Аднак напярэдадні генэральны дырэктар маскоўскага каналу Алег Папцоў абвергнуў факт удзелу “ТВЦ” у конкурсе Эўракамісіі, назваўшы цьверджаньне “абсурдным”. Сёньня гэта пацьвердзілі ў аддзеле грамадзкіх сувязяў “ТВ-Центр”.
(Прадстаўніца “ТВЦ”: ) “Ды не, вы ведаеце, мы ня бралі ўдзелу ў тэндэры. Гэта памылка, мы ў конкурсе ня ўдзельнчалі, гэта абсалютна дакладна”.
(Карэспандэнт: ) “Можа, у Расеі ёсьць які іншы “ТВ-Центр”, ці наўрад ці?”
(Прадстаўніца “ТВЦ”: ) “Не-не. Гэта абсалютна дакладна, таму што якраз учора мы давалі абвяржэньне з гэтай нагоды. Таму гэта памылка тых, хто пра гэта абвясьціў. Мы адназначна ня бралі ўдзелу ў тэндэры і нават не выказвалі намеру ў ім удзельнічаць”.
У офісе “ТВЦ” не выключаюць, што фармальна можа існаваць і іншы суб’ект тэлегаспадаркі з падобнай шыльдай, але пра “Центр-ТВ” у кампаніі Папцова нічога ня ведаюць. Праўда, у Інтэрнэце на запыт “Центр-ТВ” пошукавая сыстэма ўпарта адсылае на “ТВ-Центр”. Варта нагадаць: летам кіраўнік “ТВЦ” Алег Папцоў асабіста прыяжджаў у Менск, каб у рамках свайго дакумэнтальнага нарысу запісаць інтэрвію з Лукашэнкам. Адразу ж пасьля гэтага было падпісанае пагадненьне аб стварэньні каналу “ТВЦ-Бел”, які наўпрост акрэсьліваў сваёй мэтай падтрымку палітычных высілкаў беларускіх уладаў.
У Зігмара Ліепіньша, прэзыдэнта рыскага Радыё SWH, якое выйшла ў другі этап конкурсу Эўракамісіі, я пацікавіўся, як будуць разгортвацца падзеі вакол тэндэру бліжэйшым часам.
(Ліепіньш: ) “Да 9 сьнежня мы мусілі даслаць прапановы наступнага этапу, да 15 сьнежня павінен адбыцца дыялёг з камісіяй, а да 21-га ўжо будуць абвешчаныя вынікі. Тэмп проста жахлівы. Калі былі атрыманыя вынікі першай часткі, фармальна перапынак мусіў складаць 90 дзён. А тут нават і 30 няма”.