыня новага пісьменьніцкага саюзу Мікалай Чаргінец: “Я быў выхаваны ва ўмовах рускамоўя, я ніколі сябе не лічыў беларусам”
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG