Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Рэдактару часопісу “Magazyn Polski” вярнулі пашпарт


Сяргей Астраўцоў, Горадня Сёньня ў Ленінскім АВІРы ў Горадні галоўнаму рэдактару часопіса Андрэю Пачобуту вярнулі пашпарт, у якім стаіць гербавая пячатка з надпісам ад рукі “часова абмежаваны выезд за мяжу” і подпісам начальніка абласнога АВІРу Грыгор’ева. Журналіст лічыць, што такім чынам міліцыянты спадзяюцца перашкодзіць яму ў спробе паехаць у Польшчу цераз Украіну.

Спадару Пачобуту раней анулявалі штамп у пашпарце, які дазваляе выезд “ва ўсе краіны сьвету”. Гэта было зроблена, каб актывіст непрызнаванага ўладамі Саюзу палякаў ня езьдзіў у Польшчу. Не зважаючы на гэта, журналіст трапіў у Варшаву праз Расею ды Украіну.

Калі ён вяртаўся з Польшчы дахаты — 20 кастрычніка на памежным пераходзе “Брузгі” беларускія памежнікі забралі ў яго пашпарт.

Андрэй Пачобут мяркуе, што пашпарт удалося вярнуць дзякуючы міжнароднаму розгаласу. Штамп на выезд за мяжу скасавалі апроч яго таксама тром ягоным калегам па СПБ — Юзафу Пажэцкаму, Веславу Кеўляку і Анджэю Пісальніку.

Міліцыянты патлумачылі, што гэта зроблена таму, што чатыры актывісты Саюзу палякаў зьяўляюцца падазраванымі ў крымінальнай справе аб запалохваньні спадара Богдана — дырэктара шчучынскага Дому польскага. Сьледзтва па гэтай справе працягнута да 27 сьнежня.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG