Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пяшчота ў раньнім дзяцінстве – важны фактар для здаровага разьвіцьця мозгу


Кастусь Бандарук, Прага Новая перадача сэрыі “Навіны сучаснай мэдыцыны”. У сёньняшнім выпуску: падвышаная трывога у дарослых зьвязаная з адсутнасьцю пяшчоты ў дзяцінстве. У выніку – стрэс і праблемы ва ўзаемадачыненьнях.

Дэфіцыт пяшчотнасьці і ўвагі незаўважна зьмяняе разьвіцьцё мозгу ў дзяцей, і пазьней у іх можа выявіцца трывога і няздольнасьць фармаваць ўзаемадачыненьні зь людзьмі – гаворыцца ў часопісе амэрыканскай Нацыянальнай Акадэміі навук.

Псыхоляг з Унівэрсытэту штату Віскансын доктар Сэт Полак і ягоныя калегі параўналі разьвіцьцё дзяцей, якіх выхоўваюць іхныя біялягічныя бацькі, з разьвіцьцём дзяцей усыноўленых амэрыканскімі бацькамі ў дзіцячых прытулках Расеі і Румыніі. “Калі дзеці з прытулкаў былі немаўлятамі, вакол іх было мала дарослых і рэдка калі нехта адклікаўся на патрэбы гэтых дзяцей”, – кажа доктар Полак.

Сярэдні ўзрост дзяцей ў групах складаў 4,5 году, а сіроты прабывалі ў прыёмных бацькоў ў сярэднім 2 гады і 10 месяцаў. 18 з 39 абсьледаваных дзяцей былі ўзятыя з прытулкаў. Прыёмныя бацькі прысьвячалі ім шмат увагі, сачылі за імі, калі яны гулялі ў розныя гульні і бралі іх на калені. Да і пасьля гэтага фізычнага кантакту ў дзяцей бралі аналізы мачы, каб праверыць узровень двух гармонаў: вазапрэсыну, які, як мяркуецца, дапамагае пазнаваць прысутных людзей і жыць ў сацыяльных групах, і аксытацыну, які выклікае пачуцьцё бясьпекі ды зьніжае ўзровень стрэсу.

У дзяцей з прытулкаў першапачатковы ўзровень вазапрэсыну быў ніжэйшы, чым у дзяцей, якія жылі са сваімі біялягічнымі бацькамі. Узровень аксытацыну пасьля таго, як іх прылашчыла прыёмная маці не падвышаўся. “Паказальна, што дэфіцыт гэтых гармонаў прывязанасьці назіраецца і сёньня пасьля таго, як дзеці правялі па тры гады ў любячых сем’ях”, – адзначыла Тэры Мофіт псыхоляг у галіне разьвіцьця з Каралеўскага Коледжу ў Лёндане. “Застаецца адказаць на пытаньне, ці гарманальны дэфіцыт застанецца на даўжэйшы час, калі дзеці падрастуць”.

Вучоныя мяркуюць, што ў выніку адсутнасьці цеснага кантакту з дарослымі адразу пасьля нараджэньня, пэўныя структуры мозгу ў гэтых дзяцей так і не фармуюцца ў поўнай ступені. “Прынята лічыць, што ў мозгу ўсё пераплецена ад пачатку, аднак цяпер ёсьць падставы меркаваць, што сацыяльнае дасьведчаньне пасьля нараджэньня надзвычай важнае для адкрыцьця пэўных каналаў і ўмацаваньня ў мозгу злучэньняў з гэтымі гармонамі”, – заявіў доктар Полак.

Вучоныя маюць намер правесьці новае дасьледаваньне з удзелам гэтых дзяцей, каб пацьвердзіць альбо адкінуць гэтую гіпотэзу. “У кожным разе мы павінны прысьвячаць вельмі шмат увагі дзецям, якія нарадзіліся ў атмасфэры пазбаўленай любові і пяшчоты”, — кажа Сэт Полак. Аднак ён мяркуе, што празьмернаае прылашчваньне дзяцей можа выклікаюць ў іх нездаровую залежнасьць ад такіх паводзінаў ў іхнім дарослым жыцьці.

“Частка мозгу, якая зьяўляецца рэцэптарам аксытацыну, адначасова зьяўляецца цэнтрам задаволеньня зьвязаным з залежнасьцю ад наркотыкаў. Магчыма, блізкія і прыемныя адносіны выклікаюць залежнасьць, якая прымушае нас ісьці і шукаць нешта аналягічнае ў нашым дарослым жыцьці”, – выказвае меркаваньне доктар Полак.

А зараз некалькі апошніх навінаў з галіны мэдыцыны:

– Як паведамляецца ў часопісе “Science”, амэрыканскія навукоўцы з Стэнфардзкага ўнівэрсытэту выявілі гармон, які ўтаймоўвае апэтыт. Субстанцыя атрымала назоў “абэстатын”. Вучоныя лічаць, што за вытворчасьць гэтага гармону адказвае той самы ген, ад якога залежыць прадукцыя супрацьлеглага гармону – “грэліну”. Навукоўцы вырасьцілі сынтэтычны эквівалент абэстатыну і выпрабавалі яго на пацуках. Цягам тыдня грызуны згубілі 20% сваёй вагі. Навукоўцы лічаць, што лепшае разуменьне ролі абэстатыну ў рэгуляваньні апэтыту і масы целы дапаможа ў барацьбе з атлусьценьнем у людзей.

– Чым меней Вы задаволеныя сваёй працай, тым болей Вы схільныя да розных хваробаў, у прыватнасьці, да дыябэту і хваробаў сэрца. Дасьледаваньне амэрыканскіх вучоных паказала, што перашакрыніцай шматлікіх хваробаў зьяўляюцца дэпрэсія і стрэс. У крыві людзей, якія незадаволеныя сваёй працай значна вышэйшы чым звычайна ўзровень фібрынагену і так званых “рэактыўных” бялкоў, якія зьяўляюцца паказчыкамі вострых запаленчых працэсаў. Брытанскія навукоўцы, якія правялі аналягічнае дасьледаваньне выявілі, што асноўнымі прычынамі незадавальненьня на працы зьяўляюцца нізкія заробкі, адсутнасьць пэрспэктывы кар''ернага росту і дрэнныя адносіны з начальствам ды калегамі.

– “Траціну выпадкаў сьмерці ад раку можна было б прадухіліць, калі б людзі адмовіліся ад дрэнных звычак” – лічаць навукоўцы з Гарвардзкага ўнівэрсытэту. Штогод у сьвеце ад раку паміраюць каля 7 мільёнаў чалавек. Дасьледчыкі на чале з доктарам Маджыдам Эзаці назвалі 9 асноўных чыньнікаў захворваньняў на рак. Галоўныя сярод іх: курэньне, злоўжываньне алькаголем, незбалянсаванае харчаваньне, атлусьценьне, сэкс без засьцерагальных сродкаў і адсутнасьць фізычных практыкаваньняў.

– Найбуйнейшая ў сьвеце фармацэўтычная кампанія “Pfizer” правяла клінічныя дасьледаваньні новага прэпарату, які дапамагае курцам пазбавіцца ад нікатынавай залежнасьці. Прэпарат, які атрымаў назву “Варэніклін”, дзейнічае непасрэдна на мэханізм фармаваньня нікатынавай залежнасьці ў мозгу. Трохмесячнае дасьледаваньне паказала, што “Варэніклін” значна больш эфэктыўны за шырока ўжываны цяпер прэпарат “Зібан”. У праведзеным экспэрымэнце курыць кінулі 44% тых, хто прымаў “Варэніклін”, а “Зібан” дапамог кінуць паліць 30% курцоў.
XS
SM
MD
LG