Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лекарам забароняць падпрацоўваць?


Іна Студзінская, Менск Міністар аховы здароўя Людміла Пастаялка, выступаючы ў Палаце прадстаўнікоў, нядаўна заявіла: “Неабходна вызначыцца, дзе ты працуеш: альбо ў прыватнай мэдыцыне, альбо ў дзяржаўнай… Да канца году гэтыя пытаньні будуць вырашаныя”. Што адбудзецца, калі мэдыкам давядзецца рабіць такі выбар?

Не сакрэт: бальшыня мэдыкаў, высакаклясных спэцыялістаў шукаюць дадатковага заробку. Раней гэта былі выключна дадатковыя начныя дзяжурствы, падпрацоўка на станцыі хуткай дапамогі. Потым зьявіліся недзяржаўныя мэдычныя установы, дзе часьцей за ўсё лекары працуюць па сумяшчальніцтву, не пакідаючы асноўнай працы.

Па розных ацэнках, ад 2 да 3 тысяч мэдыкаў у Беларусі маюць сумяшчальніцтва ў прыватных цэнтрах. Як правіла, гэта вельмі добрыя спэцыялісты. Вось што наконт заявы міністра сказаў мне лекар, які працуе ў звычайнай раённай клініцы і практыкуе ў недзяржаўнай.

(Лекар: ) “Па-першае, гэта будзе датычыцца найбольш адукаваных, кола найбольш высокапрафэсыйных лекараў, якія працуюць паралельна яшчэ дзесьці. Звычайна, калі ты працуеш у прыватным мэдычным цэнтры і людзі да цябе прыходзяць за грошы, то там і фармальна патрабуецца дастаткова высокая кваліфікацыя – першая ці вышэйшая катэгорыя, і плюс адпаведна ты мусіш быць дастаткова аўтарытэтным спэцыялістам”.

Амаль усе лекары вышэйшай катэгорыі, прафэсары, дацэнты, якія кансультуюць у недзяржаўным сэктары, працуюць у клініках. А пры цяперашнім стаўленьні чыноўнікаў ад мэдыцыны да прыватных цэнтраў (узгадаем нядаўнія праблемы “Нардзіну” ці “Экамэдсэрвісу”) наўрад ці хтосьці з высокаклясных спэцыялістаў нават пры абяцаньні высокага заробку пагадзіцца звольніцца зь дзяржаўнай клінікі. Вось які прагноз выказаў практыкуючы лекар:

(Лекар: ) “Гэта таксама вельмі моцна адаб’ецца на недзяржаўных мэдычных цэнтрах, але не такіх вялікіх, як, да прыкладу, “Экамэдсэрвіс”, “Нардзін” альбо “Ладэ”, а больш дробных. Фактычна яны існуюць толькі за конт таго, што лекары сумяшчаюць працу там з працай у дзяржаўных структурах. І ясна, што большасьць зь іх будзе выбіраць дзяржаўныя структуры, улічваючы тое, што ў недзяржаўных цэнтрах бываюць вельмі вялікія праблемы, як гэта было з “Нардзінам” і “Экамэдсэрвісам”. У выніку, я думаю, без асаблівых праблемаў застануцца прыватныя буйныя мэдычныя цэнтры, а астатнія паступова будуць мець праблемы з пэрсаналам”.

Што да заробкаў лекараў дзяржаўных установаў, прывяду некалькі лічбаў: у прафэсара-анколяга вышэйшай катэгорыі, з 25-гадовым стажам, аклад 485 тысяч плюс 174 тысячы даплата “за шкоднасьць” і доктарскую ступень – усяго 659 тысяч (300 даляраў). Кардыёляг з 10-гадовым стажам першай катэгорыі – 237 тысяч аклад, плюс столькі ж за катэгорыю, навуковую ступень кандыдата, стаж. Прыкладна 220 даляраў. Звычайны малады спэцыяліст, які толькі пачынае працаваць у сталіцы, – 300 тысяч. Так што без падпрацоўкі вельмі цяжка.

Зразумела ж, не ад добрага абслугоўваньня, пры гарантаванай Канстытуцыяй бясплатнай мэдыцыне, чалавек гатовы плаціць грошы, і часам немалыя, за сваё здароўе…Таму хвораму чалавеку давядзецца яшчэ больш плаціць. І адаб’ецца гэта на ягонай кішэні. Давайце зноў паслухаем меркаваньне лекара.

(Лекар: ) “З-за таго, што людзі ня змогуць легальна працаваць, яны будуць працаваць нелегальна. Кліенцкая база іхняя нікуды не зьнікне, і я думаю, проста лекары будуць вымушаныя больш браць. Больш браць такім неафіцыйным парадкам, і калі да цябе зьвяртаецца твой пастаянны пацыент, які да цябе рэгулярна ходзіць, і калі ты нават не працуеш ужо ў гэтым “Экамэдсэрвісе” ці іншым цэнтры, таму што ты вымушаны звольніцца адтуль, ты ж яго ўсё роўна прымеш. У свой працоўны час ці неяк інакш…”

Ну а дзяржаўныя клінікі, лякарні будуць, хутчэй за ўсё, адкрываць гаспадарча-разьліковыя аддзяленьні. І прымушаць мэдыкаў падпрацоўваць там за значна меншыя грошы...
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG